80-гадовы брытанец атрымаў камбінаваны натуральна-біянічны зрок
Цяпер ён можа бачыць нават з заплюшчанымі вачыма.
У Манчэстарскім Каралеўскім шпіталі вока правялі ўнікальную аперацыю: 80-гадовы пацыент Рэй Флін першым у свеце атрымаў камбінаваны натуральна-біянічны зрок праз імплантант Argus II, піша The Guardian.
Біянічнае вока канвертуе відэасігнал з камеры ў электрычныя імпульсы, што перадаюцца па бяздротавым канале на электроды проста на паверхні сятчаткі пацыента. Сігналы з сятчаткі перадаюцца ў мозг па «традыцыйным» канале — так жа, як перадаваліся бы ад святла ў здаровага чалавека.
Да аперацыі Флін бачыў толькі тое, што было не ў цэнтры, а па перыметры поля зроку. Каб паглядзець тэлевізар, ён мусіў павярнуць галаву пэўным бокам — па цэнтры ён бачыў нешта падобнае да мутнай чорнай «соты».
Захворванне, з якім ён жыў 8 год, — макулярная дэгенерацыя сятчаткі. Яно ёсць адной з самых частых прычын пагаршэння і страты зроку ў развітых краінах, у свеце ад яго церпяць 20-25 млн чалавек.
Пасля 4-гадзіннай аперацыі Флін можа бачыць нават з заплюшчанымі вачыма. Але толькі пры ўмове таго, што носіць адмысловыя акуляры з камерай. Праўда, мозгу яшчэ спатрэбіцца час, каб эфектыўна інтэрпрэтаваць «новую» (добра забытую старую) інфармацыю.
Ён стаў першым чалавекам у свеце, у якога скамбінаваны натуральны перыферычны і штучны цэнтральны зрок. Такі імплантант таксама атрымалі ўжо 130 пацыентаў з пігментарным рэтынітам, якія не мелі і перыферычнага зроку. Тым часам дактары манчэстарскага шпіталя набіраюць яшчэ чатырох пацыентаў з хваробай як у Фліна, каб даць ім «камбінаваны» зрок.
Каментары