Каліфарнійцы прапанавалі аперацыю па змене колеру вачэй на блакітны
Цана пытання — 5 тысяч даляраў, але аперацыя пакуль не дазволеная ў ЗША.
Медыцынская кампанія Strōma з каліфарнійскага горада Лагуна-Біч прапанавала працэдуру па выдаленні лазерам пігменту ў вачох. Па аперацыі радужная абалонка набудзе блакітны колер, распавядае CNET.
У час аперацыі лазер уплывае на меланін — пігмент, якога многа ў карых вачох, мала ў зялёных і няма ў блакітных.
Працэдура доўжыцца 30 секунд. Падчас яе пацыенту фіксуюць галаву і паказваюць анімацыю на адмысловым экране на адлегласці 30 сантыметраў. Цана аперацыі — 5 тысяч даляраў.
Колер вачэй мяняецца не імгненна, лазер выклікае ў арганізме працэсы, праз якія вочы пачнуць святлець цягам некалькіх тыдняў.
На сёння працэдура не дазволеная на дзяржаўным узроўні ў ЗША, але праводзіцца па-за межамі краіны.
Некаторыя крытыкі кажуць, што аперацыя можа стаць прычынай пігментальнай глаўкомы. Аперацыя будзе дазволеная ў ЗША толькі пасля маштабных медыцынскіх тэстаў.
***
Блакітныя вочы распаўсюджаныя найбольш сярод еўрапейцаў. Блакітны альбо сіні колер вачэй мае абсалютная большасць эстонцаў.
Каментары