У гарвыканкаме паведамілі, што «намячаюцца рамонтна-аднаўленчыя работы у касцёле».
У Фрунзенскім раёне Мінска завяршылася грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі рэканструкцыі каталіцкага храма, пахавальняў і брамы на Кальварыйскіх могілках. Абмеркаванне, якое праходзіла 5-19 лютага, скончылася 10 дзён таму, але яго вынікі пакуль не прадстаўлены, паведамляе katolik.life.
Раней адміністрацыя раёна паведамляла, што пратакол падвядзення вынікаў грамадскага абмеркавання, заўвагі і прапановы яго ўдзельнікаў будуць размешчаны на адпаведнай старонцы сайта. Вядома, што свае заўвагі і прапановы адносна праекта выказвалі як мінімум у парафіі Узвышэння Святога Крыжа, з якім праект папярэдне не ўзгаднялі.
У той жа час інфармагенцтва Мінгарвыканкама ў публікацыі ад 24 лютага паведаміла пра тое, што «намячаюцца рамонтна-аднаўленчыя работы ў касцёле і іншых збудаваннях на Кальварыйскіх могілках».
Нагадаем, у выпадку прыняцця канцэпцыі работы павінны пачацца ўжо ў 2024 годзе.
Каментары