Грамадства

«З’явілася жаданне ўцячы ад усіх». Жанчына з трыма дзецьмі з’ехала ў глухую палескую вёску, купіла закінутую хату і зрабіла яе знакамітай

Сваім жыццём і ўчынкамі Людміла Недашкоўская даказвае: твой дом там, дзе табе добра. А калі шчыра любіш справу, якой займаешся, жыццё абавязкова пакажа табе твой шлях.

Фота: «Драгічанскі веснік»

«Дабрацца сюды можна было толькі на лодцы»

Какорыца — унікальная вёска ў Драгічынскім раёне, яе амаль ніхто не ведае. Калісьці яе называлі другой Венецыяй. Вёска стаяла на вадзе, а мясцовыя перасоўваліся на лодках.

«Іх назвалі «чайкамі». У кожнага жыхара вёскі было па дзве лодкі. Адна парадная, другая працоўная. На лодках перавозілі нават будматэрыялы для дамоў. Але ўжо сення вёска на мяжы знікнення», — расказвае ў адным з відэа Людміла.

Людзі, якія прыязджаюць да гэтай жанчыны ў госці, так ёй зачароўваюцца, што з задавальненнем здымаюць пра яе сюжэты і нясуць славу ў народ.

Фота: Даша Сапранецкая, праект Humans of Minsk

«Какорыца стаіць па-суседству з Бездежам — яшчэ адной унікальнай беларускай вёскай. Я там нарадзілася, — дзеліцца сваёй гісторыяй Людміла з блогам Humans of Minsk. — Там мама мая жыве. Вескі падзяляе рака Плёса. У дзяцінстве мы бралі карыта, адзенне і беглі да ракі праць. Выдатнае дзяцінства ў нас было.

У Какорыцы быў дом культуры, бібліятэка, крама, стайня… Сёння ўжо чалавек 70 засталося. Вёска вымірае. Але прырода тут, як і раней, амаль некранутая. У нас нават дарога рукамі мясцовых жыхароў насыпаная. Завем яе «грэбля».

Яна і звілістая такая, бо пракладвалі ў тых месцах, дзе вады менш было. Да з’яўлення гэтай дарогі дабрацца ў Какорыцу можна было толькі на лодках.

Фота: Даша Сапранецкая, праект Humans of Minsk

«Марыла застацца ў адзіноце»

Людміле 40 гадоў. І ў яе ёсць усё, каб быць паспяховай жанчынай у сучасным уяўленні. У ёй і жаночае абаянне, і дзелавая хватка, і мноства талентаў.

Узнікае пытанне: што тыды гэтая жанчына робіць у палескіх балотах, у вёсцы, з якой у горад дзеці забіраюць нават старых. Тым больш у Какорыцы больш няма школы, дома культуры і нават крамы.

Два разы на тыдзень сюды прыязджае аўталаўка. Пры гэтым жанчына адна выхоўвае траіх дзяцей! Старэйшай дачцэ 23, малодшай — 16, а сыну — 9, піша пра яе блог Humans of Minsk.

Фота: «Драгічынскі веснік»

Так здарылася, што вярнуцца дадому жанчыну падштурхнулі няпростыя жыццёвыя падзеі.

«Рана выйшла замуж, 14 гадоў жыла ва Украіне. Але жыццё не склалася. Таму і вярнулася да мамы. Пакінула там усё, што было: сваю справу і кліентаў. Я шыла сукенкі на заказ, — цытуе яе Humans of Minsk. — З’явілася жаданне ўцячы ад усіх у цішыню. Хацела жыць там, дзе няма нават суседзяў. Марыла застацца ў адзіноце».

Неўзабаве пасля вяртання ў родныя мясціны маладая жанчына занялася рамесніцтвам. Як і многія мясцовыя жыхары, яна з дзяцінства ўмела вышываць гладдзю, пячы хатні хлеб, рукадзельнічаць і гаспадарыць.

Фота: «Драгічынскі веснік»

Раней Людміла скончыла курсы кройкі і шыцця, а потым навучылася вышываць крыжыкам і бісерам, пачала выступаць у мясцовым самадзейным ансамблі «Купалінка» і завочна паступіла ў Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў на спецыяльнасць «народная творчасць».

«Усё аказалася не так складана. Знайшліся сябры, якія падказалі, дзе можна купіць хату, — расказвала жанчына. — Глядзела дзве. Адну ў цэнтры, але яна мне не спадабалася. А другая… Памятаю, як прыехалі да яе ўвечары. А яна закінутая, у быльнягу, унутры бардак… Гэта цяжка растлумачыць.

Але ў гэтым доме была такая светлая энергетыка, што я там і зразумела: сваё жыццё буду будаваць тут. Дом стары, але зроблены з добрага сталага дрэва. Побач возера, рэчка, шыкоўныя турыстычныя маршруты… Ідэальнае месца для жыцця, пра якое я марыла».

Фота: Даша Сапранецкая, праект Humans of Minsk

«Вырашыла захаваць і прымножыць палескія скарбы»

Даводзіць дом, у якім калісьці была польская школа, да ладу Людміле прыйшлося доўга і старанна.

«Я набыла яго за 700$, але шмат яшчэ ўклала, бо нічога, акрамя пагрызеных мышамі шпалер, тут не было. Усё карчамі зарасло. Сама тут усё рабіла, часам мне дапамагалі за гарэлку», — гаварыла жанчына.

Аказалася, што тут не толькі лёгка дыхаецца, але і з’яўляюцца творчыя ідэі. Са свайго новага старога дома Людміла вырашыла зрабіць аграсядзібу, спадзяецца прыцягнуць сюды турыстаў і ўзнавіць жыццё паміраючай вёскі. Сядзібу назвала «Куфрынкай».

Фота: «Драгічынскі веснік»

«Ад слова «куфар». Раней яны былі ў кожнай хаце. У іх захоўвалі найлепшыя рэчы і пасаг. Так і назвала сваю сядзібу, бо збіралася сабраць у ёй усё самае каштоўнае: традыцыю і культуру», — тлумачыла жанчына.

Сваю сядзібу Людміла падфарбавала, але ўнутры захавала каларыт сярэдзіны мінулага стагоддзя, калі галоўным упрыгожваннем сялянскай хаты было тое, што людзі рабілі сваімі рукамі — ручнікі, куфры, кілімкі, калаўрот.

Тут засталася столь з бэлькамі і кручок ад старадаўняй дзіцячай калыскі, якую трэба было падвешваць. А таксама ложак з «падузорнікам», якім накрываюць падушкі і велізарная печ, у якой Людміла гатуе па старабеларускіх рэцэптах.

Фота: уласны архіў гераіні публікацыі

«Вырашыла пакінуць усё аўтэнтычным, захаваць і прымножыць палескія скарбы. Збірала па крупінках. Складана — нічога ж амаль не засталося. Нешта мне суседзі аддалі, нешта сама размалявала і вышыла, нешта набыла. Часам людзі выкідваюць дываны, бо імі ўжо ніхто не карыстаецца, дык я са саметніка дастаю».

«Кажу турыстам, што інтэрнэту няма, прыбіральня на двары — і ім нармальна»

Турысты, як прызнаецца гаспадыня аграсядзібы, валам у «Куфрынку» не едуць, але ў яе ўжо ёсць пастаянныя кліенты.

Нягледзячы на тое, што прыбіральня і летні душ тут на двары. Гаспадыня марыць падвесці ў хату ваду і ўсталяваць ванну. Пакуль жа ўладкаваныя нават не ўсе пакоі.

«Какорыца — іншы свет. Гэта складана перадаць словамі, там трэба жыць і бачыць. Мне падабаецца тая даўніна, што ў Бездзежы ўжо амаль страчаная. Падабаецца паліць у печы, грубцы.

Фота: уласны архіў гераіні публікацыі

Тут цішыня, не гудуць трактары, акунаешся ў прыроду. Побач Ясельда і Спораўскае возера. Я адразу кажу сваім турыстам, што інтэрнэту няма, туалет на двары — і ім нармальна, толькі б дзеці не сядзелі ў гаджэтах.

У нас можна пабачыць рэдкіх птушак, пачуць мясцовы дыялект, тут пасвяць кароў і авечак, я гатую ў печы натуральныя беларускія стравы без хімікатаў, праводжу майстар-класы. Я сама крыху саромеюся, што ў мяне няма гарадскіх умоў, але тыя, хто любіць Дубай, сюды і не паедуць», — расказвала жанчына Humans of Minsk.

Таму і цана для гасцей у сядзібе невысокая. За суткі з чалавека — 30 рублёў. І гэта са сняданкам і вячэрай, з хлебам, уласнай выпечкай. Усё гэта Людміле дапамагае гатаваць яе мама.

Фота: уласны архіў гераіні публікацыі

Пакуль з прыбыткам у аграсядзібы не густа. І таму Людміла падзарабляе: шые і вышывае на заказ сукенкі, блузкі, эксклюзіўныя кашулі з ільнянога палатна.

«У мяне маленькая майстэрня. А як яшчэ выжываць у вёсцы? Пра дапамогу былога мужа нават сорамна казаць — атрымліваю 30 рублёў на адно дзіця, — расказала жанчына. — У людзей у Бездзежы невялікія заробкі: 300 рублёў — і тое добра, таму я шыю ім сукенкі за 40 рублёў.

Колькі маіх сукенак, вышытых рукамі, і ў Гомелі, і у Гродне, і нават у Германіі ёсць! За апошнюю атрымала 250 рублёў, тыдзень яе вышывала — днём і ноччу. Даражэй, можа, ніхто і не купіць, але я лічу, што такая праца каштуе больш.

Фота: «Драгічынскі веснік»

Працы няма, а дзяцей гадаваць трэба. Таму часам раблю нешта дзеля абмену. Суседка прынесла мне старыя фартухі, а я ёй навалачкі новыя».

«Стала найлепшым касцом, выйграла грант ад «Кока-Колы» і купіла мотаблок»

На пленэры ў «Куфрынку» прыязджаюць мясцовыя мастакі. Тут праходзілі нават здымкі тэлеперадачы «Беларуская кухня» з майстар-класам па прыгатаванні запечанага гусака з грачанай начынкай.

Гаспадыня сядзібы і сама ладзіць святы для мясцовых. Напрыклад, некалькі год таму ў Какорыцы арганізавала сустрэчу ўраджэнцаў гэтай унікальнай вёсачкі.

Фота: уласны архіў гераіні публікацыі

«Рыхтавалася і думала: ну хаця б 5-10 чалавек прыйшлі. А тут — больш за паўсотні людзей на падворку сабралася. Многія прыезджыя прыходзілі з дзецьмі, з унукамі. Людзі спявалі разам з намі, успаміналі сваю маладосць і тыя гады, што прайшлі ў Какорыцы. Зайшоўшы ў мой дом, многія адзначалі, што тут захавалася не толькі абстаноўка, але і атмасфера іх вясковага дзяцінства», — расказвала жанчына.

Людмла сябруе з суседзямі, хоць яны ўжо і моцна ў гадах. Так, напрыклад, сусед Іван Зіновіч некалькі год таму ўгаварыў Людмілу паўдзельнічаць у рэспубліканскім спаборніцтве касцоў «Спораўскія сенажаці». І нават змайстраваў для яе касу.

Фота: уласны архіў гераіні публікацыі

Так-так, Людміла ўмее касіць, а пустуючых участкаў у вёсцы больш за людзей. І што вы думаеце: разам са сваёй напарніцай Людміла выйграла і стала найлепшым касцом сярод жанчын-удзельніц.

«Атрымала грант ад «Кока-Колы» на падтрымку жанчын, за яго набыла матаблок, каб пасадзіць гарбузовае поле. Была ідэя рабіць з іх экалагічнае дзіцячае харчаванне, цукаты і чыпсы. Хацела зрабіць гарбузовы фестываль, алё моцна захварэла. Ідэй шмат, але патрэбныя сілы», — адзначала яна. 

«Мне і цяпер кажуць: «Навошта табе трэба? Гэтае балота, гэтая Какорыца, камары, гэта ўсё». І мама кажа, што гэта занадта цяжка, дапамагчы ж няма каму. А хто захоча прыехаць у Какорыцу і працаваць?

Няма ўжо на вёсцы такіх мужчын, якіх можна наняць. Таму прыходзіцца ўсё рабіць самой, але мне тут добра. Мне хочацца, каб гэтая вёска жыла. Я ж «дзеравенская». Павінна справіцца», — аптымістычна гаварыла Людміла «Драгічынскаму весніку».

Каментары

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа4

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Усе навіны →
Усе навіны

У Белгідрамеце расказалі, чаго чакаць ад цяперашняй зімы4

Расіянка некалькі гадоў прахадзіла з арэхам у носе. Але пасля стала цяжка дыхаць2

«Ну і куды мне, прыбіральшчыцай?» Маладая маці не можа знайсці працу пасля трэцяга дэкрэту69

У Паўднёвай Карэі адбываецца спроба перавароту. Прэзідэнт абвясціў ваеннае становішча, матывуючы патрэбай абароны ад «камуністычных сілаў» 8

Лукашэнка стаў прадзедам29

На выхадныя Дональд Трамп упершыню пасля выбараў прыляціць у Еўропу

«Камунарка» паказала свой адвэнт-каляндар і атрымала хвалю крытыкі9

Улады абвясцілі вайну чэргам на замену суставаў, але, падобна, пакуль прайграюць2

На Беларускай чыгунцы затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна Японіі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа4

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Галоўнае
Усе навіны →