Аналізуючы Усебеларускі народны сход, эканаміст Сяргей Чалы выказаўся пра перспектывы пераменаў у краіне. І патлумачыў свой прагноз пра тое, што Лукашэнка не пойдзе на наступныя выбары.
Ці спыніць Лукашэнка рэпрэсіі?
Разважаючы пра тое, ці чакаць адлігі пры Лукашэнку, Сяргей Чалы ў эфіры Deutsche Welle прапануе паглядзець на сітуацыю з боку двух суб'ектаў, ад якіх усё залежыць. Гэта заказчык — Лукашэнка — і выканаўцы — сілавікі.
Лукашэнка, заўважае Чалы, пасля 2020-га працягвае трымацца версіі пра тое, што «ніякай самаарганізацыі народу не было, гэта ўсё змова». На практыцы гэта азначае працяг пошуку ворагаў:
«Бачных ворагаў ці пасадзілі, ці рэпрэсавалі, ці выгналі. Але сітуацыя не змянілася. Значыць ёсць нябачныя ворагі. Трэба працягваць іх шукаць. Стандартная логіка любых рэпрэсій, якія заснаваны на канспіралагічнай карціне свету».
Падобным чынам выглядае сітуацыя і з пункту гледжання выканаўцаў-сілавікоў. «Чаму яны будуць спыняцца? Яны толькі цяпер радасць і атрымліваюць, — гаворыць Чалы і адзначае, што змены несумненна адбудуцца пасля сыходу Лукашэнкі:
Мы ведаем, што ніякі персаналісцкі рэжым не транслюецца. Пасля яго адбудзецца абсалютна поўная рэвізія таго, што ён зрабіў. Адбудзецца аналаг XX-га з'езду. <…> І гэта Лукашэнка вельмі добра разумее. <…> Таму ён вынаходзіць шматлікія канструкцыі і ідэі, якія, як яму падаецца, былі б здольныя трансляваць яго курс і пасля яго».
Аднак, падкрэслівае Чалы, ніякага працягу курсу не будзе: «Любы наступны кіраўнік пасля яго будзе шукаць сваю ўласную легітымнасць. І гэты пошук будзе адбывацца менавіта ў тым, што «пры мне будзе ўсё зусім інакш».
Лукашэнка працягвае думаць пра транзіт улады
Сяргей Чалы раней выказваў меркаванне, што Лукашэнка не пойдзе на прэзідэнцкія выбары ў 2025 годзе. Па яго словах, такая версія была ім выказанае наўмысна, каб прымусіць улады ўжо цяпер адказваць на гэта пытанне.
Згадваючы выступленне Лукашэнкі на Усебеларускім народным сходзе, эканаміст звяртае ўвагу, што палітык адказаў на гэта пытанне тры разы. І кожны раз цалкам супрацьлегла:
«Ён расказаў усе версіі, якія толькі магчымы. І ўсе, як потым сказала прапаганда, адназначныя. Іншымі словамі, ён усё яшчэ працягвае думаць. Ніякага адказу ён не даў».
Каментары