Нерухомасць1111

Спікер Андрэйчанка прыватызаваў апартаменты коштам $400 тысяч: падрабязнасці

Да трохпакаёўкі ў Драздах ён дадаў і ўчастак у Вяснінцы.

Чатыры аднолькавыя дамы па вуліцы Піянерскай у Мінску закрытыя ад вачэй мінчукоў сцяной забаўляльнага цэнтра, які належыць Юрыю Чыжу.

Суседства з «Арэна-Сіці» наўрад ці даспадобы гаспадарам элітнага жылля. Купляючы свае кватэры, яны разлічвалі бачыць за вокнамі ззянне праспекта Пераможцаў, а не грузавікі, якія завозяць прадукты ў «Прастор».

Адметнасць дамоў — закрытая па перыметры ўнутраная пляцоўка. Дзеці гуляюцца за невысокім плотам, ніхто чужы да іх не падбярэцца, хіба што праз падземны паркінг. Кожнаму гаспадару выдзеленая прастора на стаянцы, а некаторым і па два месцы.

Прыватныя дамы ад «свайго» забудоўшчыка

Дамы з’явіліся ў канцы 2000-х, забудоўшчыкам быў «Трэст Прамбуд». Гэта кампанія, якая ў свой час паўстала ў шчыльным супрацоўніцтве з дзяржаўным «Мінскбудам», але фармальна з’яўляецца закрытым акцыянерным таварыствам.

Галоўным праектам «Трэста Прамбуд» была забудова раёна Дразды катэджамі для лукашэнкаўскіх чыноўнікаў. Генеральнаму дырэктару кампаніі Віктару Мазоўку і самому дазволілі пасяліцца паміж міністраў. Дамы па Піянерскай знаходзяцца якраз праз дарогу ад тых наменклатурных кварталаў.

Кватэры тут займелі многія беларускія бізнэсмены, а таксама спартсмены.

У 2008 годзе барысаўскі БАТЭ ўпершыню трапіў у Лігу чэмпіёнаў, а таму гульцы і трэнеры масава ўкладалі атрыманыя прызавыя грошы ў нерухомасць.

Ніякіх ільготнікаў тут няма, гаспадары набывалі жыллё ў «Трэста Прамбуда» па камерцыйнай цане. Але цікавасць выклікае толькі некалькі кватэр.

Вялізная трохпакаёўка агульнай плошчай 114 м2 належыць Уладзіміру Андрэйчанку, які раней кіраваў Віцебскай вобласцю, але ўжо шосты год узначальвае палату прадстаўнікоў.

фота Tut.by

На куплю кватэры яму магло б хапіць стабільна высокага заробку. Раз на чатыры гады, балатуючыся ў парламент, Андрэйчанка публікуе сваю дэкларацыю аб даходах. Дык вось, у 2007, яшчэ ў статусе віцебскага губернатара, ён у сярэднім меў па $2100 за месяц. А ў 2011 Андрэйчанка-спікер задэклараваў штомесячныя $2250. Два дзесяцігоддзі на высокіх пасадах дазволілі б яму адкласці грошы фактычна на любое жыллё ў Беларусі.

Аднак, паводле дадзеных Нацыянальнага кадастравага агенцтва, сваю элітную кватэру Андрэйчанка… прыватызаваў! Яшчэ ў кастрычніку 2010 года.

Службовае жыллё для эліты

У 1999 Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №286 «Аб стварэнні спецыяльнага службовага жыллёвага фонду».

У ім быў складзены спіс чыноўнікаў, якія маглі прэтэндаваць на службовае жыллё на час працы ў дзяржаўных органах «у мэтах забеспячэння належных умоў для выканання імі службовых абавязкаў, забеспячэння іх бяспекі і аховы дзяржаўных сакрэтаў».

У рэспубліканскі спіс трапілі каля дваццаці пасадаў (ад прэзідэнта да старшыні Нацбанка), а таксама дэпутаты абедзвюх палатаў парламента.

Андрэйчанка мог прэтэндаваць на такое службовае жыллё і калі кіраваў Віцебшчынай, і калі пераехаў у парламент. Для дэпутатаў з рэгіёнаў у Мінску выдзеленыя два дамы каля вуліцы Чырвонаармейскай на беразе Свіслачы. Але пасяліць «народных выбраннікаў» маглі і ў любой іншай свабоднай службовай кватэры. Ці магла прыватызаваная кватэра Андрэйчанкі быць «дэпутацкай»?

У законе «Аб прыватызацыі жыллёвага фонду», які дзейнічаў на тэрыторыі краіны ад 1992 да 2013 года (летась ён страціў сілу пасля з’яўлення Жыллёвага кодэкса), адназначна сказана:

жылыя памяшканні спецыяльнага службовага жыллёвага фонду не падлягаюць прыватызацыі.

Цана — $400 тысяч

«Прыватызацыя» кватэры азначае, што раней яна была дзяржаўнай. Але адкуль узялася дзяржаўная кватэра ў прыватным доме?

Як тлумачаць юрысты, усе забудоўшчыкі перадаюць некалькі кватэр у пабудаваным доме муніцыпальным уладам. Гэтую нерухомасць звычайна прапануюць тым, чыё жыллё пайшло пад знос. Магчыма, кватэра Андрэйчанкі трапіла ў дзяржаўную ўласнасць менавіта па такой схеме. Але і ў такім выпадку спікер не мог прэтэндаваць на яе атрыманне.

У дакументах Нацыянальнага кадастравага агенцтва не ўдакладняецца, была прыватызацыя платнай ці бясплатнай.

Затое можна падлічыць цяперашні прыблізны кошт жылля Андрэйчанкі. На продаж выстаўленыя з дзясятак кватэр у гэтым і суседніх дамах. Квадратны метр у іх каштуе ад $2800 за голыя сцены да $5000 за дызайнерскі рамонт.

Нават калі ўзяць сярэднюю цану, то прыватызаваная трохпакаёўка Андрэйчанкі каштуе больш за $400 тысяч.

* * *

У лістападзе 2011 года Андрэйчанка атрымаў ад Мінгарвыканкама яшчэ і зямлю пад будаўніцтва катэджа ў Вяснінцы, гэта 1 км ад сваёй кватэры ў Драздах.

* * *

Уладзімір Андрэйчанка нарадзіўся ў 1949 у вёсцы Мар’янава Лёзненскага раёна. Скончыў Лужаснянскі сельгастэхнікум (1968), Велікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут (1977), Мінскую вышэйшую партыйную школу (1988). Пасля службы ў войску працаваў аграномам. У 1972—1975 — інструктар у Лёзненскім райкаме камсамола, а пасля ў райкаме КПБ. У 1975—1978 — сакратар парткама саўгаса «Адаменка», у 1978—1981 — старшыня калгаса імя Данукалава Лёзненскага раёна. У 1981—1985 — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Лёзненскага райвыканкама, у 1985—1987 — старшыня райвыканкама. У 1987—1991 гадах — старшыня Верхнядзвінскага райсавета, першы сакратар Верхнядзвінскага райкама КПБ. У 1991—1994 — намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама па сельскай гаспадарцы, у 1994—2008 — старшыня Віцебскага аблвыканкама. З 2008 — старшыня палаты прадстаўнікоў.

Каментары11

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах11

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах

Усе навіны →
Усе навіны

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі9

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў6

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах11

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах

Галоўнае
Усе навіны →