«Знішчаюць найлепшае, што засталося ў адукацыі». Рэпетытар Яўген Лівянт расказаў, што ў Мінску закрываюць ліцэі
Афіцыйных каментарыяў ад Міністэрства адукацыі з гэтай нагоды пакуль няма. Хіба што рэакцыяй можна назваць некалькі публікацый на праўладных тэлеграм-каналах, дзе вядомага педагога абвінавачваюць у хлусні і ўсяляк зневажаюць за тую інфармацыю, якую ён апублікаваў. Пры гэтым, мяркуючы па навінах з мінскіх і абласных ліцэяў, найгоршыя асцярогі педагогаў і бацькоў пацвярджаюцца.
«Бацькі паведамляюць, што ліцэі неўзабаве закрыюцца»
Гісторыя з магчымым закрыццём ліцэяў пачалася яшчэ вясной гэтага года. У красавіку на сайце мінскага Ліцэя № 1 з’явілася аб’ява аб тым, што новага набору вучняў не будзе. Пасля таго, як гэтай навіной на сваёй старонцы ў сацсетках з абурэннем падзяліўся вядомы беларускі рэпетытар Яўген Лівянт, праз некалькі гадзін з афіцыйным каментарыем выступіў міністр адукацыі. Ігар Карпенка паведаміў, што гэтая інфармацыя фэйк, што ліцэй закрываць ніхто не плануе, а сайт ліцэя быў узламаны невядомымі.
Дагэтуль, у лютым, Ігар Карпенка наведваў ліцэі і задаваўся пытаннем аб ролі гэтых устаноў адукацыі.
«У кантэксце профільнага навучання, адкрыцця класаў з павышаным узроўнем вывучэння прадметаў не толькі ў гімназіях, але і ў сярэдніх школах, паўстае пытанне, якую ролю ў сучаснай сістэме адукацыі адыгрываюць агульнаадукацыйныя ліцэі? У чым сёння іх значнасць і неабходнасць?» — казаў ён.
Тады ж Карпенка заявіў, што апраўданым у краіне ён бачыць функцыянаванне раённых і абласных ліцэяў, у якіх могуць працягнуць навучанне на трэцяй ступені навучэнцы з базавых, малакамплектных сельскіх школ і тых школ, дзе няма кваліфікаваных кадраў для адкрыцця профільных класаў.
«Але якая роля астатніх ліцэяў? Чым яны адрозніваюцца ад гімназій і сярэдніх школ з профільнымі класамі? Так, напрыклад, для мінскіх навучэнцаў дзейнічаюць два ліцэі (у Ленінскім і Маскоўскім раёнах), а таксама Ліцэй БНТУ.
Ні ў адным з іх няма інтэрната, навучаюцца толькі сталічныя школьнікі, рэалізуюцца тыя ж праграмы, што і ў профільных класах школ і гімназій. Можа, менавіта таму і конкурс у іх не такі ўжо і высокі. Думаю, прыйшоў час разабрацца ў гэтым пытанні», — сказаў міністр адукацыі.
Мінула паўгода.
«Некалькі дзён таму мне напісала маці аднаго з вучняў мінскага Ліцэя № 2. Яна расказала, што ліцэй знаходзіцца пад пагрозай закрыцця, і што здарыцца гэта можа яшчэ да канца навучальнага года.
Жанчына не хавала свайго імя, пакінула нумар тэлефона. Мы пагаварылі з ёй. Яна патлумачыла, што да мяне яна звярнулася з надзеяй, што з дапамогай сацсетак (мяне шмат хто чытае) я змагу данесці гэтую гісторыю да шырокай публікі, і ў бацькоў з’явіцца надзея адстаяць ліцэй», — кажа Яўген Лівянт.
«Ліцэй закрыюць, а нас перавядуць у гімназію»
Як прызнаўся рэпетытар, спачатку ён і сам не паверыў у праўдападобнасць гэтай гісторыі, бо быў упэўнены, што ад гэтай ідэі Міністэрства адукацыі адмовілася.
«Я вырашыў праверыць інфармацыю. З другога мінскага ліцэя ў мяне займаюцца вучні. Узровень ведаў, які там даюць, — выдатны. Яны пераможцы алімпіяд вельмі высокага ўзроўню. Пытаюся ў іх: «Як справы ў ліцэі?» Яны: «Кажуць, што ліцэй закрыюць, а нас перавядуць у гімназію № 40 у Серабранцы». Патэлефанаваў знаёмай настаўніцы з другога ліцэя. Яна: «Сказалі, што закрываюць, а ў наш будынак хочуць перавесці педагагічны каледж».
Не паленаваўся і патэлефанаваў настаўніку ў Ліцэй № 1. Адказ: «Закрываюць. Набору ў 10-ы клас не будзе».
Лівянт вырашыў даведацца, закрываюць ліцэі толькі ў Мінску, ці ўвогуле па ўсей краіне. Патэлефанаваў педагогу з магілёўскага ліцэя, але і яна сказала тое ж самае. Пасля гэтага Яўген Барысавіч напісаў пост на сваёй старонцы ў Facebook:
«Ліцэі — усё? Аб чарговай спробе зачыніць агульнаадукацыйныя ліцэі (усе ці значную частку) мне ўжо некалькі дзён кажуць і пішуць настаўнікі і бацькі вучняў. У вучняў, якія паступілі і цяпер вучацца ў ліцэях, магчымасць давучыцца будзе, але новых набораў, мяркуючы па ўсім, ужо не прадугледжана. Цяпер зразумела, што гэтыя планы нікуды не падзеліся, іх рэалізацыю вясной 2021 адклалі на некаторы час, але цяпер да іх вярнуліся».
«Рэакцыя людзей зразумелая. Бо ў гэтым рашэнні няма ніякай логікі»
Пост Яўгена Барысавіча сапраўды выклікаў вялікі грамадскі рэзананс. З-за абсурднасці сітуацыі з магчымым закрыццём ліцэяў каментарыі ад бацькоў школьнікаў пасыпаліся з самых розных куткоў краіны.
«Рэакцыя людзей зразумелая. Бо ў гэтым рашэнні няма ніякай логікі, — кажа Яўген Лівянт. — Скажу нават больш: асабіста я не падзяляю пазіцыю «краіне не патрэбныя разумныя людзі, таму што з іх хочуць зрабіць шэрую масу». І я ўпэўнены, што гэта не палітычнае рашэнне. На розум прыходзіць знакамітая фраза Роберта Дж. Хэнлана: «Ніколі не прыпісвайце злому намеру тое, што цалкам можна растлумачыць глупствам».
Гэтым разам афіцыйных каментарыяў ад Міністэрства адукацыі пасля паста Яўгена Лівянта ў сацсетках не было. Затое за наступныя некалькі дзён пра яго вельмі красамоўна выказаўся вядомы праўладны телеграм-канал.
«Пастараліся і прысвяцілі мне ажно тры посты за два дні. У прынцыпе, адзін з іх я схільны лічыць адказам Мінадукацыі», — каментуе педагог.
Спачатку ў тым посце Яўгена Барысавіча абражаюць, а ўнізе нібыта папулярна тлумачаць, што ліцэі не закрываюць, а пераглядаюць прынцыпы іх працы. Так, напрыклад, уступныя іспыты будуць праводзіць у пісьмовай форме і па адзіных тэкстах. Пры гэтым заданні для ўступных іспытаў будзе распрацоўваць РІКВ.
Акрамя гэтага паведамляецца, што ў Мінадукацыі цяперашняй восенню «добра так пераправерылі» гэтыя навучальныя ўстановы. І па выніках гэтых праверак чыноўнікаў занепакоіла дубляванне профіляў у розных ліцэях, размешчаных у адным горадзе, а таксама немагчымасць доступу для навучання ў іх дзяцей з правінцыі. Бо ў іх няма інтэрнатаў.
«Пасля майго поста настаўнікі расказалі мне, што 1 снежня ў Ліцэі № 2 павінна адбыцца сустрэча кіраўніцтва Ленінскага раёна з калектывам. І галоўнай тэмай гэтай сустрэчы будзе «закрыццё ліцэя». Пасля гэтага сходу мне расказалі пра яго вынікі, — кажа Яўген Лівянт. — А вынікі такія: ліцэй закрываюць, пра гэта паведамілі на сустрэчы. Сказалі, што набору ў 10-я класы не будзе.
Што рабіць з платнымі групамі, у якіх вучні 9-х класаў ужо некалькі месяцаў рыхтуюцца да паступлення ў ліцэі, ніхто не растлумачыў. Таксама незразумела, што будзе з настаўнікамі: праз паўгода працы пазбавіцца палова з іх, яшчэ праз год усе астатнія. Уласную бухгалтэрыю ў ліцэя ўжо забралі. Пры гэтым усе распараджэнні даюцца ў вуснай форме, ніякіх пісьмовых загадаў і распараджэнняў няма. Чыноўнікі пацвердзілі, што такі ж лёс чакае Ліцэй № 1.
Гісторыя з закрыццём ліцэяў выплыла вонкі толькі цяпер, але ключавыя рашэнні былі прынятыя як мінімум месяц таму, а можа, і раней. І не на ўзроўні раёна ці горада, а значна вышэй. Многія настаўнікі абураліся, што даведаліся пра закрыццё ліцэя выпадкова: ад бацькоў вучняў і ад выкладчыкаў педкаледжа, які павінен пераехаць у будынак ліцэя, а не ад свайго начальства».
«Навошта рэфармаваць тое, што і так добра працуе?»
На думку Яўгена Лівянта, закрыццё ліцэяў будзе праходзіць пад выглядам рэарганізацыі і аптымізацыі.
«Але я ўсё роўна шчыра не разумею, навошта рэфармаваць тое, што і так добра працуе, — здзіўляецца педагог. — Так, ва ўступных іспытах у ліцэі ёсць недахопы. І я таксама з гэтым згодны. Але ж гэтую праблему можна вырашыць. Навошта закрываць ліцэі, у якіх працуюць вельмі моцныя педагогі, якія даюць высокі ўзровень ведаў?
У Мінску пяць ліцэяў. Чыноўнікам здаецца, што гэта шмат? Дык у Мінску ж і жыве пятая частка насельніцтва Беларусі. Не ва ўсіх мінскіх ліцэях ёсць інтэрнаты, каб у іх маглі вучыцца дзеці з правінцыі? Дык пабудуйце інтэрнаты, будуць вучыцца.
Зачыніць ліцэі, таму што ў іх аднолькавыя профілі? А што, моцныя матэматыкі павінны быць толькі ў адной навучальнай установе краіны? Аднолькавыя профілі павінны быць. Канкурэнцыя заўсёды дае выдатныя вынікі.
Калі гаворка ідзе аб скарачэнні бюджэтных сродкаў (чыноўнікі заяўлялі, што навучанне ліцэістаў абыходзіцца дзяржбюджэту на 35% даражэй за навучэнне школьнікаў з сярэдніх школ, — заўв. «НН»), то не думаю, што закрыццё некалькіх ліцэяў дасць хоць якую значную эканомію. Ну, і трэба разумець: падрыхтоўка майстра спорту заўседы абыходзіцца значна даражэй за падрыхтоўку трэццеразрадніка.
Падводзячы высновы, Яўген Лівянт выказаў упэўненасць у тым, што прымаючы такія рашэнні, Міністэрства адукацыі дабівае лепшае, што засталося ў беларускай сістэме адукацыі. На думку педагога, падобнае рашэнне яшчэ мацней пагоршыць сітуацыю з падзеннем кваліфікацыі педагогаў, узроўнем ведаў вучняў і нарастаючым адтокам выпускнікоў у ВНУ суседніх краін.
Хроніка адукацыйных «рэформ» гімназій і ліцэяў
Нагадаем, гэта далёка не першая спроба паўплываць на працу ліцэяў і гімназій у Беларусі.
2003 год. Ліквідавалі Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Прычына — «аптымізацыя сістэмы рэспубліканскіх устаноў адукацыі».
Жнівень 2010-га. Мінадукацыі стварыла камісію для праверкі працы беларускіх гімназій. Прычына — тады яшчэ намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно быў незадаволены конкурсам у асобныя гімназіі (1,1 чалавека на месца, — заўв. «НН») і лічыў паступленне ў іх фармальнасцю. Тады ж ён выказаў сумнеў у мэтазгоднасці працы некаторых гімназій.
Жнівень 2012-га. Дэпутат парламента Анатоль Глаз прапанаваў ліквідаваць гімназіі і агульнаадукацыйныя ліцэі. Прычына — «на навучанне гімназіста і ліцэіста вылучаецца на 35% больш сродкаў, чым на школьніка. Пры гэтым вынікі гімназій на алімпіядах ніжэйшыя за чаканыя». Яшчэ адна нагода для скасавання гімназій і ліцэяў, па словах Глаза —«рэзкае расслаенне ўзроўню агульнай сярэдняй адукацыі ў краіне», маўляў, у гэтых установах канцэнтруюцца лепшыя вучні і настаўнікі.
Люты 2016-га. міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў вырашыў «прааналізаваць якасць гімназічнай адукацыі і прыняць рашэнне аб мэтазгоднасці працы асобных гімназій». Прычына — «некаторыя гімназіі не адужалі кантрольныя лічбы прыёму».
Жнівень 2017-га. Міністр адукацыі Ігар Карпенка высунуў ідэю змяніць правілы паступлення ў гімназіі і ўзмацніць жорсткасць патрабаванняў да ўзроўню адукацыі там па профільных прадметах. Яшчэ адна ініцыятыва — прыбраць ліцэі з сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Захаваць ён прапанаваў толькі каледжы.
Верасень 2017-га. Віцэ-прэм’ер Васіль Жарко выказаўся за адмену ўступных іспытаў у гімназіі, каб «адбор таленавітых дзяцей не ператварыўся ў спаборніцтва бацькоўскіх кашалькоў».
Студзень 2018-га. У Беларусі адмянілі уступныя іспыты ў гімназіі. Ад звычайных школ яны сталі адрознівацца толькі праграмай пасля дзявятага класа. Конкурсны адбор захавалі толькі падчас прыёму ў 5-я класы гімназій-каледжаў мастацтваў.
Жнівень 2020-га. Сталічныя чыноўнікі вырашылі ўзяць пад асаблівы кантроль прыватныя школы з мэтай «прааналізаваць якасць адукацыі, якая прадастаўляецца, пракантраляваць выкананне санітарных норм і правілаў».
Лукашэнка асабіста прайшоўся па Ліцэі БДУ, выпускнікі якога падпісалі адкрыты зварот за сумленныя выбары, і сказаў, што ў гэтых сценах «выхавалі новае, свабоднае пакаленне, якое нас цяпер і папракае».
Студзень 2021-га. Мінадукацыі прэзентавала праект новага Кодэкса аб адукацыі. У ім, дарэчы, ёсць пункт пра тое, што «спецыялізаваныя ліцэі ствараюцца, рэарганізуюцца і ліквідуюцца па рашэнні прэзідэнта, урада або ўпаўнаважаных імі органаў».
Люты 2021-га. У прыватных школах прайшлі праверкі. Кіраўніцтва гэтых школ асцерагаецца, што калі іх абавяжуць праходзіць ліцэнзаванне, многія прыватныя школы будуць вымушаныя зачыніцца.
Каментары