Кіно22

Рэжысёр Максім Швед расказаў пра прафесійны крызіс і жаданне знайсці «нармальную працу»

З часу прэм’еры аднаго з найлепшых беларускіх дакументальных фільмаў сучаснасці «Чыстае мастацтва» мінула больш за пяць гадоў. Яна адбылася ў 2019 годзе на Кракаўскім кінафестывалі, а хутка пры поўных залах паказы прайшлі і ў Беларусі. Сёння аўтар «Чыстага мастацтва» Максім Швед прызнаецца, што не мае ні сілаў, ні жадання займацца дакументальным кіно. 

Максім Швед — беларускі рэжысёр дакументальнага кіно. Варшава, Польшча. 25 чэрвеня 2024 года. Фота: Карына Пашко / Белсат

«Белсат» паразмаўляў з ім, каб зразумець, ці звязаны сыход рэжысёра з прафесіі з тым, што беларускае незалежнае кіно сёння пераважна ў эміграцыі і па-ранейшаму мае моцна абмежаваныя магчымасці.

— Ты напісаў у Facebook, што «займацца дакументальным кіно няма ні сілаў, ні жадання». Што здарылася?

— У прыватных размовах я ўжо даўно на гэта наракаю. Яшчэ ў 2020 годзе, калі не стала Захара Кудзіна, я шмат пра гэта казаў. Помню, на паказе «Чыстага мастацтва» на фестывалі «Docudays» мяне папрасілі распавесці пра сябе, і я сказаў, што насамрэч хацеў бы займацца чайным грыбам, а не кіно. Я адчуваў, што не маю энергіі, якой яно вымагае. Але потым пачаліся пратэсты, і я зразумеў, што сусвет патрабуе ад мяне акурат прафесіі рэжысёра.

Сёння гэта ўжо стомленасць марафонца і не толькі ад кіно, але ад жыцця ўвогуле. І эмігранцкая доля, і сусветныя падзеі патрабуюць шмат энергіі, на фільмы яе не застаецца.

Тым больш беларускія тэмы — траўматычныя, а гэта не тая праца, ад якой можна адключыцца пасля працоўнага дня, ты жывеш ёю ўвесь час.

— Сёння такога адчування, як у 2020-м, што сусвет патрабуе ад цябе тваёй прафесіі, няма?

— Тады людзі, якіх я не ведаў і ніколі не бачыў, пачалі мне тэлефанаваць, пісаць і казаць: зрабі нам хоць штосьці, нам усё цікава, вось табе грошы. Такога ніколі не было ні да, ні пасля. Вядома, я тады адчуў запатрабаванасць, а адчуўшы такое аднойчы, потым цяжка выбіваць сабе фінансаванне.

— А цяпер трэба выбіваць?

— Беларуская тэма ўжо не такая актуальная, нават украінская становіцца менш цікаваю. Шмат у каго з украінскіх рэжысёраў падобная сітуацыя: у тваёй краіне адбываецца нешта важнае, табе баліць, але каб данесці гэта сусветнай супольнасці, трэба танчыць з бубнам. Мушу прызнаць, гэта таксама творчы крызіс: я не маю што і як сказаць. Мяне дзівіць, калі рэжысёры, як, напрыклад, Лазніца, штогод выдаюць то ігравы, то дакументальны фільм. Не кожны так можа, у мастацтве ёсць і нерацыянальны складнік. У беларускім кіно да таго ж разумееш, што ні славы, ні грошай, як сказаў адзін з сябраў журы некалі на «Лістападзе», тут у любым разе не будзе.

Максім Швед — беларускі рэжысёр дакументальнага кіно. Варшава, Польшча. 25 чэрвеня 2024 года. Фота: Карына Пашко / Белсат

— Фільм «Галасы. Дзе мой край» — такім чынам пакуль твой апошні поўны метр.

— Мы пачалі яго рабіць яшчэ ў 2020 годзе, тады хацелася проста нешта рабіць, выйсці з дому, сустрэцца з людзьмі, гэта быў спосаб функцыянавання. Цяпер я адарваны ад маці-радзімы і такой патрэбы больш няма, да таго ж сёння рабіць кіно складаней: цяжка знайсці такую форму, праз якую ніхто не атрымае содняў ці гадоў. Але ёсць у мяне не закрыты гештальт — мая амерыканская гісторыя. Я ездзіў на кінарэзідэнцыю ў Нью-Ёрк, і там са мной адбылося тое, чаго я дасюль не магу ўкласці ў галаву.

— Што там адбылося?

— Тады ў Нью-Ёрку я сустрэўся са сваім сябрам — да гэтага мы бачыліся ў 2000-х, ён быў для мяне ўвасабленнем таго, якім жыццём я мог бы жыць, калі б застаўся ў Амерыцы ў 1998-м, калі мы былі там разам. Мы сустрэліся ў цікавы дзень — у Дзень незалежнасці ЗША 4 ліпеня, а лукашэнкаўскі Дзень незалежнасці — за дзень да гэтага. Гэтая гісторыя скончылася сумна: я пахаваў сябра, ён памёр. Я паехаў у Амерыку мантаваць фільм, а сам трапіў у нейкае неймавернае кіно — у ім паралель з Беларуссю, дні незалежнасці, салют над Нью-Ёркам, здзейсненыя і няздзейсненыя амерыканскія мары. Я разумею, што калі займуся гэтым матэрыялам, гэта яшчэ тры гады часу, высілкаў і пагружэння ў траўматычную тэму.

— Як ты сёння пачуваешся з гледзішча магчымасцяў для цябе як для кінематаграфіста?

— Не так даўно я падаўся на вакансію ў піцэрыю. У мяне ёсць спецыяльнасць кухара, я скончыў вучэльню ў Горадні, мне падабаецца гатаваць. Пасля ад’езду з Беларусі я шмат з кім жыў, і ўсе мне казалі, што я добра гатую. Думаю паспрабаваць «нармальную» працу з нармальным графікам, інтэгравацца ў Польшчы, гэта шлях да новага досведу. Магчыма, там народзіцца новая ідэя. Мне здаецца, павінен быць нейкі баланс паміж стаяннем на нагах і лётаннем у аблоках. Я ж некалі быў бізнесоўцам — думаю, можа, да гэтага вярнуцца, шукаю, што з назапашаных ідэяў можна рэалізаваць.

— Як сённяшняе беларускае дакументальнае кіно можа заставацца актуальным, калі яго амаль немагчыма здымаць у краіне?

— Калі б я ведаў адказ на гэтае пытанне, не разважаў бы пра тое, што трэба сыходзіць з кіно [смяецца]. Можа быць шмат ракурсаў: беларусы ў Беларусі — гэта адно, эміграцыя — другое, месца беларусаў у сусветным кантэксце, калі адбываюцца такія падзеі, — трэцяе. Можна нават адысці ад беларускасці, ад траўматычнай тэмы і рабіць універсальныя гісторыі. Магчыма, цяпер робіцца штосьці, пра што мы не ведаем: добрыя гучныя праекты здымаюцца доўга.

Гэта выклік для рэжысёраў — знайсці нейкую форму, каб у гэтых умовах расказваць пра Беларусь.

За апошнія два гады шмат магчымасцяў даў штучны інтэлект, зноў-такі мы інтэгруемся ў мясцовыя культуры. Я думаю, дакументальнае кіно загіне апошнім, бо яго сэнс — жыццё, жывыя людзі ў жывых абставінах.

— Твае сумневы наконт таго, ці заставацца ў прафесіі, хіба даказваюць крызіс беларускага кіно.

— Беларускае кіно заўсёды было ў крызісе, проста цяпер тэрмометр паказвае найвышэйшую шкалу. Так, усё дрэнна, але такое ўжо было і, на жаль, такога будзе шмат. Чалавецтва агулам у гуманітарным крызісе.

Як чалавек я мушу перадусім выжываць і толькі потым думаць пра тое, якія ў каго ад мяне чаканні як творцы.

Пры гэтым у кіно з’яўляюцца новыя людзі, я бачу ў іх запал, які калісьці быў у мяне. Яны гатовыя рабіць фільмы, не думаючы пра фонды і фестывалі, толькі дзеля творчасці.

— Ты зрабіў праект «Артэфакты». Задаволены тым, які ён атрымаўся?

— Пытанне з зорачкаю [смяецца]. Я быў у новай для сябе ролі шоўранера, хоць сам да канца не зразумеў, што гэта значыць. Я развязваў шмат арганізацыйных пытанняў, каардынаваў творчы калектыў з прыблізна 10 асобаў і намагаўся зрабіць так, каб усе серыі глядзеліся як зробленыя адною рукою. Мне спадабалася — мы ўсе дажылі да канца і паціснулі адно аднаму рукі. Калі казаць пра творчую частку, як гэта часта бывае з дакументальным кіно, спачатку ты не разумееш, у што ўвязваешся, а потым думаеш, навошта табе ўсё гэта трэба і чаму не было прыдумаць неяк прасцей. Але прагляды добрыя, і калі меркаваць паводле водгукаў, людзі хіба разумеюць, што ты хацеў зрабіць. І «Reform», і фонд, які нас падтрымліваў, і героі задаволеныя. Думаю, праз дзесяць гадоў гэты прадукт будзе вельмі класна глядзецца — там усё структураванае, якасна знятае, цікавыя людзі. Паглядзеўшы пяць 20-хвілінных гісторыяў, глядач трошку зразумее, як мы жылі ў 2020 годзе і як рэфлексавалі на тыя падзеі ў 2024-м.

Максім Швед — беларускі рэжысёр дакументальнага кіно. Варшава, Польшча. 25 чэрвеня 2024 года. Фота: Карына Пашко / Белсат

— У цябе двое дзяцей. Ты б ім раіў прафесію рэжысёра?

— Я б ім дакладна не адмаўляў у такой магчымасці, але сказаў бы, што тут трэба добра падумаць. Мая дачка сама, без якога-кольвек майго падтрымання, трапіла ў гэтую індустрыю: калі яна працавала адміністратаркай у гостэле, пазнаёмілася з польскім рэжысёрам, які жыве ў Аўстраліі. Ён прапанаваў ёй папрацаваць на адным праекце, яна ездзіла на здымкі ў Францыю. А сын прыйшоў летась на «Bulbamovie», паглядзеў праграму маладога кіно, дзе быў і наш з дачкою фільм, і вельмі натхніўся — сказаў, што таксама нешта зробіць, бо з такім узроўнем фільмаў разумееш, што нават ты так можаш. Яму 15 гадоў, ён спрабуе здымаць са сваім сябрам, і цалкам імаверна, мы ад яго нешта пабачым.

— А што за фільм вы зрабілі з дачкою?

— Мы зрабілі эксперыментальную стужку з тэлеграм-кружочкаў. Падчас працы ў гостэле, неяк пад Новы год, з дачкою здарылася неймаверная гісторыя, і яна ўвесь час запісвала пра гэта сваім сябрам кружочкі ў «Тэлеграме». Калі я гэта пабачыў, сказаў: гэта кіно. Яна там сцэнарыстка, рэжысёрка і аператарка, а я — мантажыст, які склаў гісторыю, дадаў музыкі і пару рэжысёрскіх рашэнняў. Пакуль я гэтага фільму нідзе не паказваю.

— Што гэта быў за час для цябе — з моманту, калі ты пастанавіў пайсці ў кіно? Не шкадуеш пра тое рашэнне?

— Не, вядома, не шкадую, я ўвогуле не маю звычкі шкадаваць. Я сапраўды быў іншым чалавекам, калі закрыў усе свае бізнесы, каб заняцца кіно. Тады я быў вельмі разгублены, бо не меў аднадумцаў і нікому са сваёй ідэяй па вялікім рахунку не быў патрэбны. А запатрабаванасць я адчуў, толькі калі пачаў здымаць гісторыі пра дзяцей з аўтызмам ды іхных бацькоў. Я разумеў, што раблю нешта карыснае і камусьці гэта сапраўды можа дапамагчы.

Тады я спаткаў свайго чалавека, любімую жанчыну — яна вельмі мяне падтрымлівала, я стаўся тым, кім стаўся, дзякуючы ёй, без яе я б не адбыўся як рэжысёр.

Яна дапамагла мне пратрымацца, а потым была Школа Вайды, дзе пры знаёмстве мне сказалі, маўляў, вось чалавек, які будзе адказваць за фестывальнае жыццё твайго фільму. І я зразумеў, што ў мяне будзе фільм і ў яго будзе фестывальнае жыццё. Праца над «Чыстым мастацтвам» заняла тры гады, потым быў 2020-ы з яго запатрабаванасцю, і неяк так я дакульгаў да сёння. Я шмат даведаўся пра свет і пра сябе за гэты час, дакументальнае кіно — гэта ўвогуле кіно, якое ты здымаеш пра сябе.

— Што ты даведаўся пра сябе?

— Даведваешся нешта з кожнаю гісторыяй. З Захарам гэта было пра адзіноту і згубленасць, якія адчувае мастак. Калі я яго здымаў — вельмі востра адчуў, што значыць быць мастаком — і на ягоным прыкладзе, і на сваім. Кожнага героя ты выбіраеш невыпадкова. Першы мой фільм быў пра рэжысёра, які прыехаў з Калінінграду скараць Піцер, але лёс прывёў яго ў сутарэнні, дзе ён працаваў грузчыкам. Хіба я на гэтае кола зайшоў [смяецца].

— Якія шанцы, што нават калі ты сыдзеш на іншую працу, мы ўрэшце пабачым ад цябе поўнаметражны дакументальны фільм?

— Шанцы, безумоўна, ёсць, я б сам хацеў паглядзець гэты фільм. Але трэба рабіць пашпарт, здаваць экзамен па польскай мове, думаць, як аплочваць жытло. На жаль, мушу займацца гэтымі пытаннямі. Калі я пачынаў займацца кіно, даў сабе пяць гадоў, каб нешта атрымалася, і праз пяць гадоў мантаваў «Чыстае мастацтва». Трэба зноў пазначыць сабе дэдлайн, маўляў, калі за тры гады нічога не нараджу — значыць, гэтая вандроўка скончылася. Самае галоўнае — не індустрыя, не грошы, не гледачы, а ідэя, якою ты будзеш жыць тры гады. Можа, сапраўды трэба ўвязацца ў якую бойку.

Каментары2

  • Индеец
    20.07.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Беларусаед
    20.07.2024
    Цікавы артыкул, дзякуй, але паважаныя НН ды Белсат, навошта пісаць "кружочкі", кали ёсьцека беларускі адпаведнік "колцы"?

«Тэлефануйце дзецям, прасіце вярнуцца ў Беларусь». Беларусы на мяжы сутыкнуліся з новай праверкай26

«Тэлефануйце дзецям, прасіце вярнуцца ў Беларусь». Беларусы на мяжы сутыкнуліся з новай праверкай

Усе навіны →
Усе навіны

Сілавікі затрымалі грамадзяніна Ізраіля за 18 каментароў пра Лукашэнку і сакратара Рады бяспекі12

Экс-кіраўніку страйкама «Нафтана» Вользе Брыцікавай дадалі тры гады калоніі5

У Слуцку шлагбаум прапароў салон аўтобуса

Ціханоўская расказала пра свае планы на выбары-202554

У Каменным Логу згарэла фура

Рэвалюцыя ў тэхналогіі «захоп руху» хутка зменіць свет гульняў, фітнесу і медыцыны1

Дзе ў Беларусі часцей жэняцца, а дзе часцей разводзяцца

Гіркін перадаў ліст з калоніі. Назваў сітуацыю на фронце правальнай для Расіі, прагназуе ўцягванне Беларусі ў вайну27

Прэзідэнт Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека Марыя Колесава-Гудзіліна раптоўна пакінула арганізацыю9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Тэлефануйце дзецям, прасіце вярнуцца ў Беларусь». Беларусы на мяжы сутыкнуліся з новай праверкай26

«Тэлефануйце дзецям, прасіце вярнуцца ў Беларусь». Беларусы на мяжы сутыкнуліся з новай праверкай

Галоўнае
Усе навіны →