Аўто1010

Паліўны кароль Аляксандр Цэнцер: Я езджу на працу на ровары

Чым « лупаты» электрамабіль лепшы за прэміум-брэнд, ці выгадна гандляваць палівам на АЗС і ці мае рацыю Біл Гейтс, распавядае старшыня праўлення групы кампаній «А-100» Аляксандр Цэнцер.

Вокны кабінета Аляксандра Цэнцера — бізнэсмэна, які заняў 51 месца ў спісе «200 самых паспяховых і ўплывовых бізнэсмэнаў Беларусі — 2011», паводле версіі «Ежедневніка» — выходзяць на АЗС «А-100», Віцебскую трасу і аўтамабільную паркоўку са старэнькім бензавозам савецкай вытворчасці. Сёння гэты ГАЗ — частка гісторыі найбуйнейшай прыватнай кампаніі па гандлі нафтапрадуктамі.

— Скончыўшы БДПА, наваяўлены інжынер-механік даволі хутка сышоў у бізнэс. Адчуў, што ў «ліхія 90-я « можна зарабіць?

— Я інжынер ў трэцім пакаленні — пасля бацькі і дзеда — і лічу сябе інжынерам да гэтага часу. У 90-я многія мянялі працу — настаўнікі, дактары. Прапрацаваўшы год у канструктарскім бюро, я зразумеў, што гэтая дзейнасць не запатрабаваная і азірнуўся паглядзець, што адбываецца навокал.

— Запраўкі сталі першым з трох напрамкаў дзейнасці групы кампаній «А-100»: сетка з 28 АЗС «Астратрэйдынг», інвестыцыі ў нерухомасць «А-100 Дэвелапмент», сетка кафэ «Асторэс». На продажы паліва лягчэй за ўсё зарабіць?

— Не, выбар звязаны з інжынернай адукацыяй, акрамя таго я з дзяцінства цікавіўся палівам. Добра памятаю кнігу, падораную бацькам, — «Хімматалогія паліваў і змазачных вадкасцяў», якую чытаў падлеткам. І калі разам з набыццём незалежнасці ў краіне пачаліся праблемы з палівам, аказалася, што тэма гэтая мне цікавая — не столькі выгадная, колькі цікавая.

— Давялося пачуць меркаванне, быццам бы назва групы кампаній «А- 100» утворана ад першай літары вашага імя і трансфармаванага прозвішча (цэнтнер — 100 кг?). Гэта праўда?

— Не. А-100 — назва ідэальнага бензіну. Мы тады яшчэ не ведалі, што бензін з актанавай колькасцю 100 існуе, проста імкнуліся да ідэалу. Цяпер кампанія прадае авіяцыйнае паліва з актанавым лікам 100.

— Атрымаўшы ў пачатку 2013 года крэдыт у 10 мільёнаў даляраў у Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, група кампаній «А-100» пачала актыўна набываць запраўкі, узяць хаця б брэсцкую сетку «Галон». У пачатку бізнесу, калі грошай было менш, АЗС бралі ў арэнду?

— Мы пачалі з продажу паліва праз перасоўную заправачную станцыю — бензавоз ГАЗ-53 выпуску пачатку 80-х, празваны «Зінка». Аўтамабіль з цыстэрнай ў 4620 л штораніцу запраўлялі на нафтабазе, а потым гандлявалі палівам. Сёння гэты бензавоз стаіць на пляцоўцы каля офіснага будынка кампаніі, ён — адзін з экспанатаў нашага будучага музея.

-— Гандаль нафтапрадуктамі знаходзіцца пад пільным кантролем дзяржавы, якая не надта ахвотна пускае сюды прыватнікаў. А ў вас атрымалася не толькі ўвайсці ў запраўны бізнэс, але яшчэ і стаць першым прыватнікам. Складаная гэта справа?

— Напрамкаў ў тыя гады было некалькі, займаліся ўсім, што падвернецца. Памятаю, мае партнёры запэўнівалі, што гандаль палівам нерэнтабельны і неперспектыўны, прапаноўвалі заняцца тэлевізарамі або мясам. Знаёмыя, якія гандлявалі снікерсамі, багацелі на вачах, куплялі новыя дарагія машыны. А ў нас — гайкі, змазкі, капейкі.

— Затое сёння ўсё змянілася…

— Толькі прайшло 20 гадоў. Не думаю, што гандаль нафтапрадуктамі ўваходзіць у дзясятку найбольш прыбытковых бізнэсаў. Калі б пытанне, брацца за гэтую справу ці не, стаяла сёння, не думаю, што ўзяліся б.

— Але на першы аўтамабіль зарабілі менавіта дзякуючы паліўнаму бізнэсу?

— На «Масквіч 2141» збіраў пачынаючы з шабашак і будатрадаў. Каштаваў ён 3000 савецкіх рублёў, быў доўгім, цяжкім і вельмі павольна разганяўся. Кожны раз, калі на шашы трэба было абагнаць грузавік, я доўга думаў, ці варта гэта рабіць. Даходы ў тыя часы былі невялікімі і часам меншымі, чым у супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў. Памятаю свой першы буйны заробак — 250 даляраў.

«Масквіч» прадаў, каб купіць бензавоз. Наступную машыну — VW Golf сам прыгнаў з Германіі. Ледзь не 20-гадовы, ён быў з аўтаматычнай каробкай перадач — вялікая рэдкасць па тых часах. Паездзіўшы год-паўтара, купіў новую Toyota Corolla залацістага колеру ў кузаве ўніверсал. Гэта была падзея: у сярэдзіне 90- х у нас яшчэ не было салонаў, а машыны ганялі, калі не памыляюся, з Фінляндыі.

-— І вы тут жа сталі паважаным чалавекам у краіне, дзе новыя іншамаркі лічыліся рэдкасцю?

— Не. «Правільныя пацаны» ездзілі на BMW і Mercedes, Toyota мая каціравалася на ўзроўні цяперашняй KIA. Аднак тыя, хто шануе грошы і мае патрэбу ў надзейных аўтамабілях, купляюць, у першую чаргу, працоўнага коніка. Я аддаю перавагу японскім машынам.

-— Ці лічыце Toyota самай надзейнай?

— Я фанат гэтай маркі і лічу яе найлепшай. За ўвесь час у мяне было 5—6 аўтамабіляў Toyota.

-— Ваш цяперашні аўтамабіль — Toyota таксама?

— Не,Infinity.

-— Чалавек, які трапіў у топ-200 па версіі «Ежедневніка», вырашыў, нарэшце, перасесці на прэміум-клас?

— Не. Куды часцей я езджу на службовым электрамабілі Nissan Leaf, які лічу і самым прэстыжным, і прыемным. Меркаванняў, быццам машына павінна быць статуснай, не прытрымліваюся. Але Infinity патрэбны, паколькі ў сям’і чацвёра дзяцей. Калі я купляў гэты аўтамабіль, у Toyota не было неабходнай колькасці месцаў.

— Ці бачыце дзяцей у сваім бізнэсе?

— Яны павінны вызначыцца і самастойна знайсці месца, на якім пачуваюцца камфортна. А для гэтага адзін шлях — вучыцца. Сёння ў нашым бізнэсе хапае таленавітых людзей, стратэгічнай мэты ўвесці ў яго сваіх дзяцей не стаўлю.

— Але ж, напэўна, хтосьці з іх ужо цікавіцца машынамі або запраўкамі?

— Ні ў кога няма вадзіцельскага пасведчання — старэйшай дачцэ хутка 18 гадоў, і я не ўпэўнены, што, нягледзячы на навыкі кіравання аўтамабілем, у іх ёсць нейкія перавагі. Першы аўтамабіль, калі стане пытанне куплі, будзе патрыманым і бюджэтным, суразмерным з тымі, на якіх пачынаў я.

— А вось мне здавалася, што заможныя людзі дораць дзецям новыя і дарагія аўтамабілі не толькі з-за статусу, але яшчэ і надзейнасці…

— Дарыць дзецям машыны не збіраюся. Ведаеце, як у Бібліі: « Я дам вам не рыбу, але вудзільна». Так, сям’я павінна ездзіць на надзейных і бяспечных аўтамабілях. Але любая машына — кансервавая бляшанка, бяспека якой вызначаецца, у першую чаргу, паводзінамі кіроўцы. Дарэчы, больш сціплая машына і правакуе на дарозе менш.

— « Я ўпэўнены, што аддаць грошы маім дзецям —— не лепшая ідэя. Гэта не было б карысна ні для саміх дзяцей, ні для грамадства», — сказаў Біл Гейтс. Ці падтрымліваеце гэтага і іншых вядомых багатых людзей, якія заявілі, што не пакінуць дзецям спадчыну?

— Я на гэтую тэму яшчэ не думаў — грошай не так шмат, як у Біла Гейтса, іх пастаянна не хапае для развіцця. Ці даваць дзецям грошы — пытанне педагагічнае, мяркую, што іх трэба навучыцца зарабляць, усё роўна — шмат ці мала, галоўнае, каб цябе за гэта паважалі. І трэба крыху пачакаць, каб даведацца, што за людзі вырастуць з дзяцей Гейтса.

— Якога ўзроўню павінен дасягнуць кіраўнік кампаніі, які кіруе аўтамабілем самастойна, каб саромецца перад партнёрамі, якіх на дзелавую сустрэчу прывёз кіроўца?

— Мне падабаецца чытаць навіны, скажам, пра дырэктара буйнога банка Амстэрдама, які прыязджае на працу на ровары. Я сам езджу на працу на ровары і лічу, што прыехаць на сустрэчу на аўтамабілі перадавых тэхналогій, электрамабілі, значна круцей, чым сядзець на пасажырскім месцы дарагой машыны.

— Іншымі словамі, NissanLeaf лепшы за Infinity?

— Infinity і побач не стаяў у параўнанні з лупаценькім NissanLeaf! З аднаго боку — вялікі матор, які спажывае 16 літраў на 100 км, з другога — перадавыя тэхналогіі, экалагічнасць і ментальны эфект. Гэта як паляцець па турпуцёўцы ў космас, зрабіць гучны выклік. Падчас перамяшчэння на NissanLeaf па горадзе прыкладна 1—2 кіроўцы з сотні звяртаюць на яго ўвагу і ўхвальна паказваюць вялікі палец. Яны разумеюць, што гэта будучыня, экалогія.

— БДПА, дзе вы вучыліся, лічыцца рэкардсменам па ліку выпускнікоў, якія сталі бізнэсмэнамі. Прычына поспеху — у вывучэнні дакладных навук?

— Не, гэта проста самая вялікая ВНУ. Акрамя таго, лічыцца, што найбольш прагматычныя людзі не выдатнікі, а троечнікі. Выдатнікі ішлі ў БДУ, а прыземленыя людзі, рэалісты — у РТІ і палітэх.

— Няўжо ў школе вы былі троечнікам?

— Не, у маім атэстаце толькі пяцёркі, хоць залатога медаля я не атрымаў. У інстытуце было па-рознаму: цікавыя мне тэхнічныя прадметы і інжынерныя навукі вучыў, палітэканомію і марксізм-ленінізм — не. Шкадую, што не займаўся мовамі — пазней давялося наганяць.

— Сярод выпускнікоў БДПА такія людзі, як Юры Чыж (Трайпл), Віталь Арбузаў (Fenox Global Group), Сяргей Савіцкі (Атлант -М), Упендра Махата (Амкадор). Ці былі знаёмыя з імі падчас вучобы і ці падтрымліваеце адносіны цяпер?

— З Арбузавым знаёмы, з Чыжом сустракаўся, Савіцкага не ведаю. У лік маіх сяброў гэтыя людзі не ўваходзяць. Падтрымліваю стасункі з тымі, хто падзяляе мае захапленні — авіяцыю і ровары. Нам цікава размаўляць, а гэта ні ад статусу, ні ад брэнду гадзінніка на тваёй руцэ не залежыць. Названыя вамі — работнікі і ў вельмі добрым сэнсе прадпрымальнікі. Веру, што такія, як яны, куюць будучыню нашай краіны.

Каментары10

Вось колькі байцоў Пуцін паклаў за два гады штурмаў Вуглядара8

Вось колькі байцоў Пуцін паклаў за два гады штурмаў Вуглядара

Усе навіны →
Усе навіны

У летніх патопах у Мінску вінавата таксама будаўніцтва метро2

«Добраахвотна і свабодна пакінуў Беларусь». Балгарыя адмовіла беларускаму ЛГБТ-актывісту ў атрыманні статусу ўцекача2

У выніку крушэння расійскага верталёта ў Пакістане загінуў беларус1

У Беларусі закрыліся прыватныя дамы састарэлых. Што прапануюць улады?3

Беларус з ЗША расказаў, як беларусы пераадольваюць наступствы маштабнага ўрагану і як дапамагаюць іншым

Навукоўцы вырасцілі вымерлае біблейскае дрэва з семені, якое праляжала тысячу гадоў1

Споўнілася 100 гадоў экс-прэзідэнту ЗША Джымі Картэру2

Беларуская мастачка з 12-гадовым сынам на эміграцыі трапіла ў бяду

У Мінску зноў можна рэгістраваць ІП

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось колькі байцоў Пуцін паклаў за два гады штурмаў Вуглядара8

Вось колькі байцоў Пуцін паклаў за два гады штурмаў Вуглядара

Галоўнае
Усе навіны →