Некаторыя краіны ЕС і НАТА разглядаюць магчымасць накіраваць сваіх салдат ва Украіну — прэм'ер Славакіі
Прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіца заявіў, што некаторыя краіны Еўрасаюза і НАТА разглядаюць магчымасць накіраваць сваіх вайскоўцаў ва Украіну. Як адзначыў кіраўнік славацкага ўрада, гэта вынікае з матэрыялаў, якія дзяржаўныя лідары атрымалі перад канферэнцыяй у Парыжы, прысвечанай дапамозе Украіне.
Роберт Фіца, вядомы сваёй дастаткова прыязным у параўнанні з большасцю еўрапейскіх лідараў стаўленнем да рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, патлумачыў, што гаворка ідзе пра магчымую адпраўку войскаў на падставе двухбаковых пагадненняў, якія краіны-сяброўкі НАТА і ЕС падпішуць з Украінай. Якія задачы замежныя вайскоўцы будуць выконваць ва Украіне, ён не сказаў.
«Стратэгія Захаду ва Украіне правалілася. Але я хачу быць канструктыўна падрыхтаваны нягледзячы на тое, што ад тых тэм, пра якія мы гаварылі, ідзе мароз па скуры. З гэтых тэзісаў вынікае, што група краін НАТА і ЕС абдумваюць, што на базе двухбаковых пагадненняў адправяць ва Украіну сваіх вайскоўцаў», — лічыць Фіца.
«Мы не можам перашкодзіць асобным краінам Еўрасаюза і НАТА заключаць такія пагадненні. Аднак гэта не дасягне чаканай мэты ціску на расійскую адміністрацыю і саступак. Наадварот, на наш погляд, такое рашэнне прывядзе да велізарнай эскалацыі напружання», — дадаў ён.
Перад пачаткам канферэнцыі ў Парыжы кіраўнік славацкага ўрада склікаў пасяджэнне нацыянальнай Рады бяспекі, пасля чаго запэўніў, што Славакія не будзе накіроўваць вайскоўцаў ва Украіну. Ён паўтарыў, што, на яго думку, вайна ва Украіне не мае ваеннага рашэння. Славацкі прэм'ер, аднак, заявіў, што ягоны ўрад захавае грамадзянскую і гуманітарную дапамогу Кіеву.
Каментары