Лукашэнка: Мы павінны быць гатовыя да вайны і ментальна, і стратэгічна
За пяць дзён да выбараў Аляксандр Лукашэнка правёў «пашыраную нараду па бяспецы», на якой накручваў грамадства пагрозай Трэцяй сусветнай вайны і абвінаваціў апазіцыю ў супрацы з Захадам.
«У бліжэйшы час пройдуць найважнейшыя для краіны мерапрыемствы: адзіны дзень галасавання, фарміраванне УНС. Нас зноўку паспрабуюць расхістаць. Гэта відавочна. Схема не зменіцца. Але мы павінны быць гатовы да таго, што яны прыдумаюць новыя трыгеры для дэстабілізацыі грамадства», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго, праціўнікі дыктатуры разглядаюць тры асноўныя сцэнары.
Першы, змену ўлады ў Беларусі падчас выбараў 2024 года, ён назваў малаімаверным.
Другім ён лічыць змену ўлады падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2025 годзе.
Трэцім сцэнарыем ён назваў гульню ў доўгую з шырокім наборам інструментаў мяккай сілы на выпадак правалу першых двух варыянтаў развіцця падзей.
Лукашэнка лічыць, што менавіта трэці сцэнарый можа быць рэальна задзейнічаны, бо першых двух сцэнарыяў у Беларусі не дапусцяць.
«Так, сёння асобныя інструменты гэтай мяккай сілы нейтралізаваныя. Мы кардынальна перагледзелі падыходы да дзейнасці антыбеларускіх фондаў і нібыта праваабарончых арганізацый унутры Беларусі. Правялі перарэгістрацыю партый. Людзі ўбачылі антынацыянальную сутнасць так званых лідараў апазіцыі, якія жабруюць у заходніх сталіцах. У Беларусі яны па-за законам», — сказаў Лукашэнка.
Што тычыцца глабальных гульцоў на палітычнай арэне, там стаўкі вышэйшыя, лічыць Лукашэнка. «Гегемону надакучыла ламаць зубы аб Беларусь, якую нават не кожны амерыканец знойдзе на карце свету», — сказаў ён.
Лукашэнка гаворыць, што ў яго ёсць усё неабходнае, каб абараніць сябе і нанесці праціўніку непрымальную шкоду.
Ён распавёў, што ў строй пастаўленыя найноўшыя ўзоры беларускай РСЗА «Паланэз-М» далёкасцю да 300 км, на ўзбраенне паступілі 2 зенітных ракетных дывізіёна С-400 і 2 дывізіёна ракетных комплексаў «Іскандэр-М». На тэрыторыі краіны размешчана тактычная ядзерная зброя.
«Сёння гэта найважнейшы элемент стрымлівання любога праціўніка», — сказаў Лукашэнка.
«І давайце шчыра: што датычыць беспілотнай авіяцыі, дронаў-камікадзэ, маштабнага забеспячэння імі войска, падрыхтоўкі аператараў дронаў мы ўжо адстаём», — прызнаў Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што толькі шматпалярны свет здольны ўсталяваць раўнавагу і забяспечыць бяспеку на ўсіх кантынентах.
Пад «шматпалярным светам» расейская і лукашэнкаўская прапаганда маюць на ўвазе рост уплыву Расеі і Кітая і памяншэнне ўплыву краін еўраатлантычнага блока.
«Пераход да яго вельмі стрэсавы і драматычны. А па-іншаму і не можа быць», — сказаў Лукашэнка, намёкам апраўдваючы вайну ва Украіне.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка ў характэрнай для сябе непрамой манеры заявіў пра нежаданне ўключацца ў прамыя ваенныя дзеянні ва Украіне, уклаўшы гэтую думку ў вусны нібыта натаўскага генерала: «У нас на руках закрытая інфармацыя. Мы дакладна ведаем, што думае з гэтай нагоды начальнік Генеральнага штаба адной з краін-членаў НАТА: «Мы не змаглі ўцягнуць Беларусь у канфлікт. Актыўны ўдзел Мінска ў вайне падарваў бы рэжым у Беларусі і Аляксандра Лукашэнку. Гэтая магчымасць усё яшчэ адкрытая».
«Нам вайна не патрэбная, таму мы павінны быць да яе гатовыя і ментальна, і стратэгічна. Што тычыцца ўсведамлення сур'ёзнасці моманту. Адкінем усе ілюзіі аб магчымасці дыпламатычнага ўрэгулявання глабальнага канфлікту. Не ў сілах зняць напружанне і міжнароднае права», — дадаў Лукашэнка.
Каментары