«Беларусам будзе вельмі сорамна ды горка за тое, што яны не здолелі нічога зрабіць». Гутарка з музыкам Сяргеем Бабкіным
Голас Сяргея Бабкіна — адзін з самых пазнавальных на постсавецкай музычнай прасторы, звязанай з рэгі, джазам ды фанкам. Нядаўна лідар гурта 5’Nizza перазапісаў свой хіт «Я салдат», які стаў ледзь не одай украінскім вайскоўцам. У размове з «Нашай Нівай» Бабкін разважае пра вайну, суседзяў, якія яе распачалі, рускую мову ды беларусаў, што таксама да канфлікту спрычыніліся.
Сяргей Бабкін: Да нядаўняга часу шчыра ды ўсёй душой любіў беларусаў. Фота: babkin.official / Facebook
«Наша Ніва»: Ведаю, што вы часта вялі размовы з прыхільнікамі праз сацыяльныя сеткі. Калі да вас сёння звяртаюцца людзі з Беларусі, пра што ў першую чаргу ім кажаце?
Сяргей Бабкін: Цяпер увогуле не маю аніякіх кантактаў з кімсьці, хто піша з Расіі ды Беларусі. Рабіў прамовы да жыхароў гэтых краін ужо неаднаразова. Цяпер на гэта няма часу, сіл ды жадання, калі шчыра.
Перш-наперш хачу сказаць: трэба шукаць правераную інфармацыю, калі, канечне, хочацца, калі ёсць жаданне дакапацца да праўды. Калі ж такога жадання няма і ўсё задавальняе — з богам, у добры шлях.
Неабыякавыя людзі і так усё цудоўна разумеюць: аповеды пра вайну ва Украіне з боку вашага дзяржаўнага апарату, дзяржаўнага тэлебачання — хлусня.
Цяпер ва Украіне вайна, гэта гвалтоўны напад Расійскай Федэрацыі на маю радзіму. Яны знішчаюць нашы гарады, мірных жыхароў, яны перайшлі ўсе межы чалавечнасці! Вось што цяпер робіць Расія, якую падтрымлівае Беларусь, бо Лукашэнка не можа адмовіць свайму вялікаму, хаця на самой справе — вельмі маленькаму суседу.
Мы, украінцы, прайшлі, можа быць, не такі ўжо доўгі шлях незалежнасці, аднак сёння маем прэзідэнта, пра якога я марыў. Шчыра кажучы, перажыў ужо шмат гэтых усіх мудакоў ва ўладзе. Аднак цяпер ганаруся. Ганаруся сваёю краінай, сваім прэзідэнтам, усім апаратам нашай улады. Шчаслівы, што я ўкраінец — і мы абавязкова пераможам!
«НН»: Згодна з апытаннямі, велізарная колькасць украінцаў стала цяпер успрымаць Беларусь як краіну-агрэсара. Ці лічыце вы, што гэтую рану ўжо не зашыць? Альбо яшчэ ёсць шляхі, якімі можна аднавіць цёплыя адносіны між людзьмі?
СБ: Раны загойваюцца, нават самыя глыбокія, але застаецца след. Вось у мяне ёсць шнар на назе. Калі-нікалі мае дзеці яго заўважаюць і распытваюць, што гэта. Калі ім распавядаю, сам вяртаюся ў момант здарэння — памятаю яго да дробязей. Не забыўся ні секунды з таго выпадку. Ці баліць шнар? Не, не баліць, але я памятаю… Тое ж самае адбываецца, калі вядзём гаворку пра раны душэўныя. Пра боль, смерці цывільных людзей, знішчэнне гарадоў.
Цудоўна разумею, што людзі па той бок мяжы ў большасці не маюць дачынення да агрэсіі. Усё вырашаюць не яны — усё вырашаюць за іх. Як калісьці казалі пра Сталіна: у вас ёсць той, хто за вас усё вырашыць. Так і ў Расіі з Беларуссю сёння: ёсць тыя, хто за вас усё вырашае. Яны рабілі гэта раней, робяць цяпер і будуць рабіць, пакуль не здохнуць ці пакуль іх не заб'юць.
Да нядаўняга часу шчыра ды ўсёй душой любіў беларусаў. Разумеў іх становішча, сітуацыю: што яны ў пастцы, яны закладнікі. Вельмі складана змагацца з такім жорсткім д'ябальскім рэжымам, які існуе ў ХХІ стагоддзі на нашай планеце. Але тым не менш мы выступалі на фестывалях, сустракаліся з хлопцамі ды дзяўчатамі — і я бачыў, што існуе вузкае кола тых, хто змагаецца, хто разумее.
Рана ці позна зменіцца ўрад, адназначна зменіцца — няма нічога вечнага, толькі пытанне часу. Дай бог, каб на гэтае месца прыйшоў разважны, шчыры, адкрыты чалавек, які будзе перажываць за свае краіну ды народ. І калі гэта здарыцца, мы, напэўна, зноў будзем сустракацца са сваім слухачом у Беларусі. Аднак памяць нікуды не падзенецца. Беларусам будзе вельмі сорамна ды горка за тое, што так адбылося. За тое, што яны не здолелі нічога зрабіць. Памяць не сцерці. Пакуль мы жывыя, будзем гэта памятаць.
«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста
«НН»: Нядаўна вы наноў запісалі хіт «Я солдат» адпаведна сучасным рэаліям. Ва Украіне яго прынялі як гімн ЗСУ. Тады як у той жа Беларусі шматлікія артысты любяць сцвярджаць, маўляў, мастацтва, як і спорт, павінна быць па-за палітыкай…
СБ: Заўсёды падтрымліваў абсалютную свабоду выказвання ды меркаванняў. Хай сцвярджаюць. Я б паглядзеў, што казалі б усе гэтыя беларускія таварышы, калі б да іх прыйшлі з вайной. Яны б пачалі пець зусім іншыя песні, казаць зусім іншыя словы.
Жаданне перарабіць «Салдата» з'явілася таму, што ўнутры кіпіць лютая злосць. Ты прагнеш нутром рабіць усё што магчыма на карысць краіны ды арміі. Натхняць, падбадзёрваць, даваць энергію, упэўненасць ды любоў. Цяпер кожны на нашых землях робіць максімум, каб дапамагчы Украіне. Атрымаў велізарнае задавальненне, калі выконваў новы варыянт песні, а пасля атрымаў падзяку ад хлопцаў. Мне істотна толькі гэта. Я тут, я ўкраінец.
«НН»: Наколькі разумею, у паўсядзённым жыцці вы размаўляеце на рускай мове. Няма трывогі, што хутка гэта стане «чорнай меткай» для людзей ва Украіне, паколькі пасля вайны так будуць падзяляць «сваіх» і «не сваіх»?
СБ: Так, штодзень прывык карыстацца рускай мовай. Нарадзіўся і вырас у Харкаве, у мяне ў школе ўкраінскую не выкладалі. Упершыню з роднай мовай пазнаёміўся, калі паступіў у інстытут. У нас ніколі не было і няма ўшчамлення рускамоўных. Шчыра кажучы, не ведаю, як справы ў вас у краіне з беларускай мовай. Аднак тут у нас вольна размаўляюць і па-руску, і па-ўкраінску. Гэта асабісты выбар кожнага.
Я размаўляю і думаю на рускай мове. Аднак калі ўпершыню напісаў песню на ўкраінскай, то атрымаў такі кайф, што не перадаць словамі.
Хацеў бы цалкам перайсці на ўкраінскую — апошнім часам імкнуся камунікаваць выключна на роднай мове. Мару давесці веданне да ідэалу, каб нават думаць на ўкраінскай. Такім чынам лягчэй будзе пісаць вершы, песні. І ўвогуле падаецца, што яна неверагодна паэтычная, пявучая. Да таго ж, не сумняваюся, пасля вайны яшчэ больш людзей захочуць размаўляць па-ўкраінску.
«НН»: Да пачатку баявых дзеянняў вы ахвотна ўдзельнічалі ў гумарыстычных праектах. Як мяркуеце, як хутка пасля вайны Украіна пачне наноў пасміхацца — і ці пачне ўвогуле?
СБ: Украінскі народ сам па сабе вельмі вясёлы. І нават цяпер, у гэты жудасны перыяд для краіны, людзі не перастаюць жартаваць, смяяцца, не губляюць пачуцця гумару. Нам балюча, вельмі балюча, мы люта злыя, аднак пры гэтым мы не перастаём усміхацца.
Гумарыстычныя перадачы з'явяцца не адразу. Не ўсё адразу з'явіцца, бо трэба будзе яшчэ аднаўляць інфраструктуру, гарады, краіну прывесці ў парадак пасля акупантаў. Калі скончым гэтую працу, і надыдзе час гумару. Напаўненне вы самі разумееце, якое будзе на пачатку: ганьба Расіі на ўвесь свет і здзекі з Ліліпуціна і яго сябрука-вусача.
Мне падаецца, гэта толькі ўкраінцы здольныя так праз жарт ды ўсмешкі даваць бой агрэсарам.
«НН»: Калі б радок ці слупок з вашай песні сінхронна прагучаў бы ў адзін дзень на ўсіх радыёстанцыях Беларусі, якое пасланне вы б абралі?
СБ: Складанае пытанне. Думаў над вершам «Мне вас не шкада» альбо песняй «Шэрыя» з майго старога альбома. Аднак спынюся на трэку «Вечна жыць» з пласцінкі «Ура!».
Каментары