Шалік, грамата Рады БНР, мяккія цацкі для дзяцей. Што дораць Святлане Ціханоўскай?
Разам з прадстаўнікамі Офіса Святланы Ціханоўскай мы вывучылі, якія падарункі яна звычайна атрымлівае. Кажуць, гаворкі пра гадзіннікі не ідзе.
«Нічога дарагога накшталт гадзіннікаў ёй не дарылі»
Дарадца Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі прапануе падзяліць падарункі Святлане на дзве катэгорыі. Першая — пратакольныя падарункі ад замежных міністраў, прэзідэнтаў ды іншых чыноўнікаў. У другую катэгорыю адпраўляем падарункі ад беларускіх дыяспар і простых беларусаў.
Кучынскі тлумачыць акалічнасці пратакольнага абмену падарункамі: «У гэтай сферы ёсць свае правілы, яны адрозніваюцца ў кожнай краіне. Калі падчас замежнага візіту адбываецца абмен падарункамі, мы спачатку мусім дамовіцца пра гэта з прымаючым бокам. У дыпламатыі публічны абмен падарункамі адбываецца падчас дзяржаўных візітаў, і тады каманды дамаўляюцца, які гэта будзе падарунак.
Абмен падарункамі можа здзяйсняцца наўпрост паміж Ціханоўскай і замежным чыноўнікам або праз каманду ці службу пратаколу. Для кожнай краіны дарыць падарункі — вялікае палітычнае мастацтва. Падарунак выступае добрым піярам для таго, хто дорыць, але адначасова прэзент мусіць адпавядаць патрабаванням і жаданням прымаючага боку».
Часцей за ўсё, кажа Дзяніс, Ціханоўская атрымлівае ў падарунак кветкі, і падчас візітаў гэта вялізная праблема. Кветкі любяць ваду, і застаецца вялікае пытанне, што з імі рабіць у пералётах. Ты не можаш іх паўсюль перавозіць, асабліва калі часта змяняецца маршрут. У такіх выпадках Святлану лёс кветак вельмі турбуе.
З кветкамі, кажа Дзяніс, магчымыя і іншыя складанасці: у некаторых краінах ёсць этыкет наконт таго, што нельга дарыць, напрыклад, жоўтыя і белыя кветкі часам сімвалізуюць смерць. Добры ход — калі дораць букет у бел-чырвона-белых колерах. Часам такія кветкі ставяць на стол падчас сустрэчы, ствараюць антураж.
Але не ўсе кветкі, што дораць Ціханоўскай, жывыя. Кучынскі паказвае ўнікальны падарунак — гваздзіку з фальгі, прывезеную з Лісабона: «Гваздзіка — адзін з сімвалаў рэвалюцыі 1974 года, калі была разбураная дыктатура Салазара. Канкрэтна гэтую кветку падаравалі ў Museu Do Aljube, былой турме, дзе ў часы Салазара ўтрымлівалі шмат палітвязняў».
Акрамя кветак, пратакольныя падарункі — гэта часта ежа: напрыклад, печыва ад прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ці прэм’ера Канады Джасціна Трудо. Прадстаўнікі дыяспар часам дораць беларускія прысмакі накшталт журавінаў ці мясцовыя далікатэсы: калі сустрэча адбываецца ў Бельгіі ці Францыі, варыянт падарунка — мясцовыя сыры.
Быў яркі падарунак ад удавы прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавэла, Дагмар Гаўлавай: яна падарыла чырвонае сэрцайка са шкла, якое знаходзілася ў яго кабінеце. Мінулая спікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пелосі прэзентавала Ціханоўскай талерку з выявай фрэскі, якая знаходзіцца ў Капітоліі.
Увогуле, посуд і вазы — папулярны фармат падарунку: напрыклад, прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел падарыў вазу, якая цяпер стаіць у пражскім офісе Ціханоўскай. На думку Дзяніса, гэта адзін з найдаражэйшых пратакольных падарункаў, якія атрымлівала Ціханоўская, кошт вазы складае каля 100-200 даляраў.
Прэс-сакратарка Ціханоўскай Ганна Красуліна пацвярджае, што Святлана атрымлівае бюджэтныя падарункі: «Нічога дарагога накшталт гадзіннікаў ёй не дарылі і, здаецца, не прапаноўвалі. Дарагія падарункі ставяць чалавека ў няёмкую сітуацыю, а ў пратакольным этыкеце ўсё прадугледжана, каб так не зрабіць».
Добрым падарункам, расказвае Дзяніс, лічыцца кніга, асабліва калі яна прыгожая і з ілюстрацыямі: «Замежнікі часта дораць кнігі пра гісторыю сваёй краіны, нейкага будынка ці інстытута, бывалі кнігі па мастацтве. У парыжскай Оперы Гарнье купал распісаны Маркам Шагалам, і нам падарылі кнігу пра гэтую оперу. Журналісты ці сябры парламента часам дораць свае кнігі. Былы італьянскі дэпутат Джанні Вернеці падарыў сваю кнігу пра дысідэнтаў розных краін, там ёсць раздзел пра Святлану Ціханоўскую».
Часам пратакольныя падарункі — гэта прадметы адзення (шалік, пальчаткі) або канцылярскія тавары (ручкі, нататнікі). Бывае, на святы Ціханоўскай і яе камандзе дасылаюць падарункі: напрыклад, нарвежская амбасада ў Вільні дасылала на Раство каляндар.
Мэр Беластока падарыў Ціханоўскай карціну са старой выявай будынку, дзе цяпер месціцца яго адміністрацыя. Цікавы падарунак паднёс міністр замежных спраў Эстоніі — гэта была копія граматы Рады БНР аб прызнанні незалежнасці Эстоніі.
Ад падарункаў Ціханоўская не адмаўляецца. Калі дорыць чыноўнік высокага рангу накшталт міністра ці прэзідэнта, адмаўляцца нельга. Але ж у такой сітуацыі абмен падарункамі звычайна адпавядае пэўным правілам і не парушае нормы, таму і нічога непажаданага там не будзе. Адмовіцца ад падарунку — гэта значыць яшчэ і пакрыўдзіць чалавека, тлумачыць Ганна Красуліна.
«Калі некаму з офіса будуць прапаноўваць дарагі падарунак, трэба сказаць пра гэта кіраўніцтву»
Прадстаўнікі дыяспары не абмежаваныя пратаколам у выбары падарункаў, таму дораць менш фармальныя прэзенты. Перш за ўсё гэта рэчы, зробленыя сваімі рукамі, карціны свайго вырабу — напрыклад, партрэты Святланы ці Сяргея Ціханоўскага. Гэтыя падарункі вельмі пяшчотныя і кранальныя, але ж часам, калі дораць карціны, бывае складана перавозіць іх без адпаведнага тубуса.
Часам Ціханоўскай дораць нешта для дзяцей — напрыклад, заколкі для дачкі ці мяккія цацкі. Гэта вельмі прыемныя падарункі, кажа Красуліна: «Падчас паездак Святлана не паспявае зайсці ў краму ў новай краіне, і атрымліваецца, што мамы няма тыдзень-два, а потым яна прыязджае — і нават нічога не прывезла. Таму падарункі для дзяцей яе выручаюць».
З 31 мая 2021 года ўсе падарункі Святлане фіксуюцца: адзін з супрацоўнікаў офіса іх рэгіструе, запісвае, калі і ад каго атрыманы падарунак. Некаторыя з іх выстаўленыя ў холе офіса.
Ганна расказвае, што Ціханоўскай не даспадобы дарагія падарункі — маўляў, замест гэтага грошы можна было б перадаць палітвязням ці іх родным праз фонды, і сама Святлана так і робіць. Ёсць медыяхолдынгі, у якіх прынята плаціць ганарар за інтэрв’ю, і па іх унутраных правілах адмовіцца нельга. Напрыклад, такія правілы дзейнічаюць у «Аль-Джазіры». Красуліна давала ім рэквізіты фондаў, і яны туды пералічвалі ганарар Святланы.
Намаляваць партрэт — адна справа, так вы выражаеце стаўленне да чалавека. Але калі вы ідзяце і набываеце нешта, лепш пералічыць грошы ў фонды, кажа Ганна: «Хаця я ўпэўніваю Святлану, што калі кветкі яе цешаць, дапамагаюць адчуць стаўленне людзей да яе, гэта таксама важна і працуе на агульную справу. Практычна ўся яе праца пабудаваная на чалавечым кантакце, які вельмі залежыць ад псіхалагічнага стану. Каб гэта атрымлівалася добра, важна падтрымліваць пазітыў і баявы дух».
У 2020-м Ціханоўская прыехала ў Літву з адной валізкай, і беларусы Вільні дапамагалі ёй уладкавацца – і парадамі па гардэробе, і грашовымі данатамі, і канкрэтным адзеннем. Гэтае адзенне, кажа Красуліна, заўсёды бюджэтнае па коштах, ніякага футра няма і не было.
«Дарэчы, у нас ёсць дамоўленасць: калі некаму з офіса будуць прапаноўваць дарагі падарунак, трэба сказаць пра гэта кіраўніцтву. Напрыклад, мне прапаноўвалі вырашыць усе мае фінансавыя праблемы ў Еўропе ці забяспечыць вяртанне ў Беларусь і вырашыць усе праблемы там, я распавяла пра гэта сваім калегам. Відавочна, што такія прапановы маюць на ўвазе дзеянні ў адказ з твайго боку, і ніхто ў цвярозым розуме не паставіць сябе ў такія ўмовы.
Ціханоўская працуе не для падарункаў, а для таго, каб дабіцца галоўнай мэты. Пры гэтым людзі часта забываюць, што ў яе дома двое дзяцей, у яе муж у турме. Дзеці пытаюцца, што з татам, і гэта вельмі цяжка», — тлумачыць Красуліна.
Што да самой Ціханоўскай, яна звычайна дорыць рэчы, якія расказваюць пра Беларусь. Зручны варыянт падарунка — кніга, кажа Дзяніс Кучынскі: «Было некалькі выпадкаў, калі мы дарылі мастацкія кнігі беларускіх аўтараў, перакладзеныя на замежныя мовы, таксама дарылі кнігу «Я выходжу». Адным з падарункаў прэм’ер-міністарцы Італіі Джорджы Мелоні была кніжка Сашы Філіпенка, перакладзеная на італьянскую мову. Такія падарункі паказваюць сувязь паміж дзвюма краінамі, бо ёсць пераклад на мову краіны, і пасля такога падарунка прасцей завязаць размову пра пашырэнне стасункаў.
Мелоні ў адказ падарыла кнігу пра рэзідэнцыю італьянскага прэм’ер-міністра Палаца Кіджы. Таксама кнігу падарыў прэм’ер-міністр Харватыі, ёсць кніга з іспанскага музея Прада».
Дзяржаўную сімволіку, тлумачыць Кучынскі, звычайна не дораць. Але беларуская нацыянальная сімволіка — выключэнне, бо ў самой Беларусі яна забароненая. Часта, калі Ціханоўская кудысьці прыязджае, там няма бел-чырвона-белага сцяга, таму гэта трапны падарунак.
Папулярны прэзент — гэта БЧБ-бранзалеты і значкі, такія падарункі нефармальныя і не патрабуюць папярэдніх дамоўленасцей. Але, кажа Кучынскі, людзі ўсё роўна іх запамінаюць і потым прыходзяць на сустрэчы з нацыянальнай сімволікай. Добрыя і бюджэтныя падарункі — свечка з выявай Пагоні, творы беларускага мастацтва ў масавай вытворчасці.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЧытайце таксама:
Ціханоўская перадала былому прэм’еру Грэцыі архіўныя матэрыялы пра яго прадзеда-паўстанца 1863 года
Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм'ерам Канады Джасцінам Трудо
Каментары