Прадвыбарчы штаб кандыдата ў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа запытаў дадатковую абарону ў апошнія тыдні перадвыбарчай кампаніі. Пра гэта ў пятніцу паведаміла The Washington Post са спасылкай на крыніцы і электронныя лісты.
Як паведамляецца, штаб Трампа звярнуўся да Сакрэтнай службы з просьбай абмежаваць палёты над яго рэзідэнцыяй і месцамі правядзення мерапрыемстваў, а таксама паставіць куленепрабівальнае шкло і даць вайсковую тэхніку.
Сябар Трампа, рэспубліканец Майкл Уолц, у сваім лісце да Сакрэтнай службы папрасіў даць Трампу самалёт Узброеных сіл або дадатковую абарону для яго прыватнага самалёта. Падставай для непакою стала пагроза замаху з боку Ірана, піша Радыё Свабода.
Раней штаб Трампа паведаміў, што атрымаў ад амерыканскай разведкі інфармацыю аб пагрозах. Аднак на гэты момант няма звестак аб сувязі Ірана з апошнімі замахамі на Трампа.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, каментуючы просьбу перадвыбарчага штаба кандыдата, заявіў, што Трамп павінен атрымліваць абарону ад Сакрэтнай службы, як і дзеючы прэзідэнт. Байдэн таксама дадаў, што просьба Трампа аб выкарыстанні ваенных будзе задаволена, калі гэта адпавядае правілам абароны дзеючага прэзідэнта.
Каментары