Нават праўладны канал абурыўся накруткай падпісчыкаў прапаганды ў ютубе. Глядзіце на лічбы
Выпускі некаторых перадач не збіраюць і тысячу праглядаў, хоць падпісчыкаў — нібыта мільён.
Днямі праўладны тэлеграм-канал «Графач», вядзенне якога прыпісваюць міністру інфармацыі Марату Маркаву, пакпіў з колькасці праглядаў відэа на дзяржаўных ютуб-каналах. Колькасць падпісчыкаў там «Графач» назваў круцельствам.
«Не можа быць на ютуб-каналах з 1—1,6 мільёна падпісчыкаў — колькасць праглядаў у большасці відосаў па пару тысяч», — напісаў аўтар канала.
На каго намякаў?
Пад апісанне трапляюць усе асноўныя дзяржаўныя ТБ-каналы: СТБ (на іх у ютубе падпісана 1,05 млн), АНТ (1,11 млн падпісчыкаў), БТ (на іх канале Агенцтва тэленавін 1,22 млн падпісчыкаў). А таксама ютуб-каналы «СБ ТВ» (выдавецкага дома «Беларусь сегодня») і БелТА — там 1,14 млн і 1,65 млн падпісчыкаў адпаведна.
Менш за тысячу праглядаў за месяц
Па логіцы, відэа на такіх каналах мусяць набіраць сотні тысяч праглядаў. На справе статыстыка ў некаторых каналаў выглядае зусім інакш.
Найгоршая сітуацыя з праглядамі ў канала «СБ ТВ». Нягледзячы на мільённую аўдыторыю падпісантаў, апошнія відэа на канале ў найлепшым выпадку набіраюць па некалькі тысяч праглядаў.
Самым удалым за апошні месяц было відэа, у якім прапагандыстка Людміла Гладкая брала інтэрв'ю ў збеглага польскага суддзі Томаша Шміта. За месяц яго прагледзелі 9400 разоў.
Адметна, што многія ролікі не набіраюць і тысячы праглядаў. І ўсё гэта на канале-мільённіку.
Крыху лепшай выглядае сітуацыя з праглядам шортсаў — кароткіх відэа. Але залятаюць адзінкавыя відэа. Большасць кароткіх відэа таксама рэдка набірае больш за 10 тысяч праглядаў. Самыя папулярныя часцей за ўсё не з'яўляюцца аўтарскімі і тычацца Украіны.
Ютуб-канал СТБ таксама мае сціплыя прагляды.
Каля паловы відэа, апублікаваных там месяц таму, не набралі нават 10 тысяч праглядаў. Асобныя ролікі не дасягнулі і тысячы.
Рэдкія ролікі набіраюць па некалькі дзясяткаў тысяч праглядаў, адзінкі больш за сто тысяч. З шортсамі сітуацыя выглядае лепшай. Большасць кароткіх відэа маюць дзясяткі тысяч праглядаў, часам нават сотні тысяч. Але варта адзначыць, што відэа ў шортсах звычайна глядзіць расійская аўдыторыя, а не беларуская.
У БелТА з яе 1,65 мільёна падпісантаў сітуацыя з праглядамі выглядае больш жыва.
Відэа месячнай даўнасці могуць мець і па некалькі дзясяткаў тысяч праглядаў. Некаторыя сабралі па некалькі сотняў тысяч.
Шортсы ў БелТА глядзяць не надта актыўна. Многія відэа не набіраюць і 10 тысяч праглядаў. І гэта на канале з 1,65 мільёна падпісчыкаў.
Як такое магчыма?
Сціплыя паказчыкі праглядаў пры мільённых аўдыторыях падпісчыкаў паказваюць на тое, што аўдыторыі не цікавы кантэнт, які прадукуюць гэтыя каналы. Гэта, у сваю чаргу, можа сведчыць пра тое, што значную частку падпісчыкаў накруцілі, каб агульная лічба выглядала прыгожай.
Калі браць БелТА з яе 1,65 млн падпісчыкаў, можна заўважыць, як дзіўна расла аўдыторыя. Так, напрыклад, згодна з данымі сэрвіса socialblade.com, у лютым 2024 года аўдыторыя канала не расла, у сакавіку вырасла адразу на 80 тысяч, потым яшчэ на 30 тысяч у красавіку і на 50 тысяч у маі.
Накруціць падпісчыкаў за грошы — не праблема. У сеціве можна адшукаць мноства сайтаў, якія прапануюць падобныя паслугі.
Апроч падпісчыкаў, можна купляць каментарыі пад відэа.
Іншы чыннік, якім можна патлумачыць малыя прагляды пры велізарнай колькасці падпісчыкаў, — вялікая доля расійскай аўдыторыі. Так, напрыклад, па стане на вясну 2023 года доля расійскай аўдыторыі ютуб-каналаў беларускіх дзяржаўных медыя складала ад 42% у АНТ да 58% у БелТА.
Каментары