«Адправіў мне шкуры кракадзіла». Маці загінулага ў Малі вагнераўскага блогера Grey Zone расказала пра сына
Маці загінулага ў Малі адміна тэлеграм-канала Grey Zone Мікіты Фядзяніна расказала пра апошнюю камандзіроўку сына.
Яе аповед апублікаваў тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ».
Маці расказала, што Мікіта Фядзянін нарадзіўся і жыў у Ліпецку, дзе скончыў ВНУ з чырвоным дыпломам. Потым з'ехаў у Маскву, дзе атрымаў другую вышэйшую адукацыю — юрыдычную. Некалькі гадоў ён вучыўся ў Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры прэзідэнце Расіі, але перад самай абаронай дыплома кінуў.
Замест гэтага ён падпісаў новы кантракт і адправіўся ў Афрыку ў студзені 2024 года.
Мікіта прасіў прыляцець маці асобна ў Афрыку, каб перадаць ёй сумкі з трафеямі і пакупкамі, сярод якіх былі шкуры кракадзіла.
З Малі ён выязджаць не мог па ўмовах кантракту. Таксама ён перадаў у Маскву праз таварышаў па службе пару сумак з дзіковінкамі з Афрыкі.
Прыкладна тыдзень таму Мікіта папярэдзіў, што будзе без сувязі, нібыта ён з падраздзяленнем перадыслакуецца ў іншае месца. Магчыма, ён не хацеў казаць, што сыходзіць на баявое заданне.
Днямі ў складзе атрада «Вагнера» Мікіта Фядзянін загінуў падчас зладжанай туарэгамі засады ў Малі. Ягонае цела трапіла на відэа, якое распаўсюджваецца ў інтэрнэце. Асобу мужчыны раскрылі найміты ДШРГ «Русіч», якія прытрымліваюцца неанацысцкіх поглядаў.
Канал Grey Zone налічвае 560 тысяч падпісчыкаў.
Каментары