Колькасць распачатых крымінальных спраў за «экстрэмісцкія злачынствы» — 19 тысяч
Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» аналізуе маштаб і тэндэнцыі рэпрэсій апошніх месяцаў, адказвае на пытанне, ці варта кантактаваць з Юрыем Васкрасенскім, і тлумачыць, якія канкрэтныя крокі беларускага рэжыму могуць прывесці яго ў Гаагу.
— Як выглядае маштаб і глыбіня рэпрэсій апошнім часам, якія заканамернасці і тэндэнцыі варта адзначыць?
— Праваабарончы цэнтр «Вясна» штомесяц выдае агляд сітуацыі за мінулы месяц. Зыходзячы з тых даных, якія мы атрымліваем, рэпрэсіі маюць высокі ўзровень, больш-менш стабільны характар, мяняецца толькі змест і суадносіны паміж відамі гэтых рэпрэсій.
У нейкі час фіксуецца больш так званых экстрэмісцкіх «злачынстваў», у іншыя тыдні больш прысудаў выносіцца за выказванне думак, у нейкія — за ўдзел у пратэстах. Статыстыка мяняецца, але, па сутнасці, узровень рэпрэсій, які быў зададзены пасля жніўня 2020 года, застаецца стабільна высокім.
Я хацеў бы перасцерагчы ад таго, каб рабіць высновы адносна даных на кароткіх прамежках часу. Бо часта гэтыя паказчыкі мяняюцца проста з прычын, не звязаных з узроўнем рэпрэсій. Бывае, што ўлады прыкладаюць намаганні, каб скараціць доступ да інфармацыі праваабарончым структурам. Альбо ў нейкія дні адбываюцца рэйды і затрыманні людзей па адміністрацыйных артыкулах, а потым могуць адбывацца працэсы прыцягнення да адказнасці гэтых затрыманых людзей ужо па крымінальных справах.
— Адна з адносна новых з'яў — калі палітвязні (такія, як Паліна Шарэнда-Панасюк або Юрась Зянковіч) пад ціскам былі вымушаны даваць інтэрв'ю прапагандысцкім каналам, але пасля гэтага іх не выпускалі, а наадварот, каралі ці нават дадавалі тэрмін, як Зянковічу. Раней пасля такіх інтэрв'ю людзей вызвалялі, гэта было часткай угоды. Для чаго ўлады робяць гэта зараз?
— Я не вельмі магу разважаць ад імя гэтага рэпрэсіўнага апарату і спрабаваць ужыцца ў іхні лад мыслення, знайсці нейкую логіку. Хаця, па-сутнасці, гэтая логіка, відавочна, ёсць.
Калі прааналізаваць нядаўнія вызваленні ў выніку памілавання, то пэўная, і вельмі вялікая, доля — гэта тыя людзі, якія з гуманітарных меркаванняў павінны былі быць адпушчаныя на волю. Яны не маглі далей знаходзіцца ў калоніях, гэта дастаўляла ім дадатковыя пакуты, апроч самога факту пазбаўлення волі і жорсткіх умоў, якія ствараюцца для ўсіх палітвязняў. Я кажу, напрыклад, пра пажылых людзей, пра людзей з сур'ёзнымі захворваннямі, пра шматдзетных бацькоў. І такіх была практычна траціна ад вызваленых.
Нейкая частка вызваленых, магчыма, выканала тыя ўмовы, якія перад імі ставілі ўлады. Частка — гэта былі асобы, якія па нейкай выпадковасці не трапілі ў поле зроку адміністрацыі, не мелі шматлікіх спагнанняў, якія суправаджаюць утрыманне ў калоніях практычна кожнага палітвязня, — іх таксама вызвалілі. Камусьці з іх заставалася знаходзіцца ў калоніях месяц, камусьці больш. Нехта з іх таксама ўдзельнічаў у прапагандысцкіх фільмах.
Тут акурат можна зразумець логіку ўладаў. Патрабаванні аб вызваленні гэтых вязняў з гуманітарных меркаванняў выстаўляліся самымі рознымі суб'ектамі, праваабаронцамі і міжнароднымі структурамі. Іх вызваленне было разбаўленае пэўнай колькасцю новых асуджаных. Відавочна, для таго, каб можна было сказаць, што гэта не вы нас прымусілі, гэта наша ўласная ідэя, якую мы такім чынам рэалізавалі.
— У грамадстве працягваецца вялікая дыскусія на гэты конт — што можна зрабіць, каб дамагчыся вызвалення палітвязняў, на якія саступкі тэарэтычна можна пайсці. Мінскі рэжым «прызначыў» ужо пэўных асоб, якія з'яўляюцца спікерамі ў гэтым пытанні ад уладаў — Юрый Васкрасенскі, Раман Пратасевіч. Ці варта ісці з імі на кантакты, ці можа гэта прынесці нейкі плён?
— Вызваленне гэтых 115 чалавек — вельмі важны факт: і «Вясна», і ўсе праваабаронцы вітаюць іх вызваленне. Але трэба разумець, што за гэты час, за тры месяцы, новымі палітвязнямі прызнаны 161 чалавек.
Такім чынам, вызваленне 115 чалавек — гэта вельмі невялікая саступка ад рэжыму, бо ў іх ёсць сёння невычэрпная крыніца папаўнення гэтага запасу.
Я не вельмі часта прыводжу даныя, пра якія зараз скажу, бо імі часта маніпулююць абодва бакі. Аднак колькасць крымінальных спраў, распачатых па факце так званых экстрэмісцкіх злачынстваў — 19 тысяч. Гэта азначае, што ва ўладаў ёсць «запас» тысяч людзей толькі па ўжо распачатых справах. Адзінае, што іх будзе крыху спыняць — гэта тэрмін даўніны, які, напрыклад, па падзеях пратэставай восені 2020 года заканчваецца ўвосень наступнага, 2025 года.
Цяпер наконт Пратасевіча і Васкрасенскага. Абедзве фігуры — гэта былыя палітвязні, якія мелі досвед пазбаўлення волі і, цалкам магчыма, жорсткага абыходжання. І пакуль яны знаходзяцца ў такім вось уразлівым стане, я не схільны іх крытыкаваць.
Але я таксама не схільны разглядаць іх як нейкіх суб'ектаў, з якім трэба весці перамовы, дзеянні якіх варта ўважліва і падрабязна абмяркоўваць. Выпадак Пратасевіча значна складанейшы, як мне здаецца. Што да Васкрасенскага, то я баюся, што калі-небудзь ён прымерыць ролю праваабаронцы.
Я ўвогуле адмаўляюся ўспрымаць яго як пасярэдніка паміж рэжымам і іншымі суб'ектамі (у тым ліку дэмакратычнымі, праваабарончымі), бо ён не ўпаўнаважаны ні адным, ні другім бокам на тое, каб быць пасярэднікам. Калі ён выкладае нейкія наратывы і спрабуе гэта падаць як сваё веданне, для мяне гэта нічога не азначае, акрамя як думку Васкрасенскага.
— Рэжым пачаў пераследаваць людзей, якія за межамі Беларусі ўдзельнічалі ў розных акцыях. Спачатку пачалі пераследаваць удзельнікаў святкавання 25 сакавіка, цяпер заявілі, што распачынаюць справы супраць удзельнікаў акцый, якія адбыліся ў розных гарадах свету 9 жніўня. Зразумела, што рэжым імкнецца спыніць любую палітычную актыўнасць беларусаў нават за межамі краіны. Але ці не можна разглядаць гэта як умяшанне ва ўнутраныя справы гэтых дзяржаў?
— Гэтым дзеянням дало вызначэнне літоўскае Міністэрства юстыцыі, калі звярнулася з заявай да пракурора Міжнароднага крымінальнага суда. Гэта называецца «трансмежны пераслед». І гэта ў сукупнасці з дэ-факта дэпартацыяй — менавіта тое, што просяць расследаваць пракурора Міжнароднага крымінальнага суда.
І беларускія ўлады, калі яны ўвялі гэтую практыку, і асабліва калі будуць яе працягваць, маюць вельмі добрыя шанцы пазнаёміцца з Гаагай. Магчыма, фізічна не адразу, але я люблю прыводзіць такі прыклад: Слабадан Мілошавіч, відавочна, таксама не думаў, дзе правядзе рэшту свайго жыцця. Але так склаўся ягоны лёс. І ўвогуле, лёс многіх дыктатараў падобны.
Каментары
Не зря руку путина целует, получая от него высшие награды русского мира России.
Современный лукашенко-вешальник беларусов получает удовольствие от убийств, пыток и репрессирования беларусов, от уничтожения всего беларуского.