Культура3131

Як выбраць паміж «ласкай» і «благадаццю» і з чаго лепш пачынаць Новы Запавет

Расказвае пастар Антоні Бокун, які вывучыў старагрэчаскую і іўрыт, каб перакласці Евангеллі на беларускую.

Антоній Бокун на круглым стале «Беларускія пераклады Бібліі: гісторыя і сучаснасць» у Нацыянальнай бібліятэцы і яго Біблія. Фота Таццяны Сапега.

Біблійная камісія Беларускай праваслаўнай царквы скончыла 25-гадовую працу па перакладзе і выданні Новага Запавету па-беларуску і атрымала прэмію «За духоўнае адраджэнне», разам з перакладчыкамі з каталіцкага касцёла. Некаторых пратэстанцкіх вернікаў навіна зачапіла: «Чамусьці ўзнагародзілі каталіцкі і праваслаўны пераклад Новага Запавета, а вось зроблены евангельскім пастарам Антоніем Бокунам — не. Хоць ён быў зроблены і выдадзены раней (і большым накладам). Гэта паказвае, што па-ранейшаму ўсе канфесіі роўныя, але некаторыя раўнейшыя», — напісаў у фэйсбуку Андрэй Кім.

— Ці крыўдна, што не Вы атрымалі прэмію за пераклад? — пытаемся ў Антонія Бокуна.

— Чаму мне павінна быць крыўдна? Наадварот. Добра, што такую працу ўзнагародзілі.

Пераклад Антонія Бокуна — дыхтоўная кніжка ў васільковай вокладцы — выйшаў у 2016 годзе. Наклад — 10 000. На пераклад пайшло пяць гадоў. Як выйшла, што цэлая камісія перакладала чвэрць стагоддзя, а адзін чалавек, хімік па адукацыі, справіўся ў пяць разоў хутчэй?

— Марцін Лютэр увогуле за адзін год пераклаў, — пастар Бокун многа ўсміхаецца ў размове. — Ёсць свае плюсы і мінусы ў перакладзе камісіяй. Звычайна камісія ўсё перакладае нашмат даўжэй, бо, па-першае, усім трэба сабрацца, у кожнага свой расклад. А да таго ж, кожны мае сваё меркаванне. У нечым мне прасцей было перакладаць, а ў нечым складаней, бо не было з кім параіцца, не было на каго спісаць, «так камісія рашыла».

Вы перакладалі патроху кожны дзень?

— На жаль, не кожны. Былі перапынкі, былі перыяды, калі па-некалькі месяцаў не перакладаў. Але кнігі былі патрэбныя мне як пастару, а потым узнікла і дадатковая матывацыя: набліжаўся 2017 год, 500-гадовы юбілей выдання Скарыны. Было сумна ўваходзіць у гэты юбілей, калі на пытанне, дзе пачытаць Біблію па-беларуску, трэба разводзіць рукамі: у нас ёсць ад 10 да 18 перакладаў Новага Запавету на беларускую, але дастаць іх можна ў бібліятэцы, пабачыць на выставе. Тады я за год пераклаў палавіну Новага Запавету. Мовы вывучаў і вывучаю мэтава, для перакладу. Грэчаская даецца прасцей, для нашай культуры яна больш звыклая. Іўрыт — значна цяжэй.

Што перакладалася найлягчэй, а што ішло складана?

— Найцяжэй было перакладаць Евангелле паводле Лукі і Дзеі Апостальскія, бо гэта была сярэдзіна працы, і вельмі туга ішло. А найлягчэй перакладалася Адкрыццё Яна Багаслова — Апакаліпсіс. У Яна Багаслова вельмі простая мова, простыя сказы. Плюс — калі апошняя кніга перакладаецца, то і перакладаць хутчэй, і вопыту больш. А ў Лукі больш грувасткія фразы. Хоць лічыцца, што яго мова самая блізкая да літаратурнай грэчаскай.

А ёсць у вас любімае Евангелле?

— Я найбольш люблю Марка. Бо яно самае кароткае. І ўсім раю, калі чытаць Біблію ўпершыню, пачынаць з Евангелля паводле Марка. Бо звычайна, калі людзі бяруць чытаць Новы Запавет, адкрываюць першае Евангелле паводле Мацвея і загразаюць на першай старонцы, там дзе Абрагам нарадзіў Ісака, Ісак нарадзіў Якуба і гэтак далей. Далей за гэты спіс ужо мала хто пераходзіць. А ў Евангеллі ад Марка падзеі развіваюцца як у сцэнары фільма: мноства дзеянняў, вельмі мала слоў і сюжэт вельмі дынамічны.

— Да Вас выйшла каля дзесяці беларускіх перакладаў Новага запавету. Вы рэдагавалі пераклад ксяндза Чарняўскага. Калі вернікам проста не хапала асобнікаў, то ці не прасцей было перавыдаць які-небудзь ужо наяўны пераклад?

— Ёсць пытанне аўтарскіх правоў. Ёсць таксама некаторыя рэчы, якія патрабуюць выпраўлення, але праваўладальнікаў не знойдзеш, або не дамовішся, або хто праваўладальнік — незразумела. Каб быў жывы Уладзіслаў Чарняўскі, можна было б вырашаць гэтае пытанне… [Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі памёр у 2001 годзе ў Вішневе. — НН.] У 2011 годзе я не бачыў перспектывы, што з’явіцца вялікім накладам тэкст па-беларуску, і таму ўзяўся рабіць свой пераклад.

— У чым прынцыповыя адрозненні паміж пратэстанцкім, праваслаўным, каталіцкім перакладамі Новага Запавету?

— Калі браць Новы запавет, то прынцыповых адрозненняў няма. Які ні ўзяць цяпер наяўны пераклад Новага Запавету — ён добры.

Ёсць нюансы, стылістычныя моманты, фармулёўкі слоў, але калі браць агульна, то ўсе пераклады якасныя, і прачытаўшы іх, чалавек зможа адэкватна ўспрыняць тое, што напісана ў Бібліі.

Адзіная праблема ў сучаснай Беларусі — наяўнасць трох канфесійных тэрміналагічных традыцый (напрыклад, Іісус, Езус або Ісус).

У гэтым і заключаецца асноўнае адрозненне.

Праваслаўныя, Біблійная камісія, маюць вельмі царкоўнаславянізаваны тэкст. Пачынаючы ад імя Іісус і заканчваючы тэрмінамі благадаць, блажэнны, свяшчэннаслужыцель…

Такія формы часам не зусім апраўданыя.

— А Вы як перакладаеце?

— «Блажэнны» як шчаслівы, «благадаць» як ласка. Увогуле, пратэстанцкай канфесійнай мовы няма, няма сфарміраванай традыцыі перадачы імёнаў, тэрмінаў. Свецка-пратэстанцкая традыцыя не вылучаецца паслядоўнасцю, у яе аснове — уяўленні, жаданні кожнага перакладчыка, носьбіта мовы. У мяне не ўзнікла пытанняў з іменем Ісус, але з іншымі імёнамі пытанні былі.

Я прыняў рашэнне агульнапрынятыя імёны даваць у агульнапрынятай форме, а рэдкія імёны і найменні пакінуць у заходняй гебраізаванай традыцыі. Так у перакладзе Якуб, Язэп, Данііл, але Абрагам, Бэтлеем, Гальгота.

Што мне падабаецца ў перакладзе Біблейскай камісіі (а гэта на сёння першы праваслаўны пераклад) — што яны яшчэ і націскі над кожным словам расставілі. Каб была магчымасць, я б у сваім перакладзе таксама гэта зрабіў. Але тое патрабавала паўгода працы.

— Чаму выдалі тарашкевіцай?

— Люблю я тарашкевіцу. Яшчэ я заўважыў, што калі людзі чытаюць тэкст тарашкевіцай, то мяккасць перадаюць, а калі яго чытаюць наркамаўкай — на жаль, нячаста.

Каментары31

Аліна Коўшык прызначана дырэктаркай «Белсата»12

Аліна Коўшык прызначана дырэктаркай «Белсата»

Усе навіны →
Усе навіны

«Яндэкс Go» тлумачыць рост цэн на таксі: у Мінску кіроўцаў на лініі стала на 35% менш

Дзім Дзімыча не ўзялі ў лукашэнкаўскую «Белую Русь»3

Латушка даў паказанні ў Нацыянальнай пракуратуры Польшчы. Справа — пра замах на яго3

«Трупы, трупы, трупы нашых. Пад поўным кантролем дронаў». Дзённік расійскага штурмавіка, які ацалеў пад Ваўчанскам11

У 2020-м сын Ганны Канапацкай званіў у міліцыю з даносам на мінчукоў, якія развешвалі стужкі33

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян пагаліў бараду. Яго не пазнаць9

Праваабаронцы паведамляюць пра масавыя затрыманні з удзелам КДБ у Гродзенскай вобласці5

Украінскаму дэпутату Шаўчэнку, які падтрымліваў сувязі з Лукашэнкам, выставілі абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе1

«Як можна развівацца ў такой сістэме?» Эканаміст крытыкуе мадэлі, якія лічыліся ўзорам паспяховасці10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аліна Коўшык прызначана дырэктаркай «Белсата»12

Аліна Коўшык прызначана дырэктаркай «Белсата»

Галоўнае
Усе навіны →