У Гомелі сабака байцоўскай пароды проста каля пад'езда загрыз суседскую чыхуахуа
Інцыдэнт адбыўся месяц таму. Жыхарка Гомеля з чыхуахуа Гучы выйшла пагуляць. Вяртаючыся дадому, каля пад'езда жанчына з сабачкам сутыкнуліся з пітбулем. Той раптам накінуўся на кілаграмовую чыхуахуа і загрыз яе, піша «Гомельская праўда».
Па словах гаспадара Гучы, пітбуля неаднаразова выгульвалі без намордніка. Уладальніку не раз казалі, што байцоўскага сабаку баіцца ўвесь пад'езд. Той, аднак, адказваў, што сабака не кусаецца.
Гаспадары загінулай чыхуахуа звярнуліся ў суд, каб прыцягнуць суседа да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правіл утрымання жывёл. Уладальнік пітбуля прызнаў віну і раней законы не парушаў, таму суд абмежаваўся папярэджаннем. Мужчына таксама папрасіў прабачэння і выказаў гатоўнасць пакрыць нанесеную шкоду.
Уладальнік байцоўскага сабакі расказаў, што ў той дзень наморднік на гадаванцы быў, але, верагодна, вісеў у сабакі на шыі. Сцягнуць наморднік лапай з морды для сабакі магчыма.
У момант, калі пітбуль выходзіў з пад'езда, чыхуахуа сядзеў каля дзвярэй без гаспадара, мабыць, забегшы наперад. А як толькі адчыніліся дзверы, Гучы адразу кінулася ў пад'езд.
Па словах гомельца, пітбуль сам агрэсію не праяўляе, толькі рэагуе на яе. Мужчына падкрэсліў, што шкадуе загінулага сабаку, але лічыць інцыдэнт няшчасным выпадкам.
Каментары