Літоўская чыгунка атрымала просьбы аб перавозцы калійных угнаенняў ад трох беларускіх кампаній. Цяпер думае, што рабіць
Група кампаній «Літоўскія чыгункі» паведаміла, што да яе звярнуліся тры беларускія кампаніі, якія не знаходзяцца пад санкцыямі, з прапановай аб перавозцы беларускіх калійных угнаенняў, піша delfi.lt.
Сярод гэтых прадпрыемстваў — даччынае прадпрыемства «Беларуськалія» «Беларуская калійная кампанія». Яна просіць падпісаць дамову аб перавозцы калійных угнаенняў па чыгунцы праз Літву з 24 студзеня і аргументуе сваю просьбу патрэбай выканання абавязальнітваў аб продажы ўгнаенняў праз Клайпедскі порт.
Дзве іншыя кампаніі, якія звярнуліся да Літоўскай чыгункі — «Белінтэртранс» і «Белкалій-МІГАО». Першая ўжо падала і заяўку на перавозку грузаў.
«Каб адхіліць просьбы кампаній і такім чынам спыніць транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз Літву, «Літоўскім чыгункам» патрэбна прававая падстава. Гэта важна, каб узяць пад кантроль абавязкі, узніклыя з розных літоўскіх і міжнародных прававых актаў, а таксама міжнародных пагадненняў, якія могуць ператварыцца ў пазовы як да LTG, так і да дзяржавы, калі будзе адмоўлена ў заключэнні пагадненняў аб перавозцы ўгнаенняў без цвёрдай прававой падставы»,
— гаворыцца ў паведамленні Літоўскай чыгункі.
Таму перад тым, як прыняць рашэнне, Літоўская чыгунка звярнулася ва ўрадавую камісію па праверцы здзелак стратэгічных прадпрыемстваў.
Перад гэтым Літоўская чыгунка інфармавала «Беларуськалій» аб пастанове ўрада скасаваць з 1 лютага падпісаную ў 2018 годзе і дзейную да канца 2023 года дамову, паводле якой у год перавозіцца каля 11 млн тон угнаенняў. Кампанія таксама была пастаўленая ў вядомасць, што заяўкі на перавозку яе грузаў з 1 лютага па гэтай дамове не будуць узгодненыя.
Гэтыя рашэнні звязаныя з санкцыямі супраць «Беларуськалія», уведзенымі ЗША.
Каментары