Купала прыходзіць у рэдакцыю «Нашай Нівы» і вітаецца з рэдактарам — у Траецкім прайшлі здымкі драмы пра песняра ФОТЫ
Першыя сцэны поўнаметражнага фільма Уладзіміра Янкоўскага пад назвай «Купала» пачалі здымаць яшчэ ў ліпені 2018 года.
Ролю Янкі Купалы выконвае Мікалай Шэстак. Акцёр жыве і працуе ў Рызе, але мае беларускія карані — яго бацька нарадзіўся ў Беларусі. Сцэнарысткай стужкі з'яўляецца Алена Калюнова.
На здымачнай пляцоўцы ў Траецкім прадмесці 25 лютага здымалі сцэны ўваходу Янкі Купалы ў рэдакцыю «Нашай Нівы» ў Вільні. Спецыяльна для гэтага амаль на ўвесь дзень была перакрыта Старавіленская вуліца.
Па задумцы стваральнікаў фільма, Купала на ўваходзе ў рэдакцыю перакідваецца словам з супрацоўнікам газеты. На гэтую эпізадычную ролю быў запрошаны цяперашні рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч. У кінавытворчасці гэты прыём называюць «камеа».
Стужку плануюць скончыць да канца 2019 года, а сам праект мае статус нацыянальнага.
Каментары