Гісторыя4747

«Вельмі складана зразумець, што ёсць дзве праўды». Літоўскі гісторык пра «Пагоню» і спадчыну ВКЛ 

У новым выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна» літоўскі гісторык Русціс Камунтавічус патлумачыў, чаму літоўцам бывае складана зразумець беларусаў, як яны глядзяць на гісторыю ВКЛ і ў чым галоўнае адрозненне беларускай і літоўскай «Пагоні».

Русціс Камунтавічус Рустис Камунтавичус Rustis Camuntavichus
Русціс Камунтавічус. Скрын відэа: malina_by / YouTube

Ці магчымы кансэнсус адносна агульнай гістарычнай спадчыны

На думку Русціса Камунтавічуса, розныя погляды на гістарычнае мінулае ў Беларусі і Літвы могуць істотна паўплываць на палітычныя адносіны паміж дзвюма краінамі ў будучым. Сам гісторык лічыць, што розныя падыходы — гэта добра.

«Гэта дар, плюс. Нам трэба дапамагаць беларусам развіваць іх бачанне мінулага. І чым яно больш будзе адрознівацца ад літоўскага, тым лепш. А беларусы павінны дапамагаць літоўцам развіваць сваё бачанне», — тлумачыць сваю пазіцыю Камунтавічус і дадае, што яго ідэю амаль ніхто ў Літве не хоча зразумець і прыняць.

Гісторык расказаў, што ў апошнія дзесяць гадоў змяніўся погляд у Літве адносна мовы ВКЛ. Цяпер у школах дзяцей вучаць, што гэта была русінская мова. Да гэтага яе называлі «канцылярскай».

Як у такой сітуацыі паступіць рацыянальна, Камунтавічус не ведае:

«Мне рацыянальнасць бачыцца ў тым, што рознасць падыходаў — гэта дар. І я спрабаваў гэта патлумачыць у сваёй кнізе аб гісторыі Беларусі. Я бачу, як літоўцы яе чытаюць і не разумеюць, што я хацеў сказаць.

Гэта вельмі складана, бо нас усіх у гэтым рэгіёне вучаць, што ёсць адна праўда, адна правільная інтэрпрэтацыя мінулага. І вельмі складана чалавеку, які прайшоў сярэднюю школу (беларус ён ці літовец), зразумець, што ёсць дзве праўды. Павінна быць нейкая дыскусія паміж вашай і нашай элітамі».

Але дыскусія пакуль не атрымліваецца. 

У чым галоўнае адрозненне літоўскай і беларускай «Пагоняў»?

Адносна герба «Пагоня» Русціс Камунтавічус заўважае: «ёсць доказы таго, што яна была ў вас да таго, як стала нашай. «Пагоня» была як на Захадзе, так і ў Беларусі. І толькі потым яна з'явілася ў Літве».

Гісторык патлумачыў галоўнае адрозненне паміж гістарычнымі гербамі дзвюх краін:

«Абедзве «Пагоні» адрознівае крыж. У літоўскай на сінім фоне залаты крыж. Пры гэтым дзве папярочкі (гарызантальныя палосы) у яго роўныя. А ў вас крыж нагадвае Крыж Ефрасінні Полацкай. У ім верхняя папярочка трохі карацейшая. Пры гэтым крыж на белым фоне».

Литовский и белорусский варианты герба «Погоня». Lithuanian and Belarusian versions of the coat of arms "Pahonja" Літоўская і беларуская версіі герба "Пагоня"
Беларуская (злева) і літоўская версіі герба «Пагоня». Скрын відэа: malina_by / YouTube

Камунтавічус адзначае яшчэ адну важную акалічнасць: «Ваш крыж быў зроблены ў Полацку амаль на сто гадоў раней за стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. (…) Ён мае вялікае сімвалічнае значэнне для беларускасці, беларускай ідэнтычнасці. А крыж на літоўскай «Пагоні» адносіцца да дынастыі Ягелонаў. Калі ў нас дынастыя, то ў вас беларуская нацыя».

Гісторык згадвае, што літоўцы былі задаволены, калі ў 1995 годзе Лукашэнка змяніў дзяржаўную сімволіку: «Мне літоўскія гісторыкі адкрытым тэкстам гаварылі: «Вельмі добра, што ў Беларусі Лукашэнка. Таму што ў такім выпадку яны не аднімуць нашай гісторыі».

У чым розніца паміж ідэнтычнасцю літоўца і беларуса

Па словах Камунтавічуса, беларусы і літоўцы адрозніваюцца «логікай ідэнтычнасці»: «У літоўцаў усё зразумела. Ёсць дзве калумны — мова і Вялікае Княства. А беларусы больш думаюць метафарамі».

Гісторык лічыць, што найлепшая метафара для апісання беларусаў — гэта карціна Малевіча, якую ўсе ведаюць як «Чырвоны квадрат».

«Усе глядзяць на гэты чырвоны квадрат і бачаць чырвоны квадрат. А афіцыйная назва гэтага вобраза — «Даярка ў двухмерным вымярэнні». Усе глядзець — чырвоны квадрат, але гэта ж даярка. І вось літовец глядзіць на беларуса, бачыць гэты чырвоны квадрат. Але ж гэта не чырвоны квадрат, там усярэдзіне — даярка. Як можа быць чырвоны квадрат і даярка адным?» — усміхаецца ён.

Камунтавічус звяртае ўвагу і на іншыя адметнасці беларускай ідэнтычнасці. Беларусы аднолькава ўспрымаюць як музей Вялікай Айчыннай вайны, так і замак Радзівілаў у Нясвіжы:

«Нясвіжскі замак і музей Другой сусветнай вайны не могуць быць на тым жа ўзроўні па нашым мысленні, часткай той жа самай ідэнтычнасці. Гэта супрацьлегласці. Ці ты на адным баку, ці на другім. У літоўца гэта ніяк не сходзіцца».

Яшчэ адзін прыклад парадоксу беларускай ідэнтычнасці, які прыводзіць гісторык — назва вуліцы ў пасёлку Радунь Воранаўскага раёна.

«Там галоўная вуліца вялікімі беларускімі літарамі падпісана — вуліца Леніна. А ўнізе лацінкай напісана — вуліца Касцельная. Адна і тая ж вуліца. І што мне рабіць? Гэта вуліца Леніна ці Касцельная? Вось так вы жывяце. І як нам жыць з вамі, зразумець, хто вы», — іранізуе Камунтавічус.

«Беларусь — гэта толькі Захад»

Русціс Камунтавічус адзначае, што літоўцы ўспрымаюць Беларусь як частку Захаду:

«Вы толькі з намі. Вы не частка «рускага свету». Вы нават не з украінцамі, якія ў іншы бок сыходзяць (больш радыкальныя). Глыбока ментальна вы з літоўцамі, у нейкай меры з палякамі. У нас агульнае вельмі моцнае.

Расіяне спрабавалі вырваць гэта на працягу 19-20 стагоддзяў, але відаць, што ў іх не атрымалася, што б яны ні гаварылі. Вас зліць з Расіяй ужо немагчыма. Вас можна знішчыць толькі фізічна. Усім зразумела — вы не станеце часткай расійскага народу. Таму ваша перспектыва арыентавана на Захад, а не на Усход».

«Літвінізму няма»

Камунтавічус лічыць, што «літвінізму» як феномену няма. На яго думку, яго маглі развіць як рускія спецслужбы, так і літоўскія нацыяналісты для таго, каб пасварыць літоўцаў з беларусамі.

«Беларусы глядзяць на сваё мінулае, і ўсё, што там было, робяць часткай сваёй ідэнтычнасці. У вас у мінулым было Вялікае Княства. І вы яго робіце часткай ідэнтычнасці. А літоўцы прыдумалі, што гэта робіць вас «літвіністамі», якія хочуць адняць у літоўцаў Вялікае Княства Літоўскае і Вільню».

«Самыя вялікія літвіністы гэта літоўцы. Чаму? Бо яны хочуць быць літвінамі», — дадае гісторык.

Якой дзяржавай была ВКЛ?

Русціс Камунтавічус адзначае, што для адказу на пытанне, як стваралася Вялікае Княства Літоўскае, як адбывалася культурнае і палітычнае аб'яднанне, не хапае гістарычных крыніц. Калі ж гаварыць пра больш позні перыяд, 16-18 стагоддзе, то відавочнай была славянізацыя дзяржавы.

«Ніхто не можа сказаць, што літоўцы асімілявалі беларусаў. Таму што хутчэй за ўсё быў адваротны працэс. (…) Князі з дынастыі Гедымінавічаў прымалі мясцовую рэлігію, калі прыязджалі на княжанне ў беларускія ці ўкраінскія землі. Прымаючы рэлігію, ты пачынаеш размаўляць на гэтай мове. (…)

Не было такога, што ты прыехаў — і ўсе пачынаюць гаварыць на літоўскай. Яны змешваліся з мясцовымі як у 14-м, так і ў 15-м стагоддзі. Потым гэтыя мясцовыя пачалі заходзіць у эліту. (…) Але мала хто з сучасных літоўцаў (непрафесійных гісторыкаў) атаясамляе паходжанне Хадкевічаў і Сапегаў з беларускімі землямі. А калі няма беларусаў, то няма і праблемы».

Каментары47

  • Have
    25.06.2024
    Афіцыйны беларускі Герб "Пагоня" мае Крыж Ефрасінні Полацкай. Пры гэтым крыж на белым фоне. Так. Але ёсць гербы "Пагоня" з жоўтым крыжом на чырвоным шчыце. Як напрыклад, герб на Харугве паспалітага рушання 1615 року Гарадзенскага павету Трокскага ваяводства.
  • U20
    25.06.2024
    Быду вельмі ўдзячны Нашай Ніве за больш цікавых відэа па гісторыі Беларусі. Нават за вытрымкі кніг на старонках Нашай Нівы. Дзякуй.
  • Так
    25.06.2024
    Buggy, хацелася б у гэта верыць, але збольшага менавіта беларусы вынішчаюць сваю гісторыю. Расеізаваныя беларусы пры моцнай дапамозе расіян, што варта дадаць. Бо хіба не скажаце, што шыльду паўстанцаў у Горадні, помнік Генішю, указальнікі лацінкай, знішчэнне могіл АК, ўсталяванне помнікаў Філарэту ці Канінскаму і іншае - гэта ўсё рабілі не беларусы? Ужо не кажучы, як у 1990-2010-я шматлікія беларусы проста смяяліся са свядомых змагароў і здзекліва каментавалі розныя спробы вярнуць нашу гісторыю ў публічную прастору, у тым ліку праз "ну какая разница". 

    Апошнія гады выдатна гэта ілюструе адзін са здымакаў, як вельмі простанародныя працоўныя беларусы дэмантуюць помнік згаданай вышэй беларускай патрыётцы Ларысе Геніюш.

    Ды і многіх беларусаў, асбліва тых за мяжой, нешта расіяне не прымушаюць размаўляць на расейскай ці нават тапіць за тую расейскую, як гэта робіць частка тожебелорусов, у тым ліку датычных да КР.

    Так што давайце будзем аб'ектыўна глядзець на рэчаіснасць.

На свабоду выйшла былая галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына4

На свабоду выйшла былая галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША нанеслі ўдары па аб’ектах Ісламскай дзяржавы ў Сірыі

Асад у 2014 годзе: Я не Януковіч, я нікуды не з'еду12

«Гэта ўжо і ёсць прывабнасць». Стала вядома, колькі зарабляюць чыноўнікі-кіраўнікі ў рэгіёнах3

«Прыехалі на нашы КПП, стралялі ў паветра». Расійскія базы ў Сірыі цалкам ізаляваныя паўстанцамі12

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак37

«Лукашэнка — яснавідзец!» Што за серыял ідзе на СТБ18

У Мазыры хлопец трапіў у жудасную пастку, калі спаў: спружына матраца ўпілася яму ў нагу2

Не Skarnik. Які беларускі анлайнавы слоўнік сёння найлепшы17

Ці можа быць у палітвязня Сцяпана Латыпава цынга? Адказвае былы турэмны доктар3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На свабоду выйшла былая галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына4

На свабоду выйшла былая галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына

Галоўнае
Усе навіны →