Еўрабачанне-2024 ужо блізка: 7 мая адбудзецца першы паўфінал. Мы сабралі топ яркіх выканаўцаў: тут і фаварыты букмекераў, і фрыкі, і проста класныя і якасныя трэкі.
Nemo — The Code (Швейцарыя)
Гэты завадны трэк, які цяжка выкінуць з галавы, цяпер лідзіруе ў стаўках на пераможцу Еўрабачання. За тры хвіліны, адведзеныя яму на песню, Нэма паспявае паказаць сябе ў поп-музыцы, рэпе і оперных спевах.
Паралельна з гэтым у кліпе хлопец (Нэма называе сябе небінарным чалавекам) праходзіць па вагоне цягніка і змяняе некалькі ўбораў — ад касцюма правадніка да сукенкі а-ля Марыя Калас і ў адваротны бок. Калі ён захавае такі ж тэмп на сцэне, нас чакае яркае шоу.
Baby Lasagna — Rim Tim Tagi Dim (Харватыя)
Харвацкі выканаўца да нядаўняга часу быў лідарам у разліках букмекераў, і толькі днямі тыя пачалі схіляцца ў бок Швейцарыі. Тым не менш, у Baby Lasagna па-мінуламу высокія шансы на перамогу.
Гэта песня пра хлопца, які з'язджае з вёскі ў горад і хоча на развітанне добра патанчыць. Як і ў мінулым трэку, тут намяшаныя розныя стылі: ёсць і поп-музыка, і хэві-метал, і, як часта ў балканцаў на Еўрабачанні, этнічныя ноткі. А таксама фрыкаватыя касцюмы і дошка для прання бялізны, якую прынясуць на сцэну.
Joost Klein — Europapa (Нідэрланды)
Песня пра еўратату мае немалыя шансы на перамогу і буйныя 22 мільёны праглядаў на афіцыйным ютуб-канале Еўрабачання. Тэкст вельмі просты: на некалькіх еўрапейскіх мовах нам раскажуць, як жывецца чалавеку ў шэнгене — можна і наведаць сяброў у Францыі, і сесці на аўтобус у Польшчу або цягнік да Берліна.
На кожным Еўрабачанні свае фрыкі, і рэпер Ёст Кляйн — адзін з іх. Рэч не толькі ў агаламшальным сінім пінжаку, які ён надзеў на сябе ў кліпе. Да Кляйна ёсць пытанні па палітыцы: ён супрацоўнічае з расійскімі музыкамі і спявае пра любоў да Расіі, што можа папсаваць яго шансы на перамогу.
Slimane — Mon Amour (Францыя)
Гэты трэк — проста прыгожая песня пра каханне, якую выконвае таленавіты спявак з файным голасам. Ужо гэта вылучае французскага канкурсанта сярод краін, якія зладзілі сваім выканаўцам нумары з танцорамі, трукамі і піратэхнікай усіх масцей.
Сліман называе сваю песню «любоўным лістом да еўрапейскіх сэрцаў». Нумар француза нагадвае выступ нідэрландца Дункана Лоўрэнса на Еўрабачанні-2019 — тады спявак з прыгожай песняй Arcade (вядома, пра каханне) выйграў конкурс. Можа, і Сліману пашанцуе?
Bambie Thug — Doomsday Blue (Ірландыя)
Букмекеры ставяць Бэмбі Таг на сёмае месца ў спісе фаварытаў конкурса. Спявачка ідэнтыфікуе сябе як небінарнага чалавека і трапляе пад крытыку за праслаўленне сатанізму і магіі ў песне, але ж трэк насамрэч гучыць унікальна і запамінаецца.
Больш за 400 ірландскіх артыстаў падпісалі петыцыю ў адрас Бэмбі Таг з просьбай байкатаваць Еўрабачанне — арганізатары конкурсу трапляюць пад крытыку, бо не забанілі на ім Ізраіль за баявыя дзеянні ў Газе, але забанілі Расію за вайну ва Украіне (еўрабосы адказваюць, што гэта дзве розныя сітуацыі). Бэмбі Таг таксама падтрымлівае Палестыну, але лічыць, што і прыхільнікі Палестыны мусяць быць на конкурсе.
Marcus & Martinus — Unforgettable (Швецыя)
Ужо шмат гадоў Швецыя пастаўляе на Еўрабачанне якасныя поп-хіты, нездарма за плячыма шведаў сем перамог на конкурсе. І ў гэты раз яны не падвялі. Бадзёры і танцавальны шведскі трэк — гісторыя пра асобу з атрутным каханнем, якую немагчыма забыць.
Прадстаўнікі Швецыі Маркус і Марцінус — насамрэч нарвежскі дуэт, гэта браты-блізняты. Яны выступаюць першымі ў фінале, і такі нумар можа падпсаваць шансы братоў на добры вынік.
Windows95man — No Rules! (Фінляндыя)
Фінскі дыджэй Windows95man, з якім выступае акцёр Генры Пііспанен, паспрачаецца з нідэрландцам Ёстам Кляйнам за тытул галоўных фрыкаў Еўрабачання-2024. І, здаецца, пераможа: на нацыянальным адборы дуэт вылазіў у пачатку песні з гіганцкага яйка, пакрытага тканінай, падобнай да джынсавай. Адзін з салістаў вытанцоўваў у цішотцы з заблюранай старой эмблемай Windows і ў майтках, іншы — у дзіўным плашчы з гэтай жа тканіны.
Усё гэта гучыць фантасмагарычна, але, мяркуючы па відэа з нацадбору, публіка была ў захапленні ад дуэта. Калі так, можа, і Еўропа ацэніць фрыкаватых фінаў?
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЧытайце таксама:
Беларускі спявак Ap$ent пра свае заробкі: Рэкорд на месяц — $30 тысяч
Каментары