Малавядомая ў нашым рэгіёне пісьменніца, але ўдастоеная высокіх лаўраў у заходнім свеце, дзе яе нярэдка называюць «карэйскім Кафкам», Хан Ган сёння стала першай жанчынай з Азіі, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Разабраліся, пра што яе творы і чаму Нобеля ёй прысудзілі менавіта цяпер.
Хан Кан нарадзілася ў вялікім горадзе Кванджу, што на поўдні Карэі, у пісьменніцкай сям'і. У 1970 годзе, калі яна з'явілася на свет, літаратурная кар’ера Хан Сын-вона, які выкладаў у мясцовым універсітэце, была на ўзлёце. Нядаўні дэбютант у прыгожай славеснасці ўсяго за пару гадоў творчасці здолеў выйграць у прэстыжным літаратурным конкурсе.
У 1980 годзе ў Кванджу стала неспакойна і ён разам з сям’ёй пераехаў у Сеул, каб займацца толькі пісьменніцкай справай. Але ў сваёй творчасці ён заўсёды заставаўся верным свайму роднаму правінцыйнаму павету Чанхын на паўднёвым узбярэжжы Карэі. У ягоных творах моцна адчуваецца дух месца, шмат увагі надаецца людзям, якія змагаюцца са сваім лёсам, і страшным гістарычным падзеям, якія перажыла Карэя ў XX стагоддзі — ад японскага панавання і Карэйскай вайны да жорсткай расправы ўрадавых сіл над студэнтамі ў Кванджу.
Бацька і ягоная творчасць, звернутая да траўмаў айчыннай гісторыі, аказалі моцны ўплыў на ўсю творчасць Хан Ган.
Яна і яе брат Хан Далім таксама выбралі пісьменніцкі шлях. Хан Ган прайшла класічны шлях для пісьменніка — паступіла ў сеульскі ўніверсітэт Ёнсэ, дзе вывучала карэйскую літаратуру, а пасля яго заканчэння працавала ў мясцовым выдавецтве.
Творчы шлях Хан Ган пачынала як паэтка, апублікаваўшы ў 1993 годзе некалькі сваіх вершаў у мясцовым часопісе. Але праз год яе дэбютнае апавяданне «Чырвоны якар» перамагло ў конкурсе сталічнай газеты, што прадвызначыла яе далейшы творчы шлях як празаіка і раманісткі.
Ужо ў 1995 годзе, пасля выхаду першага зборніка апавяданняў «Каханне ў Ёсу», якія паказваюць розныя аспекты чалавечых пачуццяў і адносін у невялікім правінцыйным горадзе, яна кінула сваю працу і цалкам прысвяціла сябе літаратуры. Яе творы, галоўнымі тэмамі якіх з’яўляліся ізаляцыя, эмацыянальны боль і маральная адказнасць, атрымалі вялікае прызнанне ў Карэі.
У 2005 годзе Хан Ган атрымала за сваё апавяданне «Мангольская пляма», у якім даследавала пытанні ідэнтычнасці і культурнай прыналежнасці, адну з галоўных літаратурных узнагарод Карэі — прэмію імя Лі Сана. Высокая ацэнка творчасці Хан Ган стала прычынай, па якой яе ў 2007 годзе запрасілі выкладаць на кафедры прыгожага пісьменства ў Сеульскім інстытуце мастацтва.
Той жа 2007 год стаў пераломным і ў яе творчасці. Былі апублікаваныя тры яе асобныя апавяданні, якія ўтваралі адзіную гісторыю і пасля былі перапрацаваныя ў раман «Вегетарыянка», які вырваўся за межы нацыянальнай літаратуры.
Яна так актыўна пісала з дапамогай клавіятуры камп'ютара, што ўрэшце траўмавала сваё запясце. Першыя дзве часткі «Вегетарыянкі» яна напісала ад рукі, бо гэта аказалася менш балючым, чым набіраць тэкст на клавіятуры. Трэцюю частку рамана яна ледзь скончыла — праз боль у запясці Хан Ган давялося пісаць, трымаючы ручку стрыжнем уверх. Але гэты боль, відаць, быў больш адлюстраваннем душэўных мукаў, бо як толькі праца была скончана — ён гэтак жа нечакана знік.
Раман атрымаўся сюррэалістычнай прыпавесцю, у якой раскрываецца глыбокая і складаная гісторыя хатняй гаспадыні Ёнг Хэ, якая, здавалася б, раптоўна вырашае адмовіцца ад мяса і прыняць вегетарыянскі лад жыцця. Аднак гэтае рашэнне не было простым выбарам, а хутчэй непазбежным вынікам яе ўнутранага стану і цяжкіх эмоцый. Ёнг Хэ паступова губляе цікавасць да звычайных чалавечых узаемадзеянняў і адыходзіць ад сацыяльных нормаў. Яе трансфармацыя пачынаецца з сну, які падштурхоўвае яе адмовіцца ад мяса, што знішчае яе ўласную ідэнтычнасць і адчуванне дабрабыту.
Сям'я Ёнг Хэ не можа спакойна прыняць яе змены. Яны адчуваюць боль і страх, сутыкаючыся з яе рашэннямі, і кожны з іх па-свойму рэагуе на гэтую дзіўную сітуацыю. Аўтарытарны бацька спрабуе прымусіць яе з'есці свініну, муж непакоіцца пра рэпутацыю, а брат адчужаецца. На фоне гэтых канфліктаў, раман набывае ўсё больш драматычнае і псіхалагічнае адценне, уздымаючы складаныя тэмы ўнутранага супраціўлення, сямейных адносін і грамадскіх чаканняў.
Хан апісвае трансфармацыі, якія адбываюцца з целам Ёнг Хэ, настолькі ёміста і бязлітасна, што нават не кожны падрыхтаваны чытач зможа вытрымаць гэтыя жахі.
Класічным прыкладам такіх фізіялагічных жахаў з’яўляецца «Ператварэнне» Кафкі. Менавіта з вычварнымі творамі гэтага пісьменніка стаілі параўноўваць раман Хан Ган, які ў 2015 годзе, першым ва ўсёй яе творчасці, быў перакладзены на англійскую мову.
Гэты пераклад прынёс Хан Ган міжнароднае прызнанне і галоўную брытанскую ўзнагароду ў галіне літаратуры для аўтараў, чые творы былі перакладзены на англійскую мову — Міжнародную Букераўскую прэмію, якую яна атрымала ў 2016 годзе.
Журы назвала «Вегетарыянку» творам «дакладным, трывожным і выдатна складзеным». Раман карэйскай пісьменніцы абышоў у намінацыі раман Архана Памука «Мае дзіўныя думкі» і заключны раман з «Неапалітанскага квартэта» Элены Ферантэ, пра які мы нядаўна пісалі, — «Гісторыя згубленага дзіцяці». Не абыйшлося, аднак, і без скандалу.
Калі арыгінал і пераклад параўнаў прафесар з Сеульскага ўніверсітэта, то выявіў грубыя недакладнасці ў перакладзе. Сміт часта блытала словы, няправільна перакладала фразы і змяняла іхні сэнс, а таксама злоўжывала стылістычнымі ўпрыгажэннямі, якіх не было ў арыгінале. Многія задаваліся пытаннем — а ці атрымаў бы раман высокую ўзнагароду, калі б яго татальна не перапрацавала перакладчыца?
Нягледзячы на вонкавае падабенства з творам Кафкі, пісьменніца прызнаецца, што на раман яе натхніла айчынная літаратура — творчасць паэта-мадэрніста Лі Сана 1920-х гадоў, якой яна была апантаная ў час вучобы ва ўніверсітэце. Сан пісаў, «я хачу верыць, што людзі павінны быць раслінамі», укладаючы ў гэтую фразу свой пратэст супраць гвалту, якія панаваў у Карэі, калі яна знаходзілася пад акупацыяй Японіі.
Тэма гвалту застаецца адной з магістральных ліній у творах Хан Ган. Раман «Чалавечыя ўчынкі», які пабачыў свет у 2014 годзе, адлюстроўвае падзеі, якія звязаныя з паўстаннем студэнтаў у Кванджу.
Паўстанне адбылося ў тым жа 1980 годзе, калі яна, 9-гадовая дзяўчынка, пакінула гэты родны горад. Паўстанне супраць аўтарытарнага рэжыму ў Паўднёвай Карэі было жорстка задушана, загінулі сотні маладых людзей.
Хан Ган распавядала ў інтэрв’ю, што трохі пазней, калі ёй было ўжо 12 гадоў, яна пабачыла фотаальбом са здымкамі часоў паўстання, які быў схаваны на верхняй паліцы кніжнай шафы. Ён таемна распаўсюджваўся пасля бойні, каб засведчыць тое, што адбылося. Дзяўчына была ўзрушаная не толькі жорсткасцю людзей, але таксама іхняй сілай і годнасцю. Яна запомніла доўгія чэргі людзей, якія хацелі здаць кроў для тых, хто быў паранены ўрадавым сіламі.
Гэтыя ўспаміны, як яна прызнаецца, былі доўгі час запячатаны ў ёй, толькі ў 42 гады яна нарэшце кінула выклік самой сабе. Каб скончыць свой раман, яна пачала збіраць матэрыялы пра разню ў Нанкіне, падзеі Другой сусветнай вайны, Баснійскі канфлікт і іншыя праявы чалавечнага гвалту. Але пра саму бойню яна пісаць не хацела, яе куды больш цікавіла пытанне чалавечнасці.
Гэтыя два творы, «Вегетарыянка» і «Чалавечыя ўчынкі», у асноўным і перакладаюцца на еўрапейскія мовы і атрымліваюць высокія адзнакі ад крытыкаў. На беларускую мову, на жаль, пакуль не перакладзены ні адзін з раманаў карэйскай пісьменніцы. Можна толькі спадзявацца, што Нобелеўская прэмія падштурхне перакладчыкаў больш пільна сачыць за азіяцкім кірункам, які толькі адкрывае сябе свету.
Фармулёўка, з якой Хан Ган атрымала сёння Нобелеўскую прэмію па літаратуры — «за напружаную паэтычную прозу, якая супрацьстаіць гістарычным траўмам і агаляе далікатнасць чалавечага жыцця», — як нельга добра характарызуе ідэйныя і мастацкія прынцыпы, якія праяўляюцца ў яе творчасці. Выбар Нобелеўскага камітэта — адлюстраванне новай гістарычнай рэчаіснасці, калі на нашых вачах ламаюцца чалавечыя лёсы ў непагасным агні вайны і гвалту.
Адзін са сваіх твораў Хан Ган зберагла для далёкай будучыні. У 2014 годзе мастачка Кэці Патэрсан запусціла праект «Бібліятэка будучыні», які можна параўнаць з літаратурнай капсулай часу. Кожны год на працягу стагоддзя адзін з выдатных літаратараў свайго часу будзе перадаваць у «Бібліятэку будучыні» адзін свой твор, які нідзе не будзе надрукаваны і нікім не будзе прачытаны аж да 2114 года. У 2018 годзе Хан Ган, якая мае двух дзяцей — сына і дачку, перадала свой рукапіс «Дарагі сынок, мой любы», пра які па ўмовах праекта невядома нічога акрамя назвы.
Каментары