Беларуска-ўкраінскі футбаліст Арцём Мілеўскі ў падкасце «Формула Валошына» шчыра расказаў пра лячэнне ад алкагалізму.
Арцём Мілеўскі згадвае, што пад час прагляду гульні «Рэал» (Мадрыд) — «Уніён» (Берлін) Лігі чэмпіёнаў у верасні мінулага года ён паабяцаў свайму сябру ў выпадку перамогі «Рэалу» легчы ў бальніцу «пракапацца».
«Рэал» выйграў і Мілеўскі паехаў у бальніцу. Як згадвае футбаліст, пад кропельніцай ён заснуў. І прачнуўся толькі праз шэсць дзён. «Я думаў, што мне далі снатворнае і я праспаў, можа, 20-24 гадзіны. Але я прачнуўся ўвесь у правадах. Як потым патлумачылі, я быў у штучнай коме».
Перавод у такі стан дактары пазней патлумачылі тым, што кропельніцы Мілеўскаму не дапамаглі б. Але такі крок быў вялікай рызыкай. Дактары сказалі, што яму вельмі пашчасціла, бо мала хто са штучнай комы выходзіць.
Па словах Мілеўскага, да такога стану яго давёў алкаголь. З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў яго пачалася дэпрэсія, якая з кожным месяцам расла. І ён усё больш піў:
«Я быў адзін. Усе займаліся сваімі справамі. Было цяжка, але нейкі працэнт алкаголю мяне ратаваў. Я выпіваў пэўную дозу і забываўся аб вайне. Грам 300 рому ці віскі ў дзень. Гэта працягвалася месяцамі <…> Гэта ўсё назапашвалася, і медыкі своечасова ўмяшаліся».
Пасля выхаду з комы, згадвае Мілеўскі, ён яшчэ прабыў каля месяца ў бальніцы. Сяброўка параіла добрых псіхолагаў у рэабілітацыйным цэнтры, дзе Мілеўскі прабыў амаль месяц.
«Там добрыя спецыялісты. Кожны дзень прыходзілі і размаўлялі псіхолагі. Кожны дзень падводзіўся вынік дня, калі мы збіраліся са спецыялістамі ў вялікай залі. Прытрымліваліся парадку дня. У 7 гадзін быў пад'ём, у 8 — сняданак. Днём можна было адпачыць. А так увесь час былі ці працэдуры, ці спецыяльныя заняткі.
І там я быў з хлопцамі, у якіх вельмі складаныя гісторыі <…> Людзі, якія паступалі… Я на іх глядзеў, і а***ваў, думаў: «Няўжо я сюды такім прыехаў?» — згадвае мужчына і сцвярджае, што цяпер не ўжывае алкаголю.
Мілеўскі таксама адзначыў, што яго лячэнне аплаціў прэзідэнт кіеўскага «Дынама» Ігар Суркіс.
Чытайце яшчэ:
«Яму паступалі прапановы з «Ліверпуля», Партугаліі». Як Мілеўскі змарнаваў сваю кар'еру
Каментары