Грамадства

Блогерку Вольгу Такарчук затрымалі на вачах у дзяцей, а яшчэ над ёй вісіць крымінальная справа — даведаліся, што адбываецца ў сям'і

Дызайнерку і ютуб-блогерку Вольгу Такарчук за апошні год чатыры разы судзілі па адміністрацыйных артыкулах. Усё заканчвалася штрафамі, бо жанчына гадуе непаўнагадовых дзяцей. Але пры гэтым над ёй працягвае вісець крымінальная справа за абразу суддзі, а 14 мая жанчыну наўпрост забралі ў РУУС каля дома з жаданнем скласці новы пратакол — за тое, што нібыта гучна мацюкалася на вуліцы. Праўда, адпусцілі праз шэсць гадзін ад затрымання. «Пасля такога фокуса сяджу як на іголках. Пакуль у іх не атрымалася мяне закрыць, але хто ведае, наколькі далёка яны пойдуць далей. Не па сабе ад невядомасці», — шчыра прызнаецца Вольга.

Распыталі ў блогеркі пра акалічнасці дзіўнага затрымання і жыццё ў пастаянным напружанні.

Вольга Такарчук.

— Раскажыце падрабязней, як і чаму вас затрымалі ў мінулую пятніцу, а пасля ўсё ж адпусцілі? 

— У пятніцу пачаўся суд па «студэнцкай» справе. Я звычайна наведваю палітычныя суды, але менавіта ў гэты дзень прыехаць не магла. Ведаю, што людзей, якія прыйшлі падтрымаць студэнтаў, затрымлівалі каля суда. А мяне вось чамусьці забралі ў РУУС амаль з парога дома.

Недзе ў 13:35 мы разам з мужам і дзецьмі пад’ехалі да нашага пад’езда, выйшлі з машыны з сумкамі і каробкамі. І тут з «джылі» вылезлі два міліцыянеры і накіроўваюцца да мяне: «Праедзем з намі для прафілактычнай гутаркі». Яны не прадстаўляліся, не тлумачылі, чаму мяне затрымліваюць.

Старэйшы сын пачаў плакаць, чапляцца за маю нагу і крычаць: «Мамачка, дарагая! Куды вы яе забіраеце?». Але ў міліцыянераў былі каменныя твары.

Мяне спыталі: «Вы аказваеце супраціў?» Я для сябе вырашыла, што лепш ехаць з імі: не сёння, дык заўтра яны б усё адно прыйшлі за мной, раз была такая ўстаноўка.

У Першамайскім РУУС мы былі недзе ў 13:50. Абшуквалі мяне так, як ніколі: нават станік прыйшлося зняць і гумку з валасоў. Не ведаю, што шукалі, але ніякай зачэпкі для сябе не знайшлі: у мяне з сабой не было ні тэлефону, ні сімволікі. Далей супрацоўнікі, відаць, не ведалі, што са мной рабіць: перакідвалі з кабінета ў кабінет, ніхто не хацеў на сябе адказнасць браць за складанне на мяне пратакола. Так прайшло амаль шэсць гадзін. Шмат хто з міліцыянераў сышоў дадому. Пры гэтым мой муж сядзеў унізе з сабранай на Акрэсціна сумкай. Яму, дарэчы, доўга казалі, што мяне ў Першамайскім РУУС няма.

У выніку мне ўсё ж прынеслі пратакол каля 19:00: у ім я нібыта ў 13:20 мацюкалася і размахвала рукамі пад РУУС. Мой мозг проста ўзарваўся: чалавек нават час не падагнаў, бо ў 13:20 я яшчэ ў краме разлічвалася на касе.

І таму ёсць пацверджанне на ўсіх камерах відэаназірання. Натуральна, я адмовілася падпісваць той пратакол, пракаментаваўшы, што міліцыянер такім чынам здзяйсняе злачынства. А пасля праз нейкі час ён проста сказаў збіраць рэчы і ісці на выхад: «Вы свабодныя, Вольга Андрэеўна!» Копію пратакола мне нават не далі, спаслаўшыся на тое, што зламаліся прынтары.

Вольга спецыяльна схадзіла ў краму пасля свайго вызвалення і папрасіла відэа з запісам свайго знаходжання там у час, у які яна паводле пратакола «мацюкалася каля РУУС»

— Ваша блогерская дзейнасць ніяк не згадвалася? Бо былі думкі, што вас затрымалі з нагоды відэарэпартажу са святкавання 9 мая, у якім вы назвалі гэта «цыркам». 

— Не, у мяне толькі пыталіся, колькі мне плацяць за відэа. Але калі паглядзець уважліва, то можна ўбачыць, што ў мяне дагэтуль нават данаты не адкрытыя. Ад рэкламы капае зусім крышачку. На жыццё мне хапае са свайго заробку і заробку мужа: пасля звальнення з універмага «Беларусь» я працую як ІП дызайнерам, муж — у краме. Пакуль ютуб — гэта больш для душы. Каб беларусы памяталі, што нас шмат, што нам нельга здавацца і што за намі лёсы сотняў людзей, якія сядзяць за кратамі.

Міліцыянеры, з якімі я камунікавала ў РУУС, упэўненыя, што ўсё затухла, барацьба не ідзе. Як з каранавірусам: калі яго не відаць, то і няма. Заробкі яны атрымліваюць — і значыць, усё нармальна, на перспектыву ніхто не думае.

— У вас з мужам поўнае паразуменне ў актывісцкіх справах?

— У мяне такі характар, што мне складана нешта забараніць. Але муж мяне падтрымлівае.

Знайдзі яшчэ такога мужчыну, які будзе гатовы прасядзець пад РУУС амаль шэсць гадзін, патрабуючы вярнуць яму жонку. Калі я выйшла, у мяне слёзы на вочы навярнуліся ад яго кахання і адданасці.

Муж неяк сказаў мне: «Воля, калі б я цябе не падтрымліваў, я б даўно прывязаў цябе да батарэі і ты не трапіла б ні на адзін марш». Пасля той фразы ў мяне ўсе пытанні да яго зніклі.

З мужам і дзецьмі

— Дзеці ў вас таксама ўжо падрыхтаваныя да вашых затрыманняў?

— Малодшай дачцэ Ганне тры гады. Пасля майго апошняга затрымання яна сказала бабулі, што «маці забралі ў міліцыю за дрэнныя паводзіны». А старэйшаму сыну хутка будзе восем. Ëн усё выдатна разумее: яны і ў школе абмяркоўваюць падзеі ў грамадстве, нават апытанку ў класе ладзілі, хто з бацькоў за каго галасаваў у жніўні. І, дзякуй Богу, у нас добры клас.

У Мацвея амаль усе цацкі бел-чырвона-белыя, танчыкі. І паўсюль у горадзе ён шукае менавіта гэтае спалучэнне колераў. Адразу крычыць мне, як знойдзе: «Маці, глядзі!»

Калі я першыя два разы апыналася на Акрэсціна, яшчэ атрымлівалася хлусіць, што я на працы. А калі цябе затрымліваюць прама на вачах у дзяцей, хаваць нешта ад іх няма сэнсу. Акрамя таго, пакуль муж чакаў мяне пад РУУС, як высветлілася пазней, супрацоўнікі крымінальнага вышуку вырашылі паламацца да нас у дзверы. Яны бачылі, што я затрыманая іх калегамі і, як я разумею, вырашылі скарыстацца магчымасцю ўварвацца да нас, калі дома засталіся адны дзеці: сын, дачка і мая дзевяцігадовая пляменніца. Добра, што малыя навучаныя не адчыняць дзверы чужым дзядзькам. Але напужаліся яны тады моцна.

— А сацыяльна небяспечным становішчам вам яшчэ не пагражалі?

— Ужо прыходзілі дадому псіхолаг са школы і супрацоўніца дзіцячага садка. Праўда, вельмі выбачаліся — далі зразумець, што яны за мяне, але вось такое распараджэнне ў іх. Яны агледзелі дом і сказалі, што плануецца камісія, якая вырашыць, ці ставіць нас на ўлік ці не. Хаця аб’ектыўна ў нас няма да чаго прычапіцца. 

— На якім этапе ваша крымінальная справа за абразу дзейнасці суддзі ў каментарах на ютубе?

 — Чакаю суд, усіх загадзя на яго запрашаю. Была надзея, што справу спыняць. Спынілі ж ход мінулай: нейкая жанчына зімой напісала на мяне заяву ў міліцыю — нібыта ёй вельмі перашкаджае жыць мой канал, нібыта я крыўджу АМАП сваімі ролікамі.

— Дзяржпрапаганда спрабавала прысароміць вас, маўляў, уладу крытыкуеце, а кватэра ў вас ад таты, які працаваў у Мінгарвыканкаме. Ëн сапраўды быў чыноўнікам?

— Мой бацька спачатку ўвогуле ў міліцыі працаваў, а пасля сапраўды ў Мінгарвыканкаме, у сектары прыватызацыі. Але кватэра, дзе я жыву, дасталася мне ад дзядулі, які атрымаў яе, яшчэ калі працаваў на заводзе імя Вавілава. Сам тата будаваў сабе жытло ў крэдыт, які выплочвае і па сёння. І ганяе на старой машынцы недзе майго ўзросту, таму не ведаю, у чым нас хочуць абвінаваціць.

Тата заўсёды быў сумленным чалавекам, я ім вельмі ганаруся. Не ўсе чыноўнікі дрэнныя: паглядзіце на таго ж Латушку ці Цапкалу, хоць яны і працавалі ў сістэме. І ў міліцыі бацька нікога без справы не пасадзіў, як робяць сённяшнія міліцыянеры.

— Цяпер вы пад падпіскай пра нявыезд, не было шкадавання, што не з’ехалі, калі хацелі?

— У мяне былі такія думкі з рызыкай першай крымінальнай справы. Але цяпер я не разумею, як можна столькі часу змагацца, а пасля сустракаць перамогу ў іншай краіне, не са сваім народам. Я так не хачу.

Я ніколі не пазіцыянавала сябе як блогер: я — дызайнер, маці, жонка. Чалавек, які аднойчы асмеліўся выказаць сваю пазіцыю адкрыта, падтрымліваць свой народ. Я ўлезла ў гэтую барацьбу са з’яўленнем Сяргея Ціханоўскага. Да гэтага ж, як і большая частка насельніцтва, сядзела на кухні, мне было да ліхтара, што адбываецца навокал. А пасля я зразумела, што не хачу пакідаць дзецям у спадчыну разбураную і бедную краіну. Гэта матывуе мяне змагацца. Я тупіла шмат год, але асэнсавала сувязь паміж дзеяннямі ўлады і дабрабытам насельніцтва.

Мае гледачы пішуць на мой адрас шмат добрых словаў за мае ролікі — значыць, я зрабіла ўсё правільна, засталася тут правільна. Урэшце, я грамадзянка сваёй краіны і не разумею, чаму павінна кудысьці збягаць. Хай 3% з’язджаюць, а я не баязліўка.

— Ëсць нейкія канкрэтныя планы наконт ютуб-канала? 

— Цяжка будаваць планы ў краіне, у якой могуць пасадзіць у любы момант. Але, канечне, я буду працягваць весці канал, пакуль ён патрэбны людзям, пакуль беларусам важная мая падтрымка.

Маё жыццё павярнулася на 180 градусаў пасля таго, як я уварвалася ў гэтую барацьбу. Пачаліся новыя сябры, знаёмствы з крутымі людзьмі, блогерамі. Людзі са старога жыцця, наадварот, адсеяліся: мне не хочацца падтрымліваць сувязь з тымі, хто жыве адным днём і не імкнецца да лепшага.

Цяпер я вельмі чакаю, калі на волю выйдзе Сяргей Ціханоўскі, Паша Спірын, іншыя палітзняволеныя. Разам мы зможам рабіць крутыя праекты на ютубе без цэнзуры. Гэта будзе зусім іншая, новая, свабодная Беларусь.

Не забывайце, што нас — 97%, за намі перамога, але пад ляжачы камень вада не цячэ.

Каментары

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе4

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі аўтобусны перавозчык абвясціў пра зніжку 50 працэнтаў на шэраг замежных маршрутаў1

Шмат драўляных канструкцый. Чаму ўскладнялася тушэнне пажару ў ГЦ «Беларусь» у Віцебску4

«Зробім Расію зноў маленькай»: літоўку знялі з удзелу ў чэмпіянаце, за ёй пайшла і ўся зборная 46

Упершыню за доўгі час адбылася масавая атака дронаў на Украіну1

Стаў вядомы каляндар матчаў зборнай Беларусі ў адборы да ЧС-20262

Беларуска кажа, што ў Польшчы яе збіў былы добраахвотнік і сябар КР Аляксандр Камісараў. Той адмаўляе53

У Сабор Нотр-Дам урачыста вярнулі цярновы вянок Ісуса2

Пасля пажару ў гандлёвым цэнтры Віцебска медыцынская дапамога спатрэбілася 15 пацярпелым

Пад Арлом з-за атакі дронаў загарэлася нафтабаза2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе4

Выйшла на свабоду Антаніна Канавалава, давераная асоба Ціханоўскай у 2020 годзе

Галоўнае
Усе навіны →