Беларускі прадпрымальнік Мікалай Васкабойнікаў выйграў буйны турнір па покеры ў Чарнагорыі. За перамогу ў фінале ён атрымаў каласальную суму — 4,737 млн даляраў. Васкабойнікаў перамог на галоўнай падзеі турніру прэстыжнай серыі Triton Super High Roller Series у Чарнагорыі. Для ўдзелу ў турніры гульцы рабілі ўнёсак у 125 тыс. даляраў.
Беларус апошнім часам выступае на буйных турнірах рэдка. Аднак амаль заўсёды ён даходзіць да вырашальных сталоў. У фінале гэтага турніру ён абыграў чарнагорца Дэяна Каладжурджэвіча. У шасці турнірах серыі ён чатыры разы трапляў у фінал — і цяпер атрымаў першую перамогу.
«Гэта сапраўды дзівоснае пачуццё. У мяне было добрае прадчуванне некалькі месяцаў таму. Думка пра перамогу прыйшла мне ў сне», — падзяліўся адчуваннямі Васкабойнікаў.
37-гадовы покерыст пры гэтым адзначыў, што амаль 5 млн даляраў — гэта не тыя грошы, якія зменяць яго жыццё.
У рэйтынгу на канец мінулага года Васкабойнікаў быў пятым сярод беларускіх покерыстаў па прызавых за кар'еру — на той момант ён зарабіў 2,773 млн даляраў.
Тыдзень таму на гэтым жа самым турніры ў Чарнагорыі, але не ў галоўнай падзеі, іншы беларус Аляксей Ласоўскі выйграў 1,3 млн даляраў.
Каментары