Меркаванні

«Думаю, Лукашэнка атрымліваў задавальненне — што можа «ўдзелаць» ідэйнага ворага ў сваіх вачах». Арцём Шрайбман пра інтэрв'ю на CNN

Навошта Лукашэнку размаўляць з амерыканскім тэлекананалам і ці можа гэта інтэрв'ю паўплываць на стаўленне да яго на Захадзе? Аналітык Арцём Шрайбман пра тое, чаму скептычна ставіцца да такога фармату.

На CNN інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам выйшла 1 кастрычніка — у эфір пусцілі толькі 7-хвілінны ролік.

Прабачэнні за гвалт, Расія і Пратасевіч. Што з гутаркі з Лукашэнкам паказалі на амерыканскім тэлеканале CNN?

«Можна нямала пунктаў знайсці для крытыкі на адрас Лукашэнкі, але, шчыра кажучы, ніколі не стаў бы яго крытыкаваць за тое, што ён баіцца вострых пытанняў на прэс-канферэнцыі ці інтэрв’ю, — заўважае Арцём Шрайбман. — Наколькі разумею, Лукашэнка ў прынцыпе адчувае сябе камфортна, калі з ім уступаюць у палеміку — яго гэта таксама заводзіць. Яму, мне падаецца, гэта нагадвае пра 1990-я, калі ён мог у парламенце рубіцца з іншымі дэпутатамі.

Таму я думаю, што ён нават своеасаблівае задавальненне атрымлівае ад самога працэсу — што да яго можа прыехаць ідэйны вораг і ён яго ў сваіх вачах, у вачах сваёй аўдыторыі «ўдзелае».

Ён, вядома, больш у кантэксце, заўсёды можа сказаць, што ўсё вы хлусіце і гэта фэйкі, і не зможа журналіст адразу ў студыі пакласці доказы катаванняў — ён заўсёды будзе ў пройгрышным становішчы. 

Лукашэнка шматразова даваў інтэрв’ю заходнім СМІ. Таму нічога выбітнага ў сённяшнім я не бачу.

Ну і плюс палітычны пасыл. Ён жа часта размаўляе з журналістамі ў такім рэчышчы: вы наёмнікі вашых гаспадароў, але ў вас ёсць аўдыторыя, да якой я магу дагрукацца. І ён лічыць у добрай савецкай традыцыі, што на Захадзе ёсць варожы ўрад, а звычайны народ з ім. Таму трэба звяртацца да іх праз варожыя каналы.

У мяне скептычнае стаўленне да тэлеканала CNN. У прынцыпе, амаль усе амерыканскія тэлеканалы жывуць у свеце сваіх наратываў. У іх ёсць успрыняцце Лукашэнкі: былы калгаснік, дыктатар, нейкі дзіўны вусаты чалавек з Усходняй Еўропы, які саджае самалёты і б’е людзей. Што б ён ні сказаў, адмаўляў бы факты ці не, паабяцаў бы сысці ці не, яго ўсё адно ўкладуць у гэту фабулу і так і пададуць.

Таму мала тут залежыць ад самога інтэрв’ю. Вядучыя, якія робяць нарэзку, характарызуюць яго да і пасля інтэрв’ю — яны зробяць усю працу, скажуць гледачу, як ён павінен ставіцца. Не хочацца займаць пазіцыю беларускай прапаганды і крытыкаваць CNN, але калі мы пераключымся з Беларусі, CNN унутры ЗША — даўно ідэалагізаванае СМІ, якое працуе на падтрыманне тых настрояў, якія даюць яму аўдыторыю. З Лукашэнкам будзе тая ж гісторыя.

Я сумняюся, што ў кагосьці пра яго зменіцца меркаванне. Інтэрв’ю проста будзе падтрымліваць той вобраз усходнееўрапейскага ізгоя, які ў яго быў дагэтуль».

Фота з твітара Мэцью Чэнса

На пытанні пра катаванні Лукашэнка адказвае, што гэта фэйкі і фантазіі. У поўнай версіі інтэрв’ю, калі згадваецца забойства чалавека ў першыя дні выбараў (верагодна, размова пра Аляксандра Тарайкоўскага), заяўляе, што «чалавек падняў святлошумавую гранату, спрабаваў кінуць у сілы правапарадку і быў ранены». Такой напачатку была афіцыйная версія. Ці значыць гэта, што Лукашэнка працягвае жыць у інфармацыйным пузыры, прыемным яму?

«Я дапускаю, што па некаторых пытаннях Лукашэнку як данеслі нейкі адзін пункт гледжання, так ужо і не панеслі абвяржэнне. Гісторыя з Тарайкоўскім усё ж знакавая — думаю, там цалкам усё адрапартавалі. Магчыма, ён не ў курсе, што людзі ведаюць і што Следчы камітэт прызнаў, што нічога ў руках не было.

У гэтым уся сутнасць і недасканаласць гэтага фармату інтэрв’ю, такога драматургічнага спектаклю, якім з’яўляюцца інтэрв’ю амерыканскага тэлебачання.

Бо ў журналіста няма магчымасці выкарыстаць метады, як з амерыканскімі палітыкамі, якія мусяць адказваць за свае словы — калі яны адкрыта хлусяць, ім гэта выльецца ў скандал сярод выбаршчыкаў.

З-за таго, што з Лукашэнкам і з іншымі аўтакратамі, Пуціным напрыклад, нічога падобнага не працуе, яны могуць называць усё што заўгодна фэйкамі і ім будзе няважна, што гэтыя фэйкі ўскрыюцца замежнай аўдыторыі. Праз гэта журналіст аказваецца імпатэнтны — ён нічога не можа зрабіць. 

Я сумняюся, што за 27 год Лукашэнка не навучыўся адбіваць насамрэч нязручныя пытанні, якія маглі б завесці яго ў нейкую ганьбу. Сумняюся, што ён не адчувае такіх момантаў, каб яго так проста было злавіць чалавеку, які не ў кантэксце. Таму я скептычны адносна такіх фарматаў.

Амерыканцам патрэбна было шоу — яны яго атрымалі ў нейкім выглядзе. Лукашэнка вырашаў свае задачы, асабістыя ці палітычныя. Каб штосьці з гэтага змянілася ў Беларусі ці на Захадзе… Напэўна, Лукашэнка павінен быў страціць кантроль над сабой, пачаць хаміць на адрас заходніх лідараў, пагражаць — тады гэта магло б стаць такім фактарам».

Каментары

Хто тая жанчына, якую Марзалюк у эфіры БТ абазваў «шваллю з Гродна», і што яна піша ў чатах? Расказваем пра доктарку Стэфановіч7

Хто тая жанчына, якую Марзалюк у эфіры БТ абазваў «шваллю з Гродна», і што яна піша ў чатах? Расказваем пра доктарку Стэфановіч

Усе навіны →
Усе навіны

Міліцыя праводзіць у Беларусі маштабнае камандна-штабное вучэнне. Абяцаюць спецтэхніку з перакрыццём вуліц і піратэхніку3

Алексіевіч расказала, як ёй прапанаваў дапамогу расійскі мільярдэр Неўзлін17

Грузінская паліцыя разагнала акцыю пратэсту апазіцыі і знесла намётавы гарадок4

Прэзідэнт непрызнанай Абхазіі пайшоў у адстаўку2

Кепскі мір ці зацяжная вайна. Як Украіна рыхтуецца да таго, што Трамп паспрабуе адразу пасадзіць яе за стол перамоваў13

Беларусь згуляла ўнічыю з Балгарыяй у апошнім матчы Лігі нацый. Лукашэнку на трыбунах таксама ўспомнілі5

Абарваныя адразу два інтэрнэт-кабелі, якія злучаюць Скандынавію з Германіяй і Літвой. Падазраюць дыверсію15

Беларусцы прыйшлося вярнуць дзіцячую дапамогу дзяржаве за паўгода. Што адбылося?10

Юлія Чарняўская прэзентавала кнігу паэзіі, напісаную пад хатнім арыштам. Яна прысвяціла яе мужу — Юрыю Зісеру

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто тая жанчына, якую Марзалюк у эфіры БТ абазваў «шваллю з Гродна», і што яна піша ў чатах? Расказваем пра доктарку Стэфановіч7

Хто тая жанчына, якую Марзалюк у эфіры БТ абазваў «шваллю з Гродна», і што яна піша ў чатах? Расказваем пра доктарку Стэфановіч

Галоўнае
Усе навіны →