У Карэліі ФСБ забіла беларуса. Яго западозрылі ў падрыхтоўцы дыверсіі
49-гадовы Мікалай Аляксееў загінуў 6 сакавіка ў Аланецкім раёне Рэспублікі Карэлія (Расія). Аляксееў — актывіст з Беларусі, удзельнік пратэстаў 2020 года. Па афіцыйнай версіі, ён рыхтаваў дыверсію і адстрэльваўся ад сілавікоў.
Паводле інфармацыі расійскіх сілавікоў, напярэдадні Аляксеева высачылі каля суседняй вёскі, дзе ён хаваў выбухоўку. А калі яго прыйшлі арыштоўваць, аказаў супраціў і быў забіты. ФСБ называе яго членам «Палка Каліноўскага» і заяўляе, што Аляксееў збіраўся закласці выбухоўку ў будынку адміністрацыі Аланецкага раёна Карэліі.
Мікалай Аляксееў актыўна выступаў супраць Лукашэнкі, публікаваў фатаграфіі з пратэстаў у 2020 годзе, размяшчаў у сацыяльных сетках пасты аб парушэннях правоў чалавека ў краіне. Па інфармацыі расійскіх сілавікоў, у 2022 у Беларусі яго абвесцілі ў вышук за «абразу Лукашэнкі».
Вось, напрыклад, публікацыя актывіста ад 25 чэрвеня 2021 года:
«Тое, што адбываецца зараз у маёй краіне, называецца адным словам — генацыд. Гэта генацыд нашага народа. Нахабная беспардонная хунта на чале з самазванцам сілай захапіла ўладу.
Вось ужо амаль год народ Беларусі вядзе супраць іх барацьбу. У многіх апускаюцца рукі, хтосьці яшчэ не да канца ўсвядоміў, што рэпрэсіі закрануць усіх без выключэння», — пісаў тады Мікалай.
На аватарцы ў Аляксеева стаялі беларуская Пагоня і ўкраінскі Трызуб.
Каментары