Архіўны матэрыял часопіса «Наша гісторыя».
Чаму бедны?
А чаму сэксуальны?
Хоць Берлін не мае музеяў маштабу Луўра, ён усё адно трэці па папулярнасці сярод турыстаў, пасля Лондана і Парыжа, горад у Еўропе. Берлін вельмі розны: тут і спадчына Прускага каралеўства ды Германскай імперыі, і сляды камуністычнага эксперыменту, і ашаламляльная сучасная архітэктура, і агромністыя зоны творчасці моладзі, неверагодны стрыт-арт.
Чаму Берлін такі папулярны ў турыстаў?
Гісторыя стварыла тут мікс архітэктуры і культуры: палацы ў стылі ампір спалучаюцца з панэльнымі шматпавярховікамі. Амаль кожны раён некалі быў асобным горадам, і дагэтуль захаваліся іх гістарычныя цэнтры ды свае непаўторныя рысы.
Эфектыўны клубок
У схему грамадскага транспарту Берліна сплеценыя 16 ліній гарадской электрычкі (S-Bahn), 9 ліній падземкі (U-Bahn), трамвай, аўтобус, а таксама рэгіянальная чыгунка, паромы, тралейбусы і нават канатная дарога.
Увесь гэты рознакаляровы клубок пабудаваны так, каб з любога пункта горада можна было дабрацца ў цэнтр за гадзіну, а 80% жыхароў Берліна ў радыусе 400 метраў (500 метраў уначы) быў даступны грамадскі транспарт.
Доступ на станцыі і ў цягнікі электрычкі ды метро абсалютна вольны. На станцыях стаяць аўтаматы па продажы квіткоў (можна набыць і анлайн) і валідатары. Ёсць розныя варыянты праязных: на кароткую паездку, на 2 гадзіны, на цэлы дзень, на некалькі паездак і для кампаніі, а таксама доўгатэрміновыя праязныя. Іх цана залежыць ад набору патрэбных зон.
На што паглядзець?
У Берліне сотні славутасцяў. Ёсць мноства падрабязных гайдаў, дзе можна знайсці забавы на любы густ: музеі, палацы, клубы і кафэ. Якія месцы карыстаюцца найбольшай папулярнасцю?
У Старым музеі побач з саборам размешчана калекцыя прадметаў мастацтва антычнасці. У Новым музеі можна паглядзець на Егіпецкую калекцыю і прадметы дагістарычнага перыяду са знаёмым з падручнікаў бюстам Неферціці.
Музей Бодэ славіцца калекцыяй візантыйскага мастацтва, а таксама сярэднявечнымі статуямі і манетамі.
Брандэнбургскія вароты — галоўны сімвал сталіцы Германіі, пабудаваны з каменю-пясчаніку ў XVIII стагоддзі. На вяршыні класічнага збудавання знаходзіцца шасціметровая квадрыга, якую ў 1806 годзе Напалеон забраў у Парыж. Пасля бітвы пад Ватэрлоа багіня Вікторыя вярнулася дадому, а ў яе руках з’явіўся жалезны крыж.
Берлінская сцяна праходзіла проста за варотамі (яны знаходзіліся ва Усходнім Берліне), у тым месцы яна была ніжэйшай і таўсцейшай, каб танкі не маглі прарвацца.
Пасля развалу сцяны архітэктар Норман Фостэр рэканструяваў будынак XIX стагоддзя, зрабіўшы ў ім унікальны шкляны купал з люстранымі панэлямі, якія рэгулююць асвятленне залы пасяджэнняў. Абавязкова наведайце: асалода архітэктуры.
Бульвар Курфюрстэндам — яго правобразам былі парыжскія Елісейскія палі. Улюбёнае месца для шпацыраў мясцовых жыхароў і шопінгу ў брэндавых крамах. На бульвары знаходзіцца мемарыяльная царква кайзера Вільгельма, якую пасля бамбёжкі ў 1943 годзе вырашылі не аднаўляць. Недалёка месціцца шыкоўны заапарк.
Патсдамская плошча (ням. Potsdamer Platz) — пасля Другой сусветнай менавіта тут праходзіла мяжа трох акупацыйных сектараў. Узвядзенне сцяны пакінула ад некалі важнага транспартнага вузла пустэчу.
Сцяна паміж Усходам і Захадам
У 1949 годзе на тэрыторыі падзеленай краіны з’явіліся дзве германскія рэспублікі, зрабіўшы Заходні Берлін горадам-дзяржавай, цалкам акружаным сацыялістычнай ГДР. Нягледзячы на адасобленасць ад астатняй краіны, горад меў высокі ўзровень жыцця і шмат дэмакратычных свабод.
З 1949 па 1961 год праз Заходні Берлін на захад збеглі 2,5 мільёна жыхароў ГДР (кожны шосты!). Таму ноччу 13 жніўня 1961 года, на чарговым вітку эскалацыі халоднай вайны, пачалося ўзвядзенне Берлінскай сцяны. Бетонная агароджа з калючым дротам, землянымі равамі, супрацьтанкавай абаронай і 302 вартавымі вышкамі кальцом ахапіла Заходні Берлін на 28 гадоў.
Людзі капалі тунэлі, пераляталі сцяну на дэльтапланах і паветраных шарах, таранілі яе бульдозерам, каб вырвацца ў вольны свет. Усяго за 28 гадоў збегчы ўдалося 5 тысячам чалавек.
Яшчэ адзін музей Берлінскай сцяны знаходзіцца побач з вядомым чэкпойнтам «Чарлі» (англ. Checkpoint Charlie) на былой мяжы савецкага і амерыканскага сектараў. Там сабраныя рэчы, якія выкарыстоўваліся для ўцёкаў.
Цікава, што ГДР актыўна таргавалася з ФРГ адносна палітвязняў і іншых сваіх грамадзян, за дазвол на выезд якіх дабівалася розных саступак. Заходнія немцы нейкі час не скупіліся, плацілі, фактычна выкуплялі палітвязняў. Гэта дазволіла з’ехаць з адной Германіі ў іншую яшчэ некалькім тысячам немцаў.
А пасля ў ГДР пачаліся масавыя мірныя акцыі пратэсту, вынікам чаго стала адхіленне ад улады Эрыха Хонэкера, які кіраваў Усходняй Германіяй 18 гадоў. Новае кіраўніцтва спрабавала лібералізаваць перамяшчэнні грамадзян. Планавалася захаваць бюракратычную цяганіну, каб узяць працэс пад кантроль, і 9 лістапада па тэлебачанні было аб’яўлена, што ва ўсходніх немцаў цяпер ёсць магчымасць неадкладна выязджаць за мяжу. Мільёны чалавек пачалі сцякацца да межаў ГДР і сцяны ў Берліне. Пагранічнікі не сталі чыніць перашкод. Муры рухнулі.
3 кастрычніка 1990 года ГДР і ФРГ афіцыйна аб’ядналіся, а ад Берлінскай сцяны захаваліся толькі невялікія фрагменты на памяць нашчадкам.
Горад-касмапаліт
Мігранты з поўдня актыўна ехалі і ў Заходні Берлін. Тут яны сяліліся ў непрэстыжных раёнах каля Сцяны, дзе жытло каштавала найменш: Кройцберг, Нойкёльн, Вэдзінг і іншых.
Другая хваля іміграцыі ў Германію прыпала на канец 1980- х — пачатак 1990-х: разваліўся сацыялістычны блок, пачаліся войны на Балканах і Блізкім Усходзе, людзі спрабавалі шукаць лепшай долі на чужыне. Сёння ФРГ актыўна прымае бежанцаў з Сірыі, Ірака і Афрыкі.
Мігранты ці іх нашчадкі складаюць 24% насельніцтва Германіі, у асноўным яны канцэнтруюцца ў вялікіх гарадах. Але, насуперак стэрэатыпам, большасць з іх — белыя мігранты. 3,3% насельніцтва — немцы-рэпатрыянты з Расіі, Румыніі, Казахстана. 2,5%, або 2,1 млн, — палякі. Выхадцаў з Турцыі, Сірыі, Усходу і Афрыкі — усяго 6% ад насельніцтва, або чацвёртая частка ад агульнай колькасці мігрантаў.
Горад разнастайнасці
Ёсць гарады, дзе ўсё аднолькавае. А тут можна адшукаць веганскі кірмаш і блышыны рынак, наведаць футбольную гульню шостай лігі паміж камандай эмігрантаў і клубам, які быў заснаваны 130 гадоў таму, ці ў глыбіні квартала сярод панэлек знайсці старажытную царкву.
Ведаеце, чаму Бундэсканцылярыя абсаджаная дзікім вінаградам? Таму што гэтая расліна і ўпрыгожвае, і зберагае энергію. Летам яе густая лістота абараняе будынак ад сонца і спёкі. Восенню лісце пякуча-прыгожае, з рубінава-малінавымі пералівамі. А зімою абсыпаецца і не перашкаджае сонцу награваць будынак. Берлін — горад раскошнай, канцэптуальнай сучаснай архітэктуры, пры сутыкненні з якой перажываеш не толькі эстэтычнае, але і інтэлектуальнае ўзрушэнне. На фота: унутраны дворык Бундэсканцылярыі і пешаходная зона каля яе.
Блізкі свет
Аэрапорт-мем
Нарэшце, ў мінулым годзе Берлін-Брандэнбург быў адкрыты, паклаўшы канец жартам кшталту «Тэрарыст, які павінен быў узарваць берлінскі аэрапорт, памёр ад старасці». Цяпер гэта адзіны аэравакзал нямецкай сталіцы.
Футбольная культура
Трапіць на хатні матч «Уніёна» амаль немагчыма: колькасць сяброў фан-клуба значна перавышае колькасць месцаў на трыбунах.
Праблема з вольнымі месцамі ёсць у «Герты», крыху больш папулярнай за «Уніён». Клуб гуляе на Алімпіяштадыёне (ням. Olympiastadion), які быў пабудаваны перад Алімпійскімі гульнямі 1936 года. Манументальнае збудаванне памятае Адольфа Гітлера і Джэсі Оўэнса, эпічны ўдар Зінэдзіна Зідана галавой у грудзі Марка Матэрацы ў фінале чэмпіянату свету ў 2006-м, а таксама сусветны рэкорд Усэйна Болта ў бегу на 100 метраў. Нягледзячы на ўсе намаганні фанатаў, цалкам трыбуны запаўняюцца хіба што на матчы супраць «Баварыі».
Калі вам не пашанцуе трапіць на матч Бундэслігі, не варта адчайвацца. Дзясяткі сталічных клубаў гуляюць штотыдзень на розных прыступках нямецкай футбольнай піраміды і маюць салідную падтрымку. Тут кожны можа абраць нешта на свой густ: эмігранты, «осі» (выхадцы з ГДР), антыфашысты ці старамодныя берлінцы, якія не здраджваюць клубу з роднага раёна.
Берлін — радзіма шаўрмы
У 1949- м годзе ўладальніца закусачнай у брытанскім акупацыйным сектары Герта Хойвер прыдумала арыгінальны соус да традыцыйных каўбасак: яна дадала ў кетчуп вустарскі соус і кары, якія з’явіліся ў Берліне з брытанскімі салдатамі.
Страва стала надзвычайна папулярнай далёка за межамі горада. У Берліне некаторы час існаваў музей карывурста, а на месцы той самай закусачнай удзячныя нашчадкі пасялілі мемарыяльную дошку.
Традыцыйную страву з абсмажанага мяса з гароднінай і соусам яны прыдумалі пакласці ў піту ці завярнуць у лаваш, каб яе можна было лёгка есці. Сёння ў Берліне больш шаўрмярняў, чым у Стамбуле.
Спаржа
Кебабы і шаўрма — гэта крута для перакусу. Але класічная берлінская страва — гэта спаржа. А сезон спаржы кароткі: май і пачатак чэрвеня. Калі вясна цёплая, спаржа вырастае раней, калі позняя — пазней.
Яе ядуць як асобна, так і з яечняй, у супах, з пастай, у пірагах.
-
Беларускі інстытут публічнай гісторыі вярнуў яшчэ адно імя ахвяры камуністычнага тэрору
-
Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі
-
У 1942 годзе ў Магілёве здарылася буйная тэхнагенная аварыя. Гісторык падрыхтаваў пра яе кнігу
Каментары