«Мы супрацоўнічаем у розных кірунках». Кіраўнік акупаванай тэрыторыі падзякаваў Беларусі за падтрымку
Прызначаны Расіяй кіраўнік акупаванай часткі Запарожскай вобласці Яўген Баліцкі пахваліўся сустрэчай з амбасадарам Беларусі ў РФ Дзмітрыем Крутым. Сустрэча адбылася на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме.
«Рэспубліка Беларусь з першых дзён працягнула руку дапамогі і падтрымкі Запарожскай вобласці, мы супрацоўнічаем у розных кірунках: у культуры, спорце, турызме, эканоміцы. Нашы спартсмены бяруць удзел у вялікіх спаборніцтвах у Рэспубліцы Беларусь, і ў Дзень Перамогі дэлегацыя Запарожскай вобласці ішла ў «Бяссмертным палку» па вуліцах гераічнага Брэста. І будзем працягваць і нарошчваць супрацоўніцтва.
Вялікая падзяка братэрскаму беларускаму народу за падтрымку і дапамогу, у нас вялікія перспектывы для супрацоўніцтва, і мы будзем умацоўваць і ўзмацняць узаемадзеянне», — напісаў ён у тэлеграме.
За замах на тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць Украіны ўкраінскі суд завочна прыгаварыў Баліцкага да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Каментары