Грамадства

«Перадусім не хапае цябе». Паглядзіце, якія кранальныя лісты Ягор Марціновіч дасылае жонцы з турмы (і графік кахання!)

Пайшоў чацвёрты месяц з моманту затрымання галоўнага рэдактара «Нашай Нівы». Ён знаходзіцца ў ізалятары па абсалютна абсурдным абвінавачванні нібыта за нясплату камунальных паслуг. Нават за кратамі Ягор стараецца падбадзёрыць людзей на волі. Паглядзіце, якія кранальныя лісты ён піша сваёй жонцы, з якой яны разам 13 гадоў, яшчэ са студэнцкіх часоў. 

Ягор стараецца не скардзіцца на побыт, хоць у камеры часам збіраецца па 15 чалавек, многія паляць, гэта няпростае выпрабаванне для тых, хто, як наш калега, не пераносіць цыгарэты.

«Што ў нас новага? На прагулках гуляем у «Кракадзіла»! Каго я толькі сёння не паказваў! І жалезнага чалавека, і архіварыуса, і антыкварыят. Слабо табе паказаць пурпурны колер? Ну а ўтрамбоўваем усё гульнёй у гарады. Ёсць патрэба ў назвах на «Е» і «Я». Бо скажаш Ялта, Янгон, Яундэ, а што яшчэ? Накідай варыянтаў! Я вучу людзей сваім тром любімым сталіцам: Антананарыву (Мадагаскар), Тхімпху (Непал) і Бандар-Серы-Бегаван (Брунэй). Прычым некаторыя і так ведаюць. 

У 20:45 глядзім «Калыханку» па Беларусь-3. Там днямі паказвалі смешны мульцік пра мядзведзя. Ён паверыў дрэннаму чалавеку, а той пасадзіў яго ў цыркавы аўтазак. Але іншыя жывёлы сабраліся і вызвалілі мядзведзя! «Беларусьфільм», 2018 ці 2019 год.

Чакаю цёплы кастрычнік, але хацелася б яго сустракаць не ў дворыках Валадаркі, а ў падарожжах па Беларусі. Залаты час прападзе!»

Кожны тыдзень жонка Ягора атрымлівае ад яго лісты, якія захоўвае пад падушкай. Аднойчы высветлілася, што і Ягор гэтаксама захоўвае ад яе лісты, не згаворваючыся.

Той самы графік кахання, які Ягор даслаў жонцы з турмы

«Уяўляю, як ты атрымліваеш ліст і такая: «Ля-ля-ля, што там?») Калі я атрымліваю канверт ад цябе, то адкрываю яго, пачынаю чытаць, пасля думаю: «Эн-не!» Адкладаю, праглядаю іншыя, а пасля сядаю дачытваць цябе на дэсерт. Міндальны круасан, вось які дэсерт.:)

Ты пішаш, што не ўсе пары перажываюць такое расстанне і ўз’яднанне. Эй, ты сур’ёзна? Я ж кахаю цябе больш за ўсё на свеце, ты што! Мы ж дамаўляліся.:) Такое перайграць нельга, усё застаецца ў сіле! Тым больш, я табе дасылаў графік кахання, атрымала?

Людзі шлюць мне паштоўкі, некаторыя з іх адкладваю ў чаргу, каб дасылаць табе. Так што ў мяне ўжо план па візуале ёсць! 

Перадусім не хапае цябе, канечне. Няма такой працэдуры, каб на дзянёк выйсці, пажмякаць цябе, падняць табе хвост і нос, а пасля вярнуцца на ранейшае месца?) Я б напісаў такое хадайніцтва! 

Малышляндзія, моцна цябе кахаю! Працягвай мне сніцца, хаця б там магу паразмаўляць з табой ужывую. Вельмі хочацца трымаць пад крылышкам такую вавёрку-разумняшу! Каб расказвала цікавыя гісторыі і наракала, што не паспявае прачытаць усе кнігі». 

І хоць Ягор ужо даўно знаходзіцца ў СІЗА, следчыя не дазваляюць родным сустрэцца з ім. Лічаць, гэта можа нашкодзіць устанаўленню абставін па справе, хоць ніхто з чальцоў сям’і галоўнага рэдактара не з’яўляецца ўдзельнікам крымінальнага працэсу. 

Падтрымайце нашага калегу лістом! Ва ўмовах ізаляцыі гэта адзінае, што дапамагае трымацца і верыць у моц беларусаў.

Адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1
Марціновіч Ягор Аляксандравіч

Каментары

Некаторыя беларускія банкі значна павысілі стаўкі па валютных укладах

Некаторыя беларускія банкі значна павысілі стаўкі па валютных укладах

Усе навіны →
Усе навіны

Новая эра пластычнай хірургіі: галівудскія зоркі заўважна змянілі выгляд5

У Беларусі прайшлі снегапады і завірухі ВІДЭА1

 «Дынама» нарэшце выйграла ў Лізе канферэнцый пасля чатырох паразаў запар ВІДЭА7

Кіраўнік праваслаўнага канала прагназуе вайну Расіі з Турцыяй за вызваленне Канстанцінопаля9

«Бяруць за шкірку і кажуць: «Пішы». Экс-палітзняволеная расказала, як прасіла памілавання і ўсё адно адседзела свой тэрмін

«Гомсельмаш» апублікаваў статыстыку па вытворчасці камбайнаў. Гэта зусім не тое, што чакалася1

Туск: Польшча не плануе адпраўляць сваіх вайскоўцаў ва Украіну18

Сястра Калеснікавай прапанавала ў Брусэлі тры крокі, якія трэба зрабіць для вызвалення палітвязняў33

«Мову сваю забылі, а гісторыю крадуць!» У Літве зноў выбухнула дыскусія вакол ліцвінізму81

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Некаторыя беларускія банкі значна павысілі стаўкі па валютных укладах

Некаторыя беларускія банкі значна павысілі стаўкі па валютных укладах

Галоўнае
Усе навіны →