Гайдукевічу прапануюць стаць пратэсным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах
Дата наступных прэзідэнцкіх выбараў афіцыйна пакуль не абвешчана, але магчымых кандыдатаў ужо абмяркоўваюць.
Нядаўна прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч у іранічнай форме выказаўся ў падтрымку Алега Гайдукевіча, раз нікога з апазіцыі ў бюлетэні не дапусцяць. Ідэя ў тым, што, масава прагаласаваўшы за Гайдукевіча, выбарцы могуць паказаць сваю нязгоду з Лукашэнкам.
Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман у эфіры «Обычного утра» пракаментаваў гэту ідэю. Ён лічыць, што калі ідэя падтрымкі Гайдукевіча ў якасці пратэснага кандыдата будзе прасоўвацца праз дэмакратычныя колы, то лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі не пойдзе на выбары.
«Ён жа ідзе толькі па адмашцы», — адзначае Фрыдман і заўважае, што
цяпер перад уладамі стаіць даволі складаная задача знайсці такіх кандыдатаў, за якіх ніхто, нават у рамках пратэсту, не будзе галасаваць.
«Я не ўпэўнены, што Гайдукевіч увогуле з'явіцца. Бо ў яго выпадку вельмі складана ўявіць, што ён можа там высоўваць. Гаварыць, што Лукашэнка — самы лепшы кандыдат? Тое, што ён гаворыць звычайна? У яго ж, у прынцыпе, нават ніякага адрознення ад таго, што гаворыць Лукашэнка, няма. І ў яго няма нічога, чым бы ён мог неяк звярнуць на сябе ўвагу. У гэтым сэнсе не думаю, што там ёсць нейкія сур'ёзныя перспектывы», — разважае Фрыдман.
А каго могуць упісаць у бюлетэнь?
«Там можа быць Лукашэнка, умоўна кажучы, Канапацкая, і, магчыма, нейкі чалавек, які зусім невыразны, зусім незразумелы. Каб іх было хаця б трое. Я думаю, што на менш чым тры кандыдаты яны ўсё ж такі не пагодзяцца», — лічыць Фрыдман.
«Зразумела, тэарэтычна магчымы і Гайдукевіч па прынцыпе: калі іншых няма, то можна і яго ўзяць», — дадае аналітык, але ён не думае, што ўсе раптам пачнуць аддаваць галасы за Гайдукевіча па прынцыпе «толькі б не Лукашэнка».
«Для такой кампаніі Гайдукевіч вельмі ж дзіўная фігура. Калі нешта падобнае пачнецца (а гэта было б вельмі дасціпна сказаць — галасуйце тады ўсе за Гайдукевіча), давайце паглядзім, што пачнецца хутчэй: Гайдукевіч, які дабяжыць да выбаркама і здыме сваю кандыдатуру, або гэтая кампанія, якая набудзе масавы характар у інтэрнэце. Думаю, што ўсё ж такі Гайдукевіч пабяжыць у выбаркам хутчэй», — выказаў сваё меркаванне Аляксандр Фрыдман.
Гайдукевіч параіў беларусам, якія не здзяйснялі злачынстваў, «адседзець і жыць далей»
Гайдукевіч даў інтэрв'ю «экстрэмісцкаму» выданню і расказаў, чаму члены ягонай партыі выглядаюць як клоны
Лябедзька: Гайдукевіч — гэта палітычны ботакс беларускай палітыкі
Ганна Канапацкая плануе балатавацца на выбарах-2025
Каментары
Ён не нашага роду. Гэта кандыдат ад Качанавай, Азаронка, Карпянкова, Муказвончына, Вольфавіча, Моластава і ўсіх тых хто ненавідзіць Беларусь, беларускую мову, культуру і беларускі народ.