Колькі атрымліваюць на аршанскім заводзе «Легмаш», які цяпер працуе на вайну
Завод «Легмаш» у Оршы, які да вайны выпускаў тэкстыльныя стропы і казаны для плову, цяпер арыентуюць на патрэбы вайны. На дзяржТБ расказалі, якія там зарплаты.
Як сцвярджаюць на БТ, заробкі ў работнікаў — 2500-2800 рублёў.
«І вышэйшай адукацыі для канкрэтна гэтай працы не трэба», — дадаюць.
Калі зайсці на сайт службы занятасці, то на заводзе «Легмаш» адкрыта 67 вакансій. З таго, што ёсць, самы высокі заробак прапануюць абрубшчыку — 1800-2000 рублёў. Інжынераў шукаюць на заробак 1600-1800 рублёў, там патрэбна вышэйшая адукацыя.
Нагадаем, 29 мая Аляксандр Лукашэнка наведаў завод «Легмаш» у Оршы. Яго там сустракаў Дзмітрый Пантус, кіраўнік Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта, які кіруе прадпрыемствамі беларускага ВПК. Сярод асартыменту прадукцыі завода, якую дэманстравалі Лукашэнку, былі тармазныя колцы для расійскага РСЗА «Град». А таксама корпусы для артылерыйскіх снарадаў.
Лукашэнка паставіў перад прадпрыемствам задачу захаваць і нарошчваць выпуск прадукцыі мірнага прызначэння разам з засваеннем вытворчасці новых вырабаў для ВПК.
Каментары