Беларусь цалкам прыпыніць дзеянне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе
Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў унясенне ў Палату прадстаўнікоў законапраекта наконт прыпынення дзеяння Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ).
Раней Беларусь прыпыніла дзеянне ДЗУСЕ ў дачыненні да Польшчы і Чэхіі. Цяпер жа гаворка ідзе аб поўнай прыпыненні дамовы.
Да гэтага Дамова аб звычайных узброеных сілах у Еўропе была дэнансавана Расіяй. Таксама з яе выйшлі або прыпынілі дзеянне некаторыя іншыя ўдзельнікі, у тым ліку ЗША, Польшча.
«Праект закона прадугледжвае прыпыненне дзеяння ДЗУСЕ, але не азначае выхад Беларусі з яго і спыненне ажыццяўлення ва Узброеных сілах унутраных працэдур, звязаных з яго выкананнем».
Беларусь у поўным аб'ёме выконвае абавязацельствы па дамове, у тым ліку няўхільна прытрымліваецца ўстаноўленых гранічных узроўняў наяўнасці ўзбраенняў, вайсковай тэхнікі і асабістага складу Узброеных сіл», — дадалі ў прэс-службе Лукашэнкі.
Дамова аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ) была падпісана ў 1990 годзе 22 краінамі. Яна ўступіла ў сілу ў 1992 годзе. У аснове ДЗУСЕ была сістэма колькасных абмежаванняў на пяць асноўных катэгорый звычайных узбраенняў і тэхнікі ў звычайных узброеных сілах дзяржаў-удзельніц у раёне прымянення дагавора — баявыя танкі, баявыя браняваныя машыны, артылерыю, ударныя верталёты і баявыя самалёты.
Каментары