Грамадства2222

Лябедзька: Беларуская мова павінна стаць адзінай дзяржаўнай. Але трэба закласці пераходны перыяд

Анатоль Лябедзька, дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкім супрацоўніцтве, расказаў выданню BGMedia пра свой шлях да беларускасці і перспектывы вырашэння моўнага пытання ў Беларусі.

Анатоль Лябедзька. Фота Офіса Святланы Ціханоўскай

«Бацькі не пакінулі мне выбару»

— Па вялікім рахунку, у мяне і не было выбару. Я нарадзіўся ў беларускамоўнай сям’і, у беларускамоўным атачэнні, таму для мяне шлях да беларушчыны быў зусім кароткі. Як толькі вылупіў вочы, глянуў на гэты свет — мае бацькі ўжо зрабілі выбар. Так што для мяне ўсё было проста, коратка і гарманічна.

Праўда, па жыцці сустракаліся выклікі. Першы, бадай, самы моцны выклік, калі я стаў студэнтам і трапіў у цалкам рускамоўны асяродак. Тады беларуская мова калола вочы гарадскім, а беларускамоўныя былі «деревенщиной» — не трэндавае, не моднае. І гэта быў сур’ёзны выклік: ты ж не хочаш быць лузерам, асабліва сярод сваіх равеснікаў, таму і ў мяне былі хібы ў гэты час.

Але ўсё роўна я прыязджаў дахаты, трапляў у родны асяродак — там заўсёды гаварылі па-беларуску, а вяртаўся ў Мінск — падстройваўся пад студэнтаў, з якімі гулялі ў футбол, хадзілі ў кавярню ды на танцы.

Мова вярнулася ў мой ужытак і стала неад’емнай часткай мяне ўжо ў парламенце, у Вярхоўным Савеце, бо там працавалі іншыя чыннікі. Ты выязджаеш у камандзіроўку ў Сейм Польшчы, чуеш, што дэпутаты размаўляюць не на іспанскай ці нямецкай мове, а на сваёй, тое ж самае і ў Нацыянальным сходзе Францыі.

Канешне, твой асяродак вельмі моцна ўплывае на моўныя паводзіны: ці ты робіш нешта з задавальненнем, ці табе трэба з нечым змагацца.

Анатоль Лябедзька ў 1990 годзе быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета 12 склікання.
Анатоль Лябедзька ў часы дэпутацтва

«Лукашэнка — ад пачатку да канца — быў савецкім, тут ён застаўся паслядоўным»

— Вы досыць рана пачалі палітычную кар’еру ў Вярхоўным Савеце. І Лукашэнку ведалі асабіста. Ці спрабаваў нехта беларусізаваць яго?

— Я не думаю, што Лукашэнку нехта спрабаваў падштурхнуць на беларускамоўныя рэйкі. Ён жа сам быў у парламенце (гэта месца татальнай публічнасці), ён таксама меў магчымасць кантактаваць з дэпутатамі з іншых краін, але на яго гэта не ўплывала. Лукашэнка — ад пачатку да канца — быў савецкім, і тут ён застаўся паслядоўным.

— Чаму Лукашэнка, таксама выхадзец з вёскі, карыстаецца не беларускай мовай, а трасянкай, якую, відаць, лічыць за рускую? Якія чыннікі паўплывалі на яго?

— Ведаеце, вёскі таксама розныя. Я з Заходняй Беларусі, ён з Усходняй Беларусі. Мне здаецца, у заходніх вёсках паўсюль людзі гаварылі па-беларуску, а вось ва Усходняй Беларусі, куды саветы прыйшлі раней, пагаспадарылі і пакінулі пасля сябе «спадчыну», сітуацыя іншая. Не ўсе беларускія вёскі беларускамоўныя, заходнія — так, але Лукашэнка, наколькі мы ведаем, рос ва Усходняй Беларусі. Ні школа не была беларускамоўнай, ні сям’я — і гэта безумоўна адбілася.

— У вашым палітычным жыцці пераважала беларуская ці руская мова? Як вы выбіралі мову стасункаў?

— Я арыентаваўся на аўдыторыю. У палітыцы так: калі ты хочаш, каб твае мэсэджы, пасланні дайшлі да людзей, то ты мусіш лічыцца з гэтым. Калі я прыходзіў на заводскую прахадную ці на нейкую сустрэчу і да мяне звярталіся па-руску, я адказваў таксама на рускай.

Бо заўсёды існуе прыярытэт. Для мяне вельмі важна, каб людзі прынялі дэмакратыю, а не дыктатуру. І калі на рускай мове мне ўдасца лепш давесці ім, што дэмакратыя гэта добра, то я буду гаварыць па-руску. Бо толькі тады, калі большасць беларусаў стануць прыхільнікамі дэмакратыі, у нас адбудуцца дэмакратычныя змены, тады і вернецца беларушчына.

Трэба прызнаць, што галоўная роля выбару кірунку развіцця ўсё ж належыць дзяржаўным інстытутам. Мы гэта бачым і па сённяшняй Беларусі: тыя, хто сёння кіруе краінай, праводзяць русіфікацыю Беларусі.

Больш за тое, чалавек з дэмакратычнымі поглядамі значна лепш разумее, навошта патрэбная нацыянальная ідэнтычнасць, навошта мова. Дэмакратыя — добрая глеба для беларушчыны, дыктатура знішчае Беларусь, гэта трэба ўлічваць.

Калі ў Беларусі большасць людзей будуць за дэмакратыю, то яны не будуць за вайну, за дыктатуру, яны не будуць за савецкае мінулае.

«У выгнанні я значна больш карыстаюся беларускай мовай, чым якой іншай»

— Зараз я цалкам перайшоў на беларускую мову. Тыя беларусы, з якімі я камунікую, альбо самі размаўляюць па-беларуску, альбо хочуць размаўляць на беларускай мове. І само знаходжанне за межамі Беларусі таксама накладае пэўныя абавязкі. Тут я значна больш карыстаюся беларускай мовай, чым якой іншай.

— Што чытаеце з беларускага?

— Папяровыя кнігі я не чытаю, але ў інтэрнэце праглядваю ўсё: з задавальненнем гляджу і «Нашу Ніву», і Радыё Свабода, і Белсат. Усе, праўда, экстрэмісцкія, але жыццё такое.

— Бачна, што часцяком вы прымаеце ў госці сваю ўнучку. Як з ёй размаўляеце?

— З ёй мы пачалі вучыць беларускую мову. У яе ёсць яшчэ магчымасць падвучыць беларускую мову ў садочку. Таму, калі яна прыязджае да мяне, мы развучваем словы: я называю слова па-руску, яна мне гаворыць пераклад.

— На якой мове, дарэчы, вядзецца камунікацыя ў вашай сям’і?

— У бацькоўскай хаце заўсёды на беларускай. У нас гібрыдны варыянт — у залежнасці ад сітуацый. Сын ведае беларускую, але па працы больш карыстаецца рускай.

«Сукамернікаў за дзве гадзіны ўдавалася пераканаць, што патрэбна адна дзяржаўная мова»

— Гісторыя сведчыць, што ніводная дыктатура не існуе вечна. Прыйдзе час, ляснецца і гэты рэжым. Як будзем вырашаць моўнае пытанне?

— У праекце новай канстытуцыі Беларусі моўнае пытанне мы жорстка не прапісвалі, улічваючы ролю рускай мовы ў жыцці краіны сёння.

Советник демократического лидера Светланы Тихановской по парламентскому сотрудничеству и конституционной реформе Анатолий Лебедько.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька

Але я магу выказаць свой асабісты погляд. Я за тое, каб зафіксаваць у праекце канстытуцыі новай Беларусі, што адзіная дзяржаўная мова — беларуская, і зафіксаваць пераходны перыяд, цягам якога мы пяройдзем да адной дзяржаўнай, беларускай мовы.

Я думаю, што так прыйдзецца рабіць, улічваючы сённяшняшнюю сітуацыю, якую можна назваць татальнай русіфікацыяй. Каб не ствараць дадатковыя лініі напружання, трэба вельмі ясна сказаць людзям: за 7—8 гадоў мы падрыхтуем якасныя падручнікі, прафесійныя кадры — за гэты час любы можа вывучыць беларускую мову. Але пераходны перыяд з яснымі правіламі гульні трэба закласці. Перспектыва — адзіная дзяржаўная беларуская мова.

З чаго я зыходжу? Апошні раз я правёў на Акрэсціна 15 сутак, пасля ўвесну — яшчэ 30 сутак. Тады я актыўна абмяркоўваў праект канстытуцыі новай Беларусі са сваімі сукамернікамі. А там, у трохмеснай камеры, сядзела па 16 чалавек. Мы гадзінамі дэбатавалі, у тым ліку, і па моўным пытанні.

Да пачатку дыскусіі ўся камера падзялялася на тры опцыі: павінна быць толькі адна, беларуская мова, затым — абавязковае двухмоўе, колькасць прыхільнікаў двухмоўя дасягала ледзь не да паловы камеры. Але пасля завяршэння дыскусіі я не памятаю, каб нехта выступаў за двухмоўе. Людзі станоўча ўспрымаюць варыянт пераходу на адзіную дзяржаўную беларускую мову пасля падрыхтоўчага этапу.

У камеры пераважна сядзелі рускамоўныя людзі, якіх за дзве гадзіны можна было пераканаць. А калі б была магчымасць размаўляць не толькі з сукамернікамі, дык, думаю, гэта магчыма і ў маштабах краіны. Толькі трэба папрацаваць на гэта, канешне.

Ці давайце возьмем нацыянальную сімволіку, якая стала дзяржаўнай. Мы ж не прыйшлі ў парламент і сталі націскаць на ўсе кнопкі. Працяглы час, кропкава, давялося працаваць з дэпутатамі, навукоўцы праводзілі круглыя сталы; калі ты прыводзіш разумныя аргументы, то беларусы ўспрымаюць іх, гэта не тая нацыя, якая становіцца ў позу.

— Вопыт сярэдзіны 90—х гадоў таксама аказаўся досыць станоўчы: мову не навязвалі, але за яе выкарыстанне рабілі невялікія даплаты.

— Эканамічныя чыннікі моцна працуюць. Зноў жа ўзгадаем Вярхоўны Савет, дзе напачатку адзінкі размаўлялі на беларускай мове: Ніл Гілевіч, Алег Трусаў, Лявон Баршчэўскі, Зянон Пазняк. А калі заканчвалася ўжо кадэнцыя, то ўсе кіраўнікі камісій падавалі свае даклады па-беларуску. Сапраўды, гэта яшчэ адзін аргумент за тое, што канцэпцыя, якая прапануецца мной, можа спрацаваць.

Каментары22

  • царевна-лебедь
    15.07.2024
    лябедзька і мова?
    это какой-то "новый" "козырь" из рукава старого, который "Во время избирательной кампании 1994 года поддержал А. Г. Лукашенко"
  • Засцянковы шляхціч
    15.07.2024
    Пераходны перыяд у нас ужо 30 год, так што дастаткова. Лябедзьку таксама можна збірацца на адпачынак і пісаць мемуары.
  • Acab
    15.07.2024
    Не павінна быць ніякіх дзяржабных моваў. Наяўнасьць дзяржабнае мовы гэта варажнэча, прыгнёт, а нат і вайна

З'явіліся імёны першых вызваленых палітвязняў10

З'явіліся імёны першых вызваленых палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

Вользе Брыцікавай з «Нафтана» прыдумалі яшчэ тры крымінальныя справы2

Як доктара Мартава ўдалося выратаваць з Расіі

Сусед паставіў у калідоры відэаназіранне. Гэта законна?2

Еўрасаюз запусціць новую сістэму ўезду і выезду з 10 лістапада. Яна закране і беларусаў1

Былы палітвязень пра Чудзянцова: Ведаю людзей, якія ад яго пацярпелі за кратамі3

У Мінску створаць адзіную дзяжурна-дыспетчарскую службу. У яе ўвойдуць больш за 20 арганізацый1

Колькасць легкавых аўтамабіляў на беларуска-літоўскай мяжы рэкордна ўпала1

Да $1900: паглядзелі, якія кватэры прапануюць у арэнду студэнтам у Мінску напярэдадні навучальнага года4

Лукашэнка ў інтэрв'ю расійскаму прапагандысту зняважыў украінскіх жанчын19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З'явіліся імёны першых вызваленых палітвязняў10

З'явіліся імёны першых вызваленых палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →