«Трэба капаць». Лукашэнка спадзяецца, што новы міністр знойдзе яму шмат нафты
Прызначаючы сёння новага міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргея Масляка, Лукашэнка зноў успомніў пра сваю шматгадовую мару — каб краіна, над якой ён уладарыць, мела вялікія запасы прыродных рэсурсаў. «Я не веру, што ў нас няма вялікіх аб'ёмаў нафты», — заявіў ён.
«Скажу прама: трэба капаць і шукаць, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. — Акрамя гэтага, трэба, каб ты прымусіў усіх у гэтым кірунку працаваць. Я не веру, што ў нашых нетрах няма таго, што нам трэба.
Вось калі хоць у нейкай ступені вырашыш гэтую задачу, гэта помнік можна ставіць у любым месцы».
Бачыць ён і шляхі для таго, каб аграмадныя запасы карысных выкапняў усё ж былі адшуканыя ў беларускай зямлі.
Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі сёння няма канкурэнцыі ў галіне разведкі і здабычы нафты, паколькі «працуе толькі адна кампанія».
«Не мы прыдумалі, [што] канкурэнцыя павінна быць. Трэба больш меркаванняў, больш уражанняў і іншае», — лічыць Лукашэнка.
Каментары