10 кастрычніка Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь выдала паведамленне адносна прыняцця Папам Францішкам адмовы ад пасады дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца.
«Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь паведамляе, што Святы Айцец Папа Францішак прыняў адмову ад пасады дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Яго эксцэленцыі Казіміра Велікасельца», — сказана ў дакуменце, падпісаным Часовым павераным у справах Святога Пасаду ў Беларусі ксяндзом прэлатам Кшыштафам Сэрокам.
Такім чынам, з гэтага часу найстарэйшы каталіцкі іерарх у Беларусі біскуп Казімір Велікаселец, які 5 мая наступнага года адзначыць сваё 80-годдзе, у адпаведнасці з канонам 185 Кодэкса кананічнага права, можа ўжываць тытул «эмерыт».
На пасаду дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі дамініканін Казімір Велікаселец быў менаваны Янам Паўлам II 6 мая 1999 года. 24 чэрвеня таго ж года прыняў біскупскае пасвячэнне ў Пінску. З 3 студзеня 2021 года да 23 кастрычніка 2021 года быў Апостальскім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
У апошні час нёс служэнне ў Гомелі.
Каментары