Гісторыя

Берлін: горад, у якім пераконваешся, што ніякія муры не вечныя

Архіўны матэрыял часопіса «Наша гісторыя».

Чаму бедны?

А чаму сэксуальны?

Хоць Берлін не мае музеяў маштабу Луўра, ён усё адно трэці па папулярнасці сярод турыстаў, пасля Лондана і Парыжа, горад у Еўропе. Берлін вельмі розны: тут і спадчына Прускага каралеўства ды Германскай імперыі, і сляды камуністычнага эксперыменту, і ашаламляльная сучасная архітэктура, і агромністыя зоны творчасці моладзі, неверагодны стрыт-арт.

Графіці Блю на Cuvrystraße, 50 у берлінскім раёне Кройцберг. Wikimedia Commons.

Чаму Берлін такі папулярны ў турыстаў?

Гісторыя стварыла тут мікс архітэктуры і культуры: палацы ў стылі ампір спалучаюцца з панэльнымі шматпавярховікамі. Амаль кожны раён некалі быў асобным горадам, і дагэтуль захаваліся іх гістарычныя цэнтры ды свае непаўторныя рысы.

Эфектыўны клубок

У схему грамадскага транспарту Берліна сплеценыя 16 ліній гарадской электрычкі (S-Bahn), 9 ліній падземкі (U-Bahn), трамвай, аўтобус, а таксама рэгіянальная чыгунка, паромы, тралейбусы і нават канатная дарога.

Увесь гэты рознакаляровы клубок пабудаваны так, каб з любога пункта горада можна было дабрацца ў цэнтр за гадзіну, а 80% жыхароў Берліна ў радыусе 400 метраў (500 метраў уначы) быў даступны грамадскі транспарт.

Доступ на станцыі і ў цягнікі электрычкі ды метро абсалютна вольны. На станцыях стаяць аўтаматы па продажы квіткоў (можна набыць і анлайн) і валідатары. Ёсць розныя варыянты праязных: на кароткую паездку, на 2 гадзіны, на цэлы дзень, на некалькі паездак і для кампаніі, а таксама доўгатэрміновыя праязныя. Іх цана залежыць ад набору патрэбных зон. 

На што паглядзець?

У Берліне сотні славутасцяў. Ёсць мноства падрабязных гайдаў, дзе можна знайсці забавы на любы густ: музеі, палацы, клубы і кафэ. Якія месцы карыстаюцца найбольшай папулярнасцю?

Аляксандэрплац. depositphotos.com by Stockarch

Два фільмы былі знятыя па культавым рамане Альфрэда Дзёбліна «Берлін. Аляксандэрплац». Адзін — Райнерам Вернерам Фасбіндэрам у 1980 годзе. Другі — Бурханам Курбані ў 2020-м. Абодва вартыя. І абодва даюць магчымасць злавіць «дух Берліна». 

Фота freepik.

У Старым музеі побач з саборам размешчана калекцыя прадметаў мастацтва антычнасці. У Новым музеі можна паглядзець на Егіпецкую калекцыю і прадметы дагістарычнага перыяду са знаёмым з падручнікаў бюстам Неферціці.

Wikimedia commons

Музей Бодэ славіцца калекцыяй візантыйскага мастацтва, а таксама сярэднявечнымі статуямі і манетамі.

 Старая нацыянальная галерэя. Фота Ягора Хаванскага

Вароты Іштар у Пергамскім музеі. Фота Ягора Хаванскага

Бульвар Унтэр-дэн-Ліндэн (ням. Unter den Linden) — адна з найбольш знакамітых вуліц у свеце. wikimedia commons

Брандэнбургскія вароты — галоўны сімвал сталіцы Германіі, пабудаваны з каменю-пясчаніку ў XVIII стагоддзі. На вяршыні класічнага збудавання знаходзіцца шасціметровая квадрыга, якую ў 1806 годзе Напалеон забраў у Парыж. Пасля бітвы пад Ватэрлоа багіня Вікторыя вярнулася дадому, а ў яе руках з’явіўся жалезны крыж.

Брандэнбургскія вароты і Берлінская сцяна. Чэрвень 1988 года. bundesarchiv

Берлінская сцяна праходзіла проста за варотамі (яны знаходзіліся ва Усходнім Берліне), у тым месцы яна была ніжэйшай і таўсцейшай, каб танкі не маглі прарвацца.

Пасля развалу сцяны архітэктар Норман Фостэр рэканструяваў будынак XIX стагоддзя, зрабіўшы ў ім унікальны шкляны купал з люстранымі панэлямі, якія рэгулююць асвятленне залы пасяджэнняў. Абавязкова наведайце: асалода архітэктуры.

Сцены старыя, а ўнутры — усё абсалютна сучасна. Будынак Рэйхстага, у якім цяпер працуе Бундэстаг. wikimedia commons

Бульвар Курфюрстэндам — яго правобразам былі парыжскія Елісейскія палі. Улюбёнае месца для шпацыраў мясцовых жыхароў і шопінгу ў брэндавых крамах. На бульвары знаходзіцца мемарыяльная царква кайзера Вільгельма, якую пасля бамбёжкі ў 1943 годзе вырашылі не аднаўляць. Недалёка месціцца шыкоўны заапарк. 

Царкву берлінцы называюць «Дзіравы зуб». Яе не аднаўлялі пасля бамбёжкі 1943 года. Фота Ягора Хаванскага

Патсдамская плошча (ням. Potsdamer Platz) — пасля Другой сусветнай менавіта тут праходзіла мяжа трох акупацыйных сектараў. Узвядзенне сцяны пакінула ад некалі важнага транспартнага вузла пустэчу. 

Архітэктура Патсдамерплац — буйства колераў, шмат святла. depositphotos.com by Sepavone

Бергхайн (ням. Berghain) — адзін з найбольш знакамітых начных клубаў у свеце, які месціцца ў будынку былой электрастанцыі. Славіцца мноствам міфаў, жорсткімі патрабаваннямі да дрэскоду і вечарынкамі, што доўжацца па некалькі сутак. Праз каранавірус часова пераўтварыўся ў арт-прастору. dw.com

Сцяна паміж Усходам і Захадам

У 1949 годзе на тэрыторыі падзеленай краіны з’явіліся дзве германскія рэспублікі, зрабіўшы Заходні Берлін горадам-дзяржавай, цалкам акружаным сацыялістычнай ГДР. Нягледзячы на адасобленасць ад астатняй краіны, горад меў высокі ўзровень жыцця і шмат дэмакратычных свабод.

У часы халоднай вайны з радарнай станцыі Тойфельберг амерыканцы праслухоўвалі ГДР. Цяпер будынкі аддалі пад культурны хаб. Тут можна пабачыць незлічоныя графіці. earthtrekkers.com

З 1949 па 1961 год праз Заходні Берлін на захад збеглі 2,5 мільёна жыхароў ГДР (кожны шосты!). Таму ноччу 13 жніўня 1961 года, на чарговым вітку эскалацыі халоднай вайны, пачалося ўзвядзенне Берлінскай сцяны. Бетонная агароджа з калючым дротам, землянымі равамі, супрацьтанкавай абаронай і 302 вартавымі вышкамі кальцом ахапіла Заходні Берлін на 28 гадоў.

Людзі капалі тунэлі, пераляталі сцяну на дэльтапланах і паветраных шарах, таранілі яе бульдозерам, каб вырвацца ў вольны свет. Усяго за 28 гадоў збегчы ўдалося 5 тысячам чалавек.

Яшчэ адзін музей Берлінскай сцяны знаходзіцца побач з вядомым чэкпойнтам «Чарлі» (англ. Checkpoint Charlie) на былой мяжы савецкага і амерыканскага сектараў. Там сабраныя рэчы, якія выкарыстоўваліся для ўцёкаў.

КПП «Чарлі» захавалі такім, якім ён быў падчас падзелу Берліна на Заходні і Усходні: з мяхамі з пяском. Але вакол пануе атмасфера турыстычнага трэшу. depositphotos.com by Vogelsp

Цікава, што ГДР актыўна таргавалася з ФРГ адносна палітвязняў і іншых сваіх грамадзян, за дазвол на выезд якіх дабівалася розных саступак. Заходнія немцы нейкі час не скупіліся, плацілі, фактычна выкуплялі палітвязняў. Гэта дазволіла з’ехаць з адной Германіі ў іншую яшчэ некалькім тысячам немцаў.

Дэмантаж сцяны ля Брандэнбургскіх варот 21 снежня 1989 года. Але доўгачаканае падзенне адбылося даволі празаічна. wikimedia commons

А пасля ў ГДР пачаліся масавыя мірныя акцыі пратэсту, вынікам чаго стала адхіленне ад улады Эрыха Хонэкера, які кіраваў Усходняй Германіяй 18 гадоў. Новае кіраўніцтва спрабавала лібералізаваць перамяшчэнні грамадзян. Планавалася захаваць бюракратычную цяганіну, каб узяць працэс пад кантроль, і 9 лістапада па тэлебачанні было аб’яўлена, што ва ўсходніх немцаў цяпер ёсць магчымасць неадкладна выязджаць за мяжу. Мільёны чалавек пачалі сцякацца да межаў ГДР і сцяны ў Берліне. Пагранічнікі не сталі чыніць перашкод. Муры рухнулі.

Следчы ізалятар Штазі стаў часткай музея дыктатуры. depositphotos.com by Celiafoto

3 кастрычніка 1990 года ГДР і ФРГ афіцыйна аб’ядналіся, а ад Берлінскай сцяны захаваліся толькі невялікія фрагменты на памяць нашчадкам.

Горад-касмапаліт

Wikimedia commons

Мігранты з поўдня актыўна ехалі і ў Заходні Берлін. Тут яны сяліліся ў непрэстыжных раёнах каля Сцяны, дзе жытло каштавала найменш: Кройцберг, Нойкёльн, Вэдзінг і іншых. 

Другая хваля іміграцыі ў Германію прыпала на канец 1980- х — пачатак 1990-х: разваліўся сацыялістычны блок, пачаліся войны на Балканах і Блізкім Усходзе, людзі спрабавалі шукаць лепшай долі на чужыне. Сёння ФРГ актыўна прымае бежанцаў з Сірыі, Ірака і Афрыкі. 

Графіці ў раёне Вэдзінг, дзе выраслі браты Баатэнгі: старэйшы Джордж стаў рэперам, а Кевін-Прынс і Жэром — сусветна вядомымі футбалістамі. weddingweiser.de

Мігранты ці іх нашчадкі складаюць 24% насельніцтва Германіі, у асноўным яны канцэнтруюцца ў вялікіх гарадах. Але, насуперак стэрэатыпам, большасць з іх — белыя мігранты. 3,3% насельніцтва — немцы-рэпатрыянты з Расіі, Румыніі, Казахстана. 2,5%, або 2,1 млн, — палякі. Выхадцаў з Турцыі, Сірыі, Усходу і Афрыкі — усяго 6% ад насельніцтва, або чацвёртая частка ад агульнай колькасці мігрантаў.

Горад разнастайнасці

Ёсць гарады, дзе ўсё аднолькавае. А тут можна адшукаць веганскі кірмаш і блышыны рынак, наведаць футбольную гульню шостай лігі паміж камандай эмігрантаў і клубам, які быў заснаваны 130 гадоў таму, ці ў глыбіні квартала сярод панэлек знайсці старажытную царкву. 

depositphotos.com by Efesenko

Ведаеце, чаму Бундэсканцылярыя абсаджаная дзікім вінаградам? Таму што гэтая расліна і ўпрыгожвае, і зберагае энергію. Летам яе густая лістота абараняе будынак ад сонца і спёкі. Восенню лісце пякуча-прыгожае, з рубінава-малінавымі пералівамі. А зімою абсыпаецца і не перашкаджае сонцу награваць будынак. Берлін — горад раскошнай, канцэптуальнай сучаснай архітэктуры, пры сутыкненні з якой перажываеш не толькі эстэтычнае, але і інтэлектуальнае ўзрушэнне. На фота: унутраны дворык Бундэсканцылярыі і пешаходная зона каля яе.

Мурал польскай мастачкі Наталлі Рак каля Гёрліцэрпарку.  pinterest.com

Блізкі свет

Гербавая жывёла ў Берліна з’явілася дзякуючы брандэнбургскаму маркграфу Альбрэхту I па мянушцы Мядзведзь, які жыў у ХІІ стагоддзі. Вось ужо амаль 750 гадоў мішка ў розных варыяцыях застаецца на гербе Берліна. Бывае, што нават паходжанне назвы горада звязваюць з нямецкім словам Bär — мядзведзь. Нібыта першы склад — Ber — пайшоў ад гэтага слова. «Залаты мядзведзь» з’яўляецца ўзнагародай Берлінскага кінафестывалю, а па ўсіх раёнах раскіданыя размаляваныя статуі берлінскага мішкі. Такія ж з 2004 года вандруюць па ўсім свеце ў рамках міжнароднай выставы United Buddy Bears. Фота Ягора Хаванскага

Аэрапорт-мем

Нарэшце, ў мінулым годзе Берлін-Брандэнбург быў адкрыты, паклаўшы канец жартам кшталту «Тэрарыст, які павінен быў узарваць берлінскі аэрапорт, памёр ад старасці». Цяпер гэта адзіны аэравакзал нямецкай сталіцы.

 Футбольная культура

Фанаты «Уніёна» ў дзеянні. У Германіі гэта норма. Фота Ягора Хаванскага

Трапіць на хатні матч «Уніёна» амаль немагчыма: колькасць сяброў фан-клуба значна перавышае колькасць месцаў на трыбунах. 

Менавіта заўзятары «жалезных» распачалі традыцыю калядных спеваў на трыбунах, якую падхапілі і іншыя клубы. Фота Ягора Хаванскага

Праблема з вольнымі месцамі ёсць у «Герты», крыху больш папулярнай за «Уніён». Клуб гуляе на Алімпіяштадыёне (ням. Olympiastadion), які быў пабудаваны перад Алімпійскімі гульнямі 1936 года. Манументальнае збудаванне памятае Адольфа Гітлера і Джэсі Оўэнса, эпічны ўдар Зінэдзіна Зідана галавой у грудзі Марка Матэрацы ў фінале чэмпіянату свету ў 2006-м, а таксама сусветны рэкорд Усэйна Болта ў бегу на 100 метраў. Нягледзячы на ўсе намаганні фанатаў, цалкам трыбуны запаўняюцца хіба што на матчы супраць «Баварыі». 

Алімпіяштадыён. wikimedia commons

Калі вам не пашанцуе трапіць на матч Бундэслігі, не варта адчайвацца. Дзясяткі сталічных клубаў гуляюць штотыдзень на розных прыступках нямецкай футбольнай піраміды і маюць салідную падтрымку. Тут кожны можа абраць нешта на свой густ: эмігранты, «осі» (выхадцы з ГДР), антыфашысты ці старамодныя берлінцы, якія не здраджваюць клубу з роднага раёна.

Берлін — радзіма шаўрмы

У 1949- м годзе ўладальніца закусачнай у брытанскім акупацыйным сектары Герта Хойвер прыдумала арыгінальны соус да традыцыйных каўбасак: яна дадала ў кетчуп вустарскі соус і кары, якія з’явіліся ў Берліне з брытанскімі салдатамі. 

Кілбаскі з кары. Depositphotos.com by Katyjay

Страва стала надзвычайна папулярнай далёка за межамі горада. У Берліне некаторы час існаваў музей карывурста, а на месцы той самай закусачнай удзячныя нашчадкі пасялілі мемарыяльную дошку.

Традыцыйную страву з абсмажанага мяса з гароднінай і соусам яны прыдумалі пакласці ў піту ці завярнуць у лаваш, каб яе можна было лёгка есці. Сёння ў Берліне больш шаўрмярняў, чым у Стамбуле.

Шаўрма. Depositphotos.com by Paulistano

Спаржа

Кебабы і шаўрма — гэта крута для перакусу. Але класічная берлінская страва — гэта спаржа. А сезон спаржы кароткі: май і пачатак чэрвеня. Калі вясна цёплая, спаржа вырастае раней, калі позняя — пазней.

Ласось са спаржай. Depositphotos.com by Rafalstachura

Яе ядуць як асобна, так і з яечняй, у супах, з пастай, у пірагах.

Каментары

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў8

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Усе навіны →
Усе навіны

ГУБАЗіК паправіў пракуратуру18

«Відаць, я добра шыфравалася, што за мной прыйшлі толькі ў 2023 годзе». Мінчанка расказала пра арышт і ўцёкі2

Кур'ер пераканаў 87-гадовую мінчанку не перадаваць грошы на «лячэнне сваячкі»1

У Маскве нацыяналізавалі нерухомасць алігарха з беларускімі каранямі Аляксея Хоціна

Прапагандысты выпадкова паведамілі, колькі плацяць за стварэнне крынджовых стыкераў да Дня народнага адзінства5

Апублікавала рылз пра Караткевіча і выйшла замуж праз восем месяцаў. Гісторыя кахання двух беларусаў3

У ЗША спынілі крымінальны пераслед Трампа па справе штурму Капітолія2

Беларускую спявачку Руслану Панчышыну прызналі ў Іспаніі адкрыццём года2

Генпракуратура расказала пра вялікую справу па дваровых чатах2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў8

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Галоўнае
Усе навіны →