Камала Харыс ўжо набрала дастаткова галасоў, каб стаць кандыдаткай у прэзідэнты ЗША
Віцэ-прэзідэнтка ЗША Камала Харыс прыцягнула дастатковую колькасць галасоў ад дэлегатаў Дэмакратычнай партыі, каб атрымаць намінацыю на прэзідэнцкія выбары.
Падчас анлайн-мерапрыемства 2 жніўня старшыня Нацыянальнага камітэта Дэмакратычнай партыі Джэймі Харысан заявіў, што
«Харыс атрымала большасць галасоў ад усіх дэлегатаў з'езда і будзе вылучаная кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі пасля завяршэння галасавання ў панядзелак».
Галасаванне за кандыдата ў прэзідэнты сярод дэлегатаў Дэмпартыі пачалося напярэдадні, 1 жніўня. Яго вырашылі правесці перад з'ездам партыі ў Чыкага 19-22 жніўня з-за юрыдычных тонкасцяў, звязаных з часам рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты ў некаторых штатах.
Канчатковыя вынікі галасавання дэлегатаў стануць вядомыя ў ноч на аўторак 6 жніўня.
Камала Харыс стане першай цемнаскурай жанчынай і першай амерыканкай азіяцкага паходжання, якая будзе балатавацца ў прэзідэнты ЗША. Кандыдатура Харыс з'явілася пасля таго, як прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абвясціў аб зняцці з выбараў і падтрымаў вылучэнне віцэ-прэзідэнткі.
На наступным тыдні Харыс правядзе перадвыбарчыя мерапрыемствы ў ключавых штатах разам са сваім кандыдатам у віцэ-прэзідэнты, імя якога пакуль не назвалі. Магчыма, ім стане губернатар Пенсільваніі Джош Шапіра.
Каментары