Стала вядома, у чым звінавацілі палескага блогера Аляксандра Ігнацюка, асуджанага да 6 гадоў зняволення
Столінскі райвыканкам 10 ліпеня апублікаваў на сваім сайце пастанову суда па справе блогера Аляксандра Ігнацюка, асуджанага тры месяцы таму да шасці гадоў зняволення. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, нагадвае БАЖ.
Працэс па крымінальнай справе блогера і былога рэдактара газеты «Вечерний Столин» Аляксандра Ігнацюка цягнуўся ў судзе Столінскага раёна тры тыдні і адбываўся за зачыненымі дзвярыма.
У выніку 5 красавіка 2024 года суддзя Сяргей Насеня прызнаў Аляксандра Ігнацюка вінаватым і прыгаварыў да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Блогер таксама быў аштрафаваны на 200 базавых велічыняў (8000 рублёў).
Яго вінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: у арганізацыі акцый пратэстаў у Століне і Мінску (частка 1 артыкула 342 КК), паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (частка 2 артыкула 367 КК) і вымагальніцтве (частка 2 артыкула 208 КК).
Напрыканцы мая Брэсцкі абласны суд адхіліў апеляцыйную скаргу Аляксандра Ігнацюка, і прысуд набыў моц.
Больш чым праз тры месяцы пасля суда першай інстанцыі на сайце Столінскага райвыканкама з’явілася падрабязная інфармацыя пра той судовы працэс. Чым выклікана такая ўвага — не зразумела, бо раней мясцовы райвыканкам не выстаўляў падобныя навіны на свой інфармацыйны рэсурс.
У апублікаванай судовай пастанове паведамляецца, у чым вінавацілі блогера:
— Што ў жніўні 2020 года «размясціў у сацыяльных сетках публікацыі з заклікам да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з яўным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады».
— У жніўні 2020 года размясціў у Інтэрнэце інфармацыю ў дачыненні Аляксандра Лукашэнкі, якая ўтрымлівае звесткі, што «не адпавядаюць рэчаіснасці, ганьбяць гонар і годнасць, (…) злучаныя з абвінавачаннем у здзяйсненні цяжкага і асабліва цяжкага злачынстваў».
— «Цягам 2021 и 2022 года з карысных мэтаў і жадання абагаціцца за кошт іншых грамадзян пад пагрозамі распаўсюду паклёпніцкіх звестак і агалошвання іншых звестак, якія пацярпелыя хацелі захаваць у таямніцы (…), неаднаразова вымагаў грашовыя сродкі і іншую маёмасць у прадпрымальнікаў Столінскага раёна».
У ходзе судовага працэсу Аляксандр Ігнацюк часткова прызнаў віну па артыкулах за заклікі да масавых беспарадкаў і паклёпе на Лукашэнку, але цалкам адрынуў абвінавачанне ў вымагальніцтве.
Стала вядома, што акрамя вынясення буйнога штрафу суд абавязаў Аляксандра Ігнацюка сплаціць маёмасны ўрон у памеры 1800 рублёў «на карысць пацярпелага Х.».
Таксама суддзя Насеня пастанавіў канфіскаваць у блогера на карысць дзяржавы ноўтбук як «сродак здзяйснення злачынства» і «маёмасць, набытую на сродкі, што былі атрыманыя злачынным шляхам». Пра якую маёмасць вядзецца гаворка ў пастанове не ўдакладняецца.
Каментары