24 лістапада ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці птушкары Мацвей Іхненка і Дзмітрый Чудзінаў заўважылі саву-бярозаўку, паведамляе тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».
У Беларусі сава-бярозаўка — вельмі рэдкая госця. Яна гняздуецца ў таежнай зоне Еўропы і Азіі. Звычайна зімуе ў межах гнездавога арэала, але бывае, качуе на поўдзень. У нас яе рэгістравалі ўсяго каля дзясятка разоў. Дзве апошнія рэгістрацыі былі ў 2022 годзе.
Пра сустрэчу з птушкай расказвае Дзмітрый Чудзінаў: «Мы з сябрам гасцілі на сядзібе «Заімка Лесуна». Галоўнай мэтай нашага падарожжа былі касматаногі сыч і жоўтагаловы дзяцел, але ўдача абыходзіла нас бокам.
«Каб не марнаваць час, вырашылі пакатацца па наваколлі. Бліжэй да канца паездкі мы заўважылі драпежную птушку, якая сядзела на дрэве пасярод поля. Мы не маглі толкам разглядзець птушку ў бінокль, галавы не было відаць, і мы меркавалі, што гэта шуляк-карагольчык (ястреб-перепелятник), хаця выглядаў ён дзіўнавата.
Зрабілі некалькі здымкаў — і сумневы ў тым, што гэта шуляк-карагольчык поўнасцю зніклі. Вырашылі прагнаць фота праз нейрасетку. Вынік ашаламіў — сава-бярозаўка! Арнітолагі Наталля Карліонава і Дзмітрый Шамовіч пацвердзілі, што гэта яна.
Далей было ўсеагульнае трыумфаванне, шквал паведамленняў з просьбамі выдаць каардынаты знаходкі, усведамленне таго, што мы сталі часткай невялікай групы шчасліўчыкаў, якія сустрэлі гэтую рэдкую госцю».
Сава-бярозаўка памерам крыху большая за голуба. Руская назва (ястребиная сова) звязаная з тым, што гэтая сава нагадвае шуляка-карагольчыка (ястреба-перепелятника) афарбоўкай нізу цела, крылаў і хваста. У палёце сава-бярозаўка таксама падобная да шуляка: пасля серыі ўзмахаў яна плануе на распасцёртых крылах. Апроч гэтага, яна часта сядзіць на вяршыні дрэва ці іншай прысады, нахіліўшыся наперад, як шуляк, а не сядзіць у тыповай савінай позе «слупам».
Каментары
Это последствия "таежного союза"