Музыка44

Аляксандр Чахоўскі: Бізнэсовец, які прадзюсуе оперы

У Мінску прэзентавалі Verbum Nobile Манюшкі.

У апошнія дні вясны мінскай публіцы прэзентавалі твор славутага Станіслава Манюшкі, які ніколі раней у Беларусі не ставіўся. Камедыйная опера Verbum Nobile («Слова гонару») была створаная славутым мінчуком у 1861-м, у духу вадэвіляў ды пастараляў, якія пісаў у тыя гады Дунін-Марцінкевіч. Гэта гісторыя кахання маладога шляхціца Станіслава і дачкі пана Лагоды. Перашкаджае іх шчасцю бацька дзяўчыны, які збіраецца аддаць яе замуж за другога і ўжо нават замацаваў гэтае рашэнне шляхецкім «словам гонару»...

Зала была поўная. Пастаноўка тэатра «Галерэя» ў Палацы прафсаюзаў сабрала вельмі розную публіку: ад студэнтаў-хіпстараў да сталага веку аматараў акадэмічнай музыкі.

Відаць, пастаноўшчыкі знайшлі ключык да патэнцыйнай аўдыторыі: дынамічная камедыйная опера ў адным акце, напісаная беларусам, у суправаджэнні камернага аркестра. Магчыма, такія пастаноўкі змогуць прывесці «латэнтную» аўдыторыю акадэмічнага мастацтва ў тэатр.

«Ідэя паставіць Verbum Nobile належыць не мне аднаму, — кажа Аляксандр Чахоўскі, бізнэсовец і стваральнік музычнага дома «Класіка». — Мы працавалі ўтрох: апроч мяне, таксама дырыжор і яшчэ адзін чалавек, які купіў для нас партытуру ў Польшчы. Віктар Скарабагатаў таксама дапамог. Оперу Verbum Nobile мы абралі па некалькіх прычынах. Па-першае, у Беларусі яе ніколі не ставілі. Па-другое, мы не можам дазволіць сабе вялікую пастаноўку, таму не маглі зрабіць «Страшны двор» альбо «Гальку». Verbum Nobile камерная і, што вельмі важна, яна ў адным акце, а яшчэ гэта камічная опера, што ўвогуле бывае рэдка. Яе можна было паставіць сіламі тэатра «Галерэя», з якім мы актыўна супрацоўнічаем».

«Наша Ніва»: Манюшка ў Беларусі амаль забыты, часам яго лічаць замежным кампазітарам...

Аляксандр Чахоўскі: А апошнія дзвесце гадоў не было іншага кампазітара, які б стварыў такую колькасць настолькі выбітных твораў. Ёсць Міхал Клеафас Агінскі, ён быў дыпламатам у першую чаргу, напісаў няшмат. А Манюшка ад пачатку быў кампазітарам. У нас ёсць поп-культура, ёсць рок- і рэп-культура, а вось акадэмічнай музыкі ў нас як быццам і няма. Апроч «Сівой легенды», у Оперным беларускіх твораў не ідзе...

Адна з нашых задач — зацягнуць маладых у беларускую музыку. Бывае такое: прыедзе наш вакаліст на праслухоўванне ў Еўропу. У яго пытаюцца: «Што вы можаце праспяваць?» Ён адказвае: «Я магу Расіні праспяваць». Яму кажуць: «Расіні — гэта добра, але Расіні ў Італіі добра выконваюць. Можа, вы нам што-небудзь сваё пакажаце?» І вакаліст у разгубленасці. У нас беларускую акадэмічную музыку не вывучаюць асабліва. Шкада, што не захавалася твораў Манюшкі на лібрэта Дуніна-Марцінкевіча. А там, дзе лібрэта на польскай мове, мы можам перакласці.

«НН»: Ставіць спектаклі па-беларуску — гэта для вас прынцыпова?

АЧ: Так. Мы хочам паставіць камерную оперу Гайдна «Аптэкар», і будзем рабіць яе на беларускай мове. Іншыя праекты таксама будуць па-беларуску, апроч некаторых замежных твораў, якія маюць класічныя расейскія пераклады. Але там, дзе перакладаў няма, будзе выключна беларуская мова.

«НН»: Адкуль у Вас цікавасць да акадэмічнай музыкі? Ці гэта ваш адзіны занятак?

АЧ: Не, яшчэ я займаюся бізнэсам. У мяне ёсць ІТ-праекты, але яны такія, што працуюць амаль без мяне. Я выкладаю ў Вільні ў ЕГУ, гэта таксама займае пэўны час. Але калі мы будзем казаць пра колькасць працоўных гадзін у тыдзень, то 99% часу займаюць музычныя праекты.

У свой час я скончыў музычную школу па класе віяланчэлі, цікавіўся музыкай. Мае бацькі былі прыхільнікамі джаза, але акадэмічную таксама любілі. Пасля я заняўся бізнэсам і музыку адклаў убок.

«НН»: І як «вярнуліся» да яе?

АЧ: Аднойчы ў Празе я трапіў на канцэрт класічнай музыкі ў базіліку Святога Георгія, і атмасфера, якая там склалася, вельмі ўразіла. Па вяртанні ў Мінск я забраў дадому інструмент, да якога не дакранаўся трынаццаць гадоў, і пачаў займацца. На адным з канцэртаў пазнаёміўся з Віктарам Скарабагатавым, што таксама паўплывала на мяне. У нейкі момант я перастаў быць наёмным дырэктарам у адной кампаніі і пачаў шукаць, да чаго ляжыць душа. Так і адбылося маё «вяртанне».

«НН»: Дзіўна чуць спалучэнне словаў «класічная музыка» і «прадзюсар»…

АЧ: Я называю сябе імпрэсарыа, але калі мы кажам пра тэатральны прадукт, то я хутчэй прадзюсар. Я заснаваў музычны дом «Класіка»: з аднаго боку гэта суполка нашых прыхільнікаў, з іншага — усе творчыя і музычныя людзі, якім цікава працаваць з намі. Часам мы працуем як івэнт-агенцтва. Напрыклад, робім кавалак спектакля ці канцэрта для карпаратыву.

«НН»: І карыстаюцца такія карпаратывы попытам?

АЧ: Папраўдзе, мы не надта рэкламуем усё гэта. Ёсць кола людзей, які ведаюць, што можна замовіць такі карпаратыў, і карыстаюцца нашымі паслугамі. Тым больш праца з іншымі праектамі займае шмат часу, я не магу разарвацца.

«НН»: Так, Verbum Nobile далёка не першы ваш праект…

АЧ: Праектаў было шмат. Напрыклад, летась у Нясвіжы праходзіў цыкл канцэртаў «Музычныя скарбы Еўропы» — былі канцэрты для турыстаў па выходных. Выконваліся творы, якія гучалі ў гэтым замку, а таксама створаныя там: Мацей Радзівіл, Агінскі... Цяпер у выходныя нашы музыкі выступаюць у замку, у капліцы ёсць фісгармонія, там выконваюць духоўную музыку: Баха, Шуберта, Моцарта. А ў вялікай каміннай зале мы інсцэніруем «хатняе музыкаванне», выконваецца музыка барока. Былі ў нас праекты ў Мінскай ратушы, былі камерныя канцэрты, неяк мы стварылі міні-оперу паводле розных твораў Моцарта.

«НН»: Над чым працуеце цяпер?

АЧ: 30 чэрвеня ў Нясвіжы мы ставім музычны спектакль «Вандроўка Радзівіла Сіроткі ў Італію». Музычную частку выконваюць салісты ансамбля «Кантабіле», а акторскую — вядомы актор і рэжысёр Юры Жыгамонт. Гэта будзе спалучэнне канцэрта, спектакля, лекцыі і экскурсіі.

«НН»: Ці цяжка рабіць камерцыйнай акадэмічную музыку?

АЧ: Калі ў нас дзейнічае дзесяць чалавек, усё можна зрабіць на ўзроўні — гэтыя спектаклі нават могуць самаакупляцца. І людзі нам дапамагаюць — даюць грошы на рэквізіт. А цяжка ў прынцыпе ўсім, гэта ж не прычына, каб нічога не рабіць.

***

Аляксандр Чахоўскі нар. у 1981 у Мінску. Скончыў музычную школу па класе віяланчэлі. Скончыў факультэт сацыяльных навук, па спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя». У часы студэнцтва паўгода жыў і працаваў ў ЗША. У 2012 атрымаў ступень MBA ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Жанаты, мае дваіх дзяцей. Музычнымі праектамі займаецца з лютага 2012.

Станіслаў Манюшка (1819—1872) польскі і беларускі кампазітар, дырыжор. Стваральнік нацыянальнай класічнай оперы. Аўтар опер, вадэвіляў і больш як 300 песень. Паходзіў з беларускага шляхецкага роду. Вучыўся ў Мінску, быў арганістам у Вільні, дырыжорам варшаўскай Оперы. Першыя музычныя камедыі пачаў пісаць яшчэ ў Беларусі. Творы «Канторскія службоўцы», «Латарэя», «Рэкруцкі набор», «Ідылія» (два апошнія — лібрэта Дуніна-Марцінкевіча) ставіліся ў Мінску і Гродне. Прэм’ера яго камічнай оперы «Ідылія» ў Мінску (1852), дзякуючы выкарыстанню беларускай мовы, мела вялікае значэнне ў гісторыі беларускай музычнай культуры. Са сталых ягоных операў найбольш папулярныя «Галька» і «Страшны двор».

Verbum Nobile («Слова гонару») ставіцца ў Беларусі ўпершыню. Гэты твор Манюшкі лічыцца першай музычнай камедыяй на нашых землях і доўжыцца ля гадзіны. Прэм’ера оперы адбылася ў Варшаве ў 1861. Яе ставілі ў Польшчы, Расіі, некаторых еўрапейскіх краінах, аднак да беларускага гледача яна ўпершыню трапіла сёлета. Сюжэт — гісторыя кахання шляхціца Станіслава і дачкі памешчыка Лагоды Зосі, якую бацька хоча аддаць за другога. Пастаноўка здзейсненая ў «некласічнай манеры» — аркестр камерны, дэкарацый няма. Аднак у такім выглядзе опера робіцца прасцейшай для разумення.

Каментары4

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах11

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах

Усе навіны →
Усе навіны

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі9

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў6

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах11

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах

Галоўнае
Усе навіны →