Буйным шчупаком ці сомам беларускіх рыбакоў не надта здзівіш, але Яўген Буцькавец з Гомеля злавіў куды больш цікавую рыбу — рэкорднага для нашых вадаёмаў судака, піша Fishingby.com.
Маса злоўленага Яўгенам судака склала 7,100 кг.
«Па судаках гэта мой асабісты рэкорд… Каля 7-й раніцы перакідаў, пару хвілін — і фідар у дугу, падсечка — і пачалася барацьба. На гэтую снасць цягнуў вельмі акуратна, хвілін пятнаццаць барацьбы з заводам у карчэўнік — і ён здаўся», — расказаў рыбалоў.
Па словах Яўгена, ён лавіў рыбу на Прыпяці ў Гомельскай вобласці. Са снасцяў у яго пры сабе быў толькі старэнькі фідар, а прынада — чарвяк з апарышам.
Судак некалі лічыўся «царскай» рыбай, якую падавалі да стала самых высокапастаўленых асоб. Для сучасных жа рыбаловаў гэтая рыба стала свайго роду сімвалам рыбалоўнага майстэрства. Злавіць судака вагой больш за 7 кг лічыцца вялікім поспехам.
Каментары