Меркаванні11

Карбалевіч: Мінск загаварыў па-іншаму, але гэта пакуль толькі словы, дзеянняў мінімум

Каскад заяў беларускіх афіцыйных асоб, скіраваных на нейкую разрадку напружанасці з Украінай і Захадам, наўрад ці можна лічыць выпадковым. Да гэтага трэнду варта далучыць і нечаканае вызваленне каля двух дзясяткаў палітвязняў. З чым звязаныя гэтыя крокі, разважае на «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч.

Фота: Contributor Getty Images

Пасля пагрозы на адрас Украіны ўжыць ядзерную зброю, якая прагучала ў выступе Аляксандра Лукашэнкі 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасці, сітуацыя неяк нечакана і радыкальна памянялася.

13 ліпеня Лукашэнка наведаў вайсковую часць у Лунінецкім раёне і паўстаў там у выглядзе «голуба міру». Ягоныя развагі былі на рэдкасць міралюбныя. Ён заявіў пра ліквідацыю напружанасці на мяжы з Украінай: «Цяпер у нас ускладненняў ніякіх няма з украінцамі. І я спадзяюся, што і не будзе… Мы ніякія не ворагі для ўкраінцаў. Я ўжо шмат разоў казаў. Гэта нашы людзі. Такія ж людзі, як мы, як расейцы. Нам трэба хутчэй дамаўляцца. Аказваецца, можна дамовіцца. Але галоўнае, трэба размаўляць. Калі няма дыялогу, размовы — гэта будзе эскалацыя і будуць гінуць людзі».

Такога міралюбства на адрас Украіны Лукашэнка не дэманстраваў з пачатку расійскай агрэсіі. Ягоную рыторыку тут жа падтрымалі сілавікі. Міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў пра неадкладны вывад «войскаў узмацнення паўднёвага напрамку з мяжы з Украінай». Старшыня КДБ Іван Церцель адзначыў, што «ўкраінскі бок паводзіў сябе стрымана», гаварыў пра дэманстрацыю «нашай міралюбнай пазіцыі».

У панядзелак 15 ліпеня тэму неабходнасці нармалізаваць адносіны з суседзямі працягнуў новы міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. Ён заявіў журналістам, што Беларусь гатовая да дыялогу, каб разрадзіць абстаноўку на мяжы з Польшчай: «Нядаўна кіраўнік нашай дзяржавы прапанаваў польскаму боку (і гэтая пазіцыя была даведзеная да часовага паверанага ў справах Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь): мы гатовыя прыняць любую польскую дэлегацыю, любых польскіх экспертаў, спецыялістаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва, для таго каб разам паглядзець сітуацыю на мяжы… Мы прапануем любым іншым арганізацыям, прадстаўнікам краін ЕС, якія тут знаходзяцца, таксама прыехаць на мяжу, паглядзець, пагаварыць, падыскутаваць, намеціць нейкія планы».

Адначасова БелТА прыводзіць заяву часовага паверанага ў справах Беларусі ў ЗША Паўла Шыдлоўскага, які адзначыў, што «Беларусь гатовая да канструктыўнага ўзаемадзеяння са Злучанымі Штатамі Амерыкі».

Гэты каскад заяваў, скіраваных на нейкую разрадку напружанасці з Украінай і Захадам, наўрад ці можна лічыць выпадковым. Да гэтага трэнду варта далучыць і нечаканае вызваленне каля двух дзясяткаў палітвязняў.

З чым звязаныя гэтыя крокі? Тут дзейнічаюць некалькі чыннікаў, некаторыя з якіх ляжаць на паверхні.

Што тычыцца зняцця напружання на беларуска-польскай мяжы, дык тут афіцыйны Мінск атрымлівае моцны стымул з боку Кітая. Заклік Пекіна да паразумення паміж Беларуссю і Польшчай беларускія ўлады не могуць ігнараваць.

Другі чыннік звязаны з пачаткам прэзідэнцкай кампаніі. Мадэль крэпасці ў аблозе падабаецца далёка не ўсім беларусам, нават дзейным ці патэнцыйным прыхільнікам Лукашэнкі. «Жалезная заслона» на заходняй мяжы — не надта вялікае дасягненне, з якім можна ісці да выбарцаў.

Апроч таго, у Беларусі з'явіўся новы міністр замежных спраў. «Новая мятла» хацела б месці па-новаму. Маўляў, ёсць шанец пачаць адносіны з Захадам «з чыстага аркуша». Рыжанкоў — чалавек з амбіцыямі. У размове з журналістамі, якую перадае БелТА, міністр ускосна пакрытыкаваў ранейшае кіраўніцтва МЗС: «Раней мы, можа, нават не ўяўлялі, наколькі шматгранным і рознабаковым яно (супрацоўніцтва. — РС) можа быць, калі гэтым сур’ёзна займацца. Сёння ёсць усе магчымасці і гатоўнасць нашых партнёраў да развіцця ўзаемавыгадных сувязяў і кантактаў нават па тых кірунках, якім калісьці мы не надавалі сурʼёзнага значэння». Іншымі словамі, Рыжанкоў намякае, што вось я пакажу, як трэба працаваць. Паглядзім…

Відаць, ёсць чыньнікі, якія не ляжаць на паверхні. Некаторыя назіральнікі мяркуюць, што ўзніклі пэўныя праблемы ў адносінах з Расіяй. Вонкавых прыкмет такіх праблемаў не відаць. Аднак у мінулым, як толькі ў дачыненнях Мінска і Масквы ўзнікала напружанне, то кіраўніцтва Беларусі рабіла нейкія сімвалічныя жэсты ў бок Захаду.

Зрэшты, у любым выпадку працэс размарожвання адносін Беларусі з Захадам не можа быць просты. Гэтаму замінае і падтрымка беларускім рэжымам расійскай агрэсіі супраць Украіны, і каля паўтары тысячы палітвязняў, і працяг палітычных рэпрэсій.

У той жа прапанове Рыжанкова да Варшавы пачаць дыялог бачыцца, што бакі не чуюць адзін аднаго. Польшча патрабуе спыніць мігранцкія атакі на мяжы, выдаць таго мігранта, які забіў польскага жаўнера, вызваліць Анджэя Пачобута. Мінск нічога не адказвае на гэтыя патрабаванні, а кажа: давайце пачнём нейкі абстрактны дыялог. Пра што? Калі бакі бачаць розны парадак дня перамоў, то плён ад іх невялікі.

Захад чакае ад беларускага кіраўніцтва не заклікаў да дыялогу, а дзеянняў. А іх пакуль няма.

Каментары1

  • chill
    15.07.2024
    А што ў яго за брэнд вады, ці то нейкі іншы напой? Можа нешта спецыяльная для маньякаў? Магла б быць кроў, але ж не чырвонае. Можа лімфа?

Прапагандыстка АНТ Наталля Стэльмах змяніла імя на Наці Рышна і зарабляе ў Мексіцы на шаманах і наркатычных грыбах50

Прапагандыстка АНТ Наталля Стэльмах змяніла імя на Наці Рышна і зарабляе ў Мексіцы на шаманах і наркатычных грыбах

Усе навіны →
Усе навіны

Мабільным аператарам забаранілі цішком падключаць платныя паслугі

Махляры ад імя мытні «прадаюць» праз Instagram канфіскат1

«Дыямент, тры разы вымыла праходы». Правадніца чыгункі прывяла ў захапленне пасажыраў5

Патрушаў заявіў­, што Украіна і Малдова могуць «спыніць існаванне», а перамовы па Украіне павінны весціся з ЗША без ЕС26

У Гродне здаюць у арэнду будынак былога выцвярэзніка2

У польскім фінале адбору на «Еўрабачанне» прагучыць песня на падляскай гаворцы4

Гэтая дзяўчына выйшла ў цэнтры Гродна з плакатам «Не вайне». Яна расказала, што перажыла пасля31

Прынцэса Уэльская Кэтрын паведаміла, што ў яе пачалася рэмісія1

Прэзідэнта Паўднёвай Карэі арыштавалі — хоць і не з першай спробы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапагандыстка АНТ Наталля Стэльмах змяніла імя на Наці Рышна і зарабляе ў Мексіцы на шаманах і наркатычных грыбах50

Прапагандыстка АНТ Наталля Стэльмах змяніла імя на Наці Рышна і зарабляе ў Мексіцы на шаманах і наркатычных грыбах

Галоўнае
Усе навіны →