Удзельнікі зʼезду дэпутатаў у Прыднястроўі, які праходзіць сёння, прынялі рэзалюцыі са зваротам да Дзярждумы і Савету федэрацыі. Яны просяць Расію аб дапамозе з-за эканамічнай блакады з боку Малдовы.
У рэзалюцыі прыднястроўскія дэлегаты просяць расійскія ўлады ўлічыць факт «пастаяннага пражывання на тэрыторыі Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі больш за 220 тыс. грамадзян Расіі і ўнікальнага станоўчага вопыту расійскай міратворчасці на Днястры, а таксама статусу гаранта і пасярэдніка ў перагаворным працэсе».
Акрамя таго, у рэзалюцыі зʼезду ёсць звароты ў адрас генеральнага сакратара ААН, СНД, Еўрапарламента, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і іншых арганізацый з просьбай не дапусціць далейшую эскалацыю канфлікту ў адносінах паміж Кішынёвам і Ціраспалем.
Напярэдадні зʼезду зʼявілася інфармацыя, што паводле яго вынікаў будзе накіраваны зварот, з просьбай прыняць непрызнаную рэспубліку ў склад Расіі.
Каментары