Ці шмат грошай сёлета згубілі падрадчыкі, якія займаюцца арганізацыяй выпускных? Аказваецца, не ўсё так кепска
Пасля з’яўлення загада Мінадукацыі пра тое, як цяпер варта святкаваць развітанне са школай, выданне «Моцныя навіны» паспрабавала разабрацца, ці шмат згубяць бізнэсы, занятыя ў арганізацыі святаў. Як ні круці, а выпускныя — асобная штогадовая крыніца даходаў. Высветлілася, што зладзіць свята для выпускнікоў па новых правілах нялёгка, але ўсё не так блага.
Па словах вядоўцаў, з якімі пагутарылі журналісты, уся гісторыя з выпускнымі пачалася з адной мамы, якая паскардзілася на вялікі бюджэт для святкавання. Раздзіманне бюджэтаў стала нагодай пераглядзець, з чаго складаецца выпускны, і ад якіх паслуг можна адмовіцца.
У цэнтр увагі, напрыклад, трапілі лімузіны і салюты. Але, што цікава, гэтыя раскошныя атрыбуты святаў самі па сабе і так ужо сышлі ў нябыт і лічацца нечым не вельмі прыстойным.
«Можа, у сталіцы дзесьці лімузіны яшчэ запатрабаваныя, але ў нашым горадзе на іх ніхто не ездзіць», — дзеліцца сваім меркаваннем адзін з гомельскіх вядоўцаў.
Тая ж гісторыя і з салютамі.
«Цяпер больш папулярныя фантаны халоднага агню, а салюты не просяць. Свята заканчваецца сустрэчай світанку, у гэты час той салют ужо не запускаюць. Тым больш, каб зладзіць салют, трэба дазвол і ўзгадненне, а гэтым не хочацца займацца», — кажа гамяльчанін.
Па меркаванні аднаго сталічнага вядоўцы, у Мінску гэтыя пажыральнікі грошай таксама ўжо не ў трэндзе. Машыны для пафасу даўно стаяць і ржавеюць.
Што яшчэ можна дадаць да раздзімання бюджэтаў, якое самі івэнт-спецыялісты лічаць марнаваннем грошай? Напрыклад, чырвоная дарожка ў арэнду.
Так, выглядае такі дэкор надзвычай урачыста і пафасна, але браць яго ў арэнду нявыгадна. Куды эканомней набыць чырвоную тканіну самастойна, калі моцна хочацца адчуць сябе кіназоркай.
«А заашчаджаныя грошы можна выдаткаваць на такія сучасныя і небанальныя забаўкі для масавых імпрэз, як сэлфі-люстэрка, шумамеры, камеру-спінер на 360 градусаў, інтэрактыўныя кнопкі і іншыя падобныя тэхналагічныя гаджэты», — мяркуе прадстаўнік гомельскай event-сферы.
Чарговы пункт, які трапіў у катэгорыю непатрэбнай раскошы — дыджэй, ён жа гукарэжысёр. Але тут усё ж не татальная забарона, калі ягоныя паслугі ўмоўна недарагія, то можна.
Што дорага, а што не, самастойна вырашае канкрэтная школа, дзе адміністрацыя складае бюджэт на святкаванне.
Нягледзячы на тое, што, па меркаванні Мінадукацыі, для правядзення выпускнога дастаткова творчага патэнцыялу педагогаў, як прызнаюцца апытаныя вядоўцы, некаторыя школы ўсё ж не разарвалі дамовы з прафесійнымі шоўменамі і запрашаюць іх да сябе, каб правесці святкаванне. Настойваюць на такім фармаце і бацькі, якія так ці іначай даюць рады і дамаўляюцца з дырэктарамі, каб зрабіць выпускны на высокім узроўні.
Увогуле суразмоўцы глядзяць на сітуацыю пазітыўна. Так, хтосьці з падрадчыкаў сапраўды сутыкнуўся з адменамі броні на правядзенне свята. А хтосьці выкручваецца і не баіцца прайсці некалькі колаў праверак, каб дапамагчы школам зладзіць добры і запамінальны вечар.
«Шмат упіраецца ў атрыманне гастролек. Усяго трэба сабраць каля трынаццаці розных дакументаў з дазволамі. Трэба ўзгадніць і сцэнар, і плэйліст, і запрошаных артыстаў. Гэта займае шмат часу: умоўна 10 дзён на дазвол, 10 дзён — на ўзгадненне, яшчэ 10 дзён — на дамову арэнды», — дзеліцца досведам адзін з вядоўцаў.
Ён акурат гэтымі днямі даведаецца, ці далі яму дабро на правядзенне свята. Хоць у сабе суразмоўца ўпэўнены, бо ўваходзіць у рэестр, усё адно справа гэтая нервовая.
Па яго словах, прасцей зладзіць карпаратыў, дзе няма такога кантролю. І тыя event-агенцтвы, што займаюцца шырокім спектрам паслуг і тыпаў імпрэз, наўрад ці шмат згубяць праз сённяшнюю сітуацыю з школьнымі выпускнымі. А вось наконт тых кампаній, якія спецыялізуюцца выключна на выпускных, ён не ўпэўнены.
Дакладна не парадуюцца замовам на выпускныя рэстараны і кавярні. Тут сітуацыя самая строгая. Там, дзе святкуюцца выпускныя, не павінна быць алкаголю. Акрамя таго, адказнасць за вучняў у дзень выпускных нясе школа. Калі з выпускніком здарыцца непрыемнасць, адміністрацыі школы, дзе ён вучыўся, будзе несалодка.
З гэтай прычыны Міністэрства адукацыі дадало ў спіс магчымых для святкавання пляцовак толькі ўстановы адукацыі і ў выключных выпадках установы культуры і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Мінгарвыканкам: Усе выпускныя вечары ў Мінску пройдуць ва ўстановах адукацыі
Мінадукацыі катэгарычна забараніла выпускныя ў кавярнях і рэстаранах
Без лімузінаў і дыджэяў, але з Годам якасці. Пасля заўвагі Лукашэнкі ў Мінску забаранілі «залішнюю раскошу» на выпускных
Лукашэнка абурыўся выпускнымі на лімузінах
Каментары