Хутка шакалад стане раскошай? Какава-бабы за год падаражалі ў пяць разоў
Прычынай «шакаладнага крызісу» стаў збег шэрагу абставін.
Дэфіцыт ураджаю какава-бабоў у гэтым годзе можа скласці 500 тысяч тон — гэта 10% сусветнага рынку. На біржы тона какава-бабоў цяпер каштуе $10 тысяч, хоць год назад яе прадавалі за $2 тысячы.
Еўрапейскія вытворцы шакаладу нясуць страты. У прычынах кратнага росту цэн на асноўны інгрэдыент шакаладу разбіралася «Медуза».
Кліматычныя змены
Першая прычына, на якую звяртаюць увагу аўтары, з'яўляецца змена кліматычных умоваў у Заходняй Афрыцы — адным з асноўных рэгіёнаў вытворчасці какава-бабоў, выкліканая феноменам Эль-Нінья, які пачаўся ў 2023 годзе і змяніў рэжым вятроў у Ціхім акіяне, а таксама глабальным пацяпленнем.
У выніку ў Заходняй Афрыцы ў мінулым годзе значна вырасла колькасць ападкаў і ўзрасла вільготнасць. Гэта паслужыла прычынай распаўсюджання шэрага захворванняў дрэваў і прывяло да наступнай іх высечкі. Па розных ацэнках, толькі ў Гане хваробамі было пашкоджана ад траціны да паловы дрэваў.
Па змену ападкам прыйшла засуха. Тэмпература сягала вышэй за 40 градусаў, што значна перавысіла аптымальныя для дрэваў 18-32 градусы.
Што акрамя клімату?
Дэфіцыту і росту коштаў спрыяюць і іншыя фактары. Пасадкі дрэваў какава ў Заходняй Афрыцы знаходзяцца на землях, якія ўтрымліваюць золата.
Незаконныя здабытчыкі вынішчаюць пасадкі дзеля пошуку гэтага металу. Толькі ў 2022 годзе па гэтай прычыне было страчана каля 20 тысяч гектараў. З-за праблем з золатаздабытчыкамі фермерам складана знайсці работнікаў.
На сітуацыю таксама ўплывае палітыка ўрадаў краін Заходняй Афрыкі. Закупка сыравіны ў фермераў адбываецца праз спецыяльнага рэгулятара, які вызначае цану.
Узамен ён бярэ на сябе абавязак сачыць за дабрабытам фермераў, фінансуючы новыя пасадкі, дапамагаючы абнаўляць старыя, пастаўляючы ўгнаенні і пестыцыды.
Але, па словах саміх фермераў, гэтая дапамога не адпавядае патрабаванням. Так, напрыклад, у Гане новымі пасадкамі была занята толькі дзясятая частка неабходных тэрыторый. А пастаўкі ўгнаенняў і сродкаў абароны раслін пастаянна затрымліваюцца.
Акрамя золатаздабытчыкаў, не меншыя страты фермерам Ганы наносяць кантрабандысты. Крымінальныя групоўкі незаконна вывозяць сыравіну ў суседні Кот-д'Івуар, дзе цэны на яе трохі большыя.
За мінулы год такім чынам з абароту краіны было выведзена 150 тысяч тон какава. Гэта вельмі сур'ёзная лічба. У гэтым сезоне прагназуецца агульны ўраджай памерам 650 тысяч тон.
У выніку даходы фермераў скарачаюцца, а мясцовыя заводы па перапрацоўцы сыравіны губляюць замовы. Некаторыя ўжо закрыліся.
На погляд экспертаў, галіна адчувае «хранічны недахоп інвестыцый» — наступства доўгатэрміновага перыяду нізкіх цэн. Гэта не дазваляе фермерам пашыраць пасадкі вось ужо шмат гадоў і абнаўляць інфраструктуру. Грошай не хапае нават на ўгнаенні і сродкі абароны ад шкоднікаў.
Сітуацыя ўскладняецца і праблемамі з пастаўкамі, частка з якіх ішла праз Чырвонае мора. Пасля атак еменскіх хусітаў вырас кошт фрахту.
Вытворцы шакаладу ў такіх умовах пераключыліся на пастаўкі з Эквадору і Інданезіі. Але магутнасцей гэтых краін не хапае, каб задаволіць попыт.
У выніку ф'ючарсы на пастаўкі какавы падаражэлі за два месяцы ўдвая. Яго ўжо называюць новым біткоінам. Какава каштуе цяпер больш за медзь. Біржы ўводзяць абмежаванні для інвестараў.
У выніку на рынку ўтварылася паніка. Акцыі самага буйнога ў свеце вытворцы шакаладу Barry Callebaut страцілі траціну свайго кошту. Кампанія вымушана скараціць 18% супрацоўнікаў.
Ужо цяпер кошт шакаладу ў ЗША вырас на 10%, а ў Вялікабрытаніі шакаладныя яйкі ў гэтым годзе былі на 50% даражэйшымі, чым у мінулым.
Эксперты прагназуюць яшчэ большы рост цэн. Пакуль іх атрымлівалася стрымліваць за кошт запасаў. Да сярэдзіны вясны яны скончацца.
Пры гэтым «глабальны шакаладны крызіс» зацягнецца. Па даных Еўрапейскай асацыяцыі какава, дэфіцыт захаваецца на перыяд ад аднаго да трох гадоў.
Чытайце яшчэ:
-
Ва Украіне раскрытыкавалі прэзідэнта МАК за сустрэчу з Ксеніяй Санковіч
-
«Найгоршы сцэнар для Расіі». Саудаўскі прынц адмовіўся ехаць да Пуціна на саміт БРІКС і прыгразіў абваліць нафту да $50
-
Француза асудзілі ў Расіі да 3 гадоў калоніі. Калісьці ён даваў інтэрв'ю «Нашай Ніве» і сустракаўся з Васкрасенскім
Каментары