Дзярждэп ЗША заявіў, што Пакістан не раззлаваўся з-за новых санкцый супраць МЗКЦ
Нядаўна мінскі завод быў абвінавачаны ў падтрымцы пакістанскай праграмы зброі масавага паражэння.
Дзярждэпартамент ЗША, які раней абвясціў новыя санкцыі супраць Мінскага завода колавых цягачоў (МЗКЦ) і трох кітайскіх кампаній за перадачу ракетных тэхналогій Пакістану, заявіў, што апошні не стаў спрачацца і ўспрыняў навіну спакойна.
«Абсалютна ніякіх рознагалоссяў. Пакістан працягвае заставацца адным з нашых самых важных партнёраў у рэгіёне, і мы шмат супрацоўнічаем з яго ўрадам дзеля ўмацавання нашых трывалых адносін», — сказаў падчас прэс-брыфінгу ў чацвер галоўны намеснік прэс-сакратара Дзярждэпа ЗША Ведант Патэль.
У той жа час, як паведамляе выданне Islamabad Post, Пакістан ўсё ж выказаў ЗША прэтэнзіі «за бяздоказнасць абвінавачванняў і перашкоды законнаму гандлю тэхналогіямі камерцыйна-грамадзянскага прызначэння».
Нагадаем, што, паводле Дзярждэпа ЗША, МЗКЦ пастаўляў спецыяльныя шасі для транспартных сродкаў пакістанскай праграмы далёкіх балістычных ракет, якой кіруе Мінабароны Пакістана.
Каментары