Па раскрыццё карупцыйнай схемы, па якой затрымалі больш за 20 чалавек, прадстаўнікі МУС расказалі ў эфіры тэлепраграмы «Зона Х».
«Адкаты» за заключэнне дамоў на абслугоўванне і пастаўку запчастак для клінінгавага абсталявання атрымлівалі 23 службовыя асобы, якія працуюць у будаўнічых і сельскагаспадарчых арганізацыях.
Па інфармацыі следства, 36-гадовы заснавальнік і кіраўнік камерцыйнай структуры пры садзейнічанні траіх падначаленых арганізаваў рэгулярныя выплаты грошай супрацоўнікам арганізацый, з якімі заключаліся дамовы.
Цікава, што часцяком сумы, якія яны атрымлівалі, былі зусім невялікімі — 50-100 рублёў у месяц. Праўда, выплачваліся грошы рэгулярна — амаль як другі заробак, кажуць у міліцыі.
Звычайна сума «адкату» складала 3-5% ад падпісаных у бягучым месяцы дамоў і актаў прыёмкі работ (паслуг). Такую практыку адсачылі як мінімум з верасня 2023 года.
Мяркуючы па тэлесюжэце, міліцыянеры і супрацоўнікі пракуратуры змаглі пранікнуць усярэдзіну схемы і мелі магчымасць фіксаваць грошы, якія мусілі быць перададзеныя фігурантам у якасці хабару, яшчэ да факту перадачы, калі іх толькі рыхтавалі ў офісе мінскай фірмы. Запісваліся нават нумары купюр.
Каментары